Дзень Расіі святкавалі ў Тальяці з беларускімі песнямі ды рускімі танцамі

“Купалінка” і “Лицей”

Дзень Расіі святкавалі ў Тальяці з беларускімі песнямі ды рускімі танцамі

Мне падабаюцца вядомыя радкі паэта Самуіла Маршака: “Мы знаем: время растяжимо./ Оно зависит от того,/ Какого рода содержимым/ Вы наполняете его…”. Для нас, беларусаў Тальяці, кожны новы месяц напоўнены цікавымі творчымі праектамі: выступленні, канцэрты, удзел у святочных імпрэзах… І, вядома ж, хто працуе — таму і ўзнагароды прыйдуць, і грамадскае прызнанне. Мне ж вельмі прыемна было атрымаць на пачатку месяца Ганаровы знак мэра “За заслугі перад гарадской акругай Тальяці”. Чым “напоўнена” ўзнагарода? За ёй — 10 гадоў напружанай працы: мы зберагаем, пашыраем, перадаем маладым беларускія традыцыі, далучаем тысячы людзей да гісторыі, культуры, абрадаў сваіх супляменнікаў. Суполка — у пастаянным развіцці, у многіх гарадскіх, абласных і міжнародных імпрэзах удзельнічаюць творчыя гурты “Купалiнка” і “Зорачкi”. Вось і маем вынік: пасеянае дае добры ўраджай.


І Дзень Расіі супляменнікі з Тальяці адзначаюць з беларускай сімволікай

Цяпер у маладых удзельніц гурта беларускай песні “Купалiнка” — пара экзаменаў у каледжах, іх паспяхова здаюць Аліна Паўлава і Вераніка Нікуліна. А самыя юныя ўдзельніцы гурта “Зорачкi” Марыя Шылкіна і Валерыя Пыціна адсвяткавалі свой першы выпускны: у дзіцячым садзе . Марыя пойдзе далей у гімназію і музычную школу, і яе сяброўка рыхтуе школьны ранец.

Пры ўсёй летняй настроенасці на адпачынак мы — у выдатнай творчай форме. І 12 чэрвеня, калі адзначаўся Дзень Расіі, удзельнічалі ў шматнацыянальнай канцэртнай праграме “Россия — родина моя”.  На пляцоўку ў Аўтазаводскім раёне, дзе выступалі гурты нацыянальна-культурных цэнтраў, прыйшло шмат людзей. Гучалі вершы пра Расію, выступала наша “Купалiнка”, як кажуць, у абноўленым фармаце. І песні ў нас новыя, саліравалі ж са мною разам Аліна Паўлава і Вераніка Нікуліна. Для такога складу ансамбля гэта ўжо трэцяе канцэртнае выступленне ў Парку Перамогі. Мы яшчэ выступалі на святочных канцэртах у Дзень абароны дзяцей і на Дні горада.

“Россия — родина моя”...  Так могуць сказаць мільёны людзей розных нацыянальнасцяў. Так гаворым і мы, беларусы Паволжа, бо нашы дзеці, унукі тут нарадзіліся. Увогуле ва ўсім свеце анідзе, бадай, няма такога, каб у краіне жылі людзі адной нацыянальнасці. Значыць, усім трэба вучыцца жыць з любоўю да свайго ды з павагаю да чужога. Дарэчы, і вядомы рускі паэт, з радкоў якога я пачала допіс — яўрэй па нацыянальнасці. А ёсць у яго родавыя карані ў Беларусі — пра тое была публікацыя “Карані роду Самуіла Маршака” ў газеце “Голас Радзімы” (9.08.2012). Мяркую, яркім пацвярджэннем таго, што менавіта беларусы ўмеюць гарманічна развівацца ў цяперашняй шматмоўнай культурнай плыні, можа быць нядаўні поспех беларускіх настаўнікаў рускай мовы на конкурсе ў Маскве. На Міжнародным Пушкінскім конкурсе настаўнікаў-русістаў, вынікі якога нядаўна падвялі, лаўрэатамі сталі ажно шэсць прадстаўнікоў Беларусі. Гэта, як пішуць журналісты, найлепшы вынік сярод удзельнікаў, бо напрыклад, з Казахстана ці Грузіі — па пяць пераможцаў, з Украіны — чатыры, з Узбекістана — тры. Гэта яскравы “меседж”, як цяпер кажуць, тым расійскім палітыкам, якія спрабуюць убіць клін паміж нашымі народамі: маўляў, Беларусь арыентуецца цяпер толькі на Захад. Мы гаворым на адной мове — што можа лепш сімвалізаваць нашае моцнае сяброўства! Пры тым, аднак, варта памятаць: і родную беларускую мову, культуру мы гатовы бараніць ад “размывання”, “выціскання” на задворкі жыцця з той жа рашучасцю, як і адстойваць незалежнасць Бацькаўшчыны. Бо, як вядома, гэта рэчы — узаемазвязаныя.

Вось таму, дарэчы, мы вельмі цэнім рознага роду кантакты з Беларуссю: яны заўсёды даюць новы зарад энергіі для дзейнасці. На бліжэйшы час у “Нёмана” шмат цікавых планаў. Сярод іх — рэпетыцыі па вакале, харэаграфіі, сцэнічнай мове: імкнемся ўдасканальваць майстэрства. А ў ліпені паедзем у Беларусь: сябры і партнёры з Ваўкавыска запрасілі на святкаванне 1010-годдзя горада. Прычым акрамя “Купалінкі” збіраюцца ў цікавую вандроўку ўдзельнікі гурта “Зорачкi”, упершыню едзе з намі і харэаграфічны гурт “Лицей” з ліцэя мастацтваў. І гэта здорава, што даўняе сяброўства творчых беларускіх гуртоў суполкі з ліцэем мастацтваў урэшце перарасло ў творчы саюз. Мяркую, ён таксама вельмі сімвалічны! Бо калі гучаць беларускія народныя песні з удзелам, з падтрымкай расійскага харэаграфічнага ансамбля — гэта пры добрай рэжысуры можа стаць тэатралізаваным прадстаўленнем.

Людміла Дзёміна, старшыня праўлення суполкі “Нёман”, г. Тальяці
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter