У Даўгаўпілсе цёплыя словы ў адрас сваіх блізкіх дзеці гаварылі па-беларуску

Кветкі для матулі

Самае дарагое слова ў жыцці дзіцяці і дарослага, самае душэўнае, добрае і роднае: мама. Калі мы прыходзім у гэты свет, то, пэўна, само  Неба дае нам такога пяшчотнага і ласкавага аберагальніка-абаронцу, як мама. Пра тое мы, настаўніцы беларускай школы “Вясёлка” Людміла Сінякова і Галіна Сантоцкая, гаварылі на святочных занятках у Цэнтры беларускай культуры Даўгаўпілса. Школа, нагадаю, працуе пры суполцы “Уздым”, і на гэты раз на заняткі былі запрошаны мамы і бабулі дзяцей, а таксама ўдзельніцы гурта “Купалінка”.

Блізкім людзям добра разам. Фота: Жанна Раманоўская
Блізкім людзям добра разам. Фота: Жанна Раманоўская

Разам з супрацоўніцай Латгальскай рэгіянальнай бібліятэкі Алінай Ясько нашы вучні выконвалі практычнае заданне: сваімі рукамі рабілі падарунак-кветку. І дарослыя з задавальненнем падключыліся. А потым былі віншаванні з Днём маці (яно адзначаецца ў Латвіі ўвесну), якія ўпрыгожваліся ўласнаручна, а часам і сумесна вырабленымі кветачкамі. Цёплыя словы для мамаў і бабуль гучалі на беларускай мове. Чаму па-беларуску? Бо ў кожнага выхаванца школы ёсць беларускія родавыя карані: па сутнасці, гэта даўняя, спрадвечная мова іх роду Пра гэта распавядалі, дарэчы, ужо самі іх мамы і бабулі. Яны ўспаміналі песні сваёй маладосці, чыталі вершы на беларускай мове са свайго дзяцінства, танцавалі разам з дочкамі ды ўнучкамі беларускую “Лявоніху”. А потым спявалі ўсе разам беларускія народныя песні. Дзеці ж яшчэ ўспаміналі, як называюцца па-беларуску іхнія любімыя пачастункі ад бабуль. А самі бабулі ды матулі дзяліліся рэцэптамі любімых страў.

Cа святам усіх, хто сабраўся, павіншаваў член Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслаў Валодзька. Ён чытаў свае вершы-прысвячэнні жанчынам, падараваў выхаванцам школы новую песню на яго верш і салодкі прыз. Які, дарэчы, быў вельмі да месца пад час вялікага супольнага чаявання.

Людміла Сінякова, намесніца старшыні таварыства “Уздым”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter