Кроль паміж Еўропай і Азіяй: як мінчане пакаралі праліў Басфор

Кроль паміж Еўропай і Азіяй

Якой адвагай трэба валодаць, каб зайсці ў адкрытае мора і пераплысці праліў паміж Еўропай і Малой Азіяй?! Здаецца, на гэта здольныя толькі неверагодныя смельчакі… У мінулую нядзелю 34 беларусы склалі кампанію ў заплыве праз Басфор яшчэ 2,5 тысячы чалавек з усяго свету. Карэспандэнт «Рспублікі» звязалася з імі і даведалася пра ўсе падрабязнасці.

Купіць слоты на заплыў праз Басфор было вельмі цяжка: іх разабралі як гарачыя піражкі. Таму мінская каманда, якая ўсё ж такі трапіла туды, назвала сваю групу «Шчасліўчыкамі»
Фота з архіва герояў матэрыяла

На сувязі Стамбул. Каманда школы плавання iswimming.by — 14 яе навучэнцаў самых розных прафесій — пакарылі Басфор. Яны стаміліся, але шчаслівыя. Першым з намі на сувязь выйшаў сузаснавальнік школы Аляксандр Базулька. Хоць сам ён і прафесійны спартсмен — майстар спорту па лёгкай атлетыцы ў бегу на 800 метраў, але плаваннем ніколі не займаўся. Паўгода таму, калі стварылі курс па падрыхтоўцы да Басфора, ён разам з іншымі пачаў вучыцца. І вось вынік: зараз ён міжкантынентальны плывец! Справіўся за 1 гадзіну 18 хвілін. 

— Мне цяжка давалася плаванне, таму што я бягун. Аднак праца і ўпартасць, як і ў любой іншай справе, даць свае вынікі, — стомлены пасля доўгай і цяжкай воднай «прагулкі» расказвае Аляксандр. 

Заплыў цераз Басфор — адзін з самых яркіх момантаў у жыцці, пацвярджаюць плыўцы

Паўгода падрыхтоўкі — навучанне кролем у поўнай каардынацыі, брасам, на спіне… Усё гэта было важна, таму што заплыў, сам Басфор — гэта латарэя. Якімі будуць плыні, умовы і сітуацыі — ніхто не ведае. Каб адкрытая вада не стала шокам, рыхтаваліся да заплыву і на Мінскім моры.

У Стамбул каманда прыехала яшчэ ў чацвер. У нядзелю раніцай адправіліся ў зону старту. Усім выдалі спецыяльныя чыпы, якія прысцёгваюцца на нагу — яны счытваюць на фінішы вынік, а таксама спецыяльныя шапачкі трох колераў: аранжавыя для маладых, фіялетавыя для старэйшых, шэрыя для людзей з інваліднасцю.

— Караблі даставілі нас да зоны, з якой пачынаўся старт — 6,5 кіламетра ўверх. А фініш — гэта месца, ад якога мы адплывалі на суднах. З сабой нічога браць нельга было: ніякіх завушніц, гадзіннікаў. Нават ногці правяралі — ці кароткія. Калі стартуе шмат плыўцоў, важна адзін аднаго не параніць, — тлумачыць Аляксандр Базулька.

Калі прыбылі да месца заходу ў ваду, арганізатары заплыву прышвартавалі спецыяльны пантон, з якога ўдзельнікі спускаліся. 

— Галоўнае для плыўца — прытрымлівацца плыні. А як зразумець? Па змене тэмпературы. Арганізатары перад заплывам праводзілі экскурсію на караблі і расказвалі, як адчуць змену плыні. Гэта сапраўды вельмі важна на Басфоры, — Аляксандр неаднаразова робіць на гэтым акцэнт. — Важна пастаянна арыентавацца ў вадзе і падымаць галаву, глядзець, куды плывём, інакш накруцім кіламетры, пераплывём фініш.

Каманда iswimming.by рыхтавалася да заплыву сур'ёзна, загадзя вызначыўшы арыенціры. Спачатку плылі да першага вялікага моста — сярэдзіны Басфора, затым трэба было мяняць траекторыю — старацца трымацца прама і шукаць халодную плынь. Гэта вельмі складана. Аляксандр нават не адразу адчуў, што знайшоў яе. Наступным арыенцірам быў сцяг — ужо на шляху да яго трэба было прытрымлівацца мыса і не патрапіць у зваротную плынь. Пасля сцяга арыентаваліся на правады, што над морам, затым — на ваеннае вучылішча і востраў Галатасарай.

— Было нялёгка. Калі б не стратэгія, я б не ўбачыў хутка фінішныя жоўтыя шары, — Аляксандр успамінае, што з ім адбылося нейкіх пару гадзін таму. — Усе нашы хлопцы і дзяўчаты цэлыя і здаровыя. Ганаруся кожным! Так, хтосьці загадзя пачаў фінішаваць, і гэта сыграла злы жарт: зваротная плынь іх пачала адносіць. Але ў цэлым усе ўклаліся ў пэўны час. Сапраўды, усе малайцы! Для чалавека такая прыгода — сапраўднае пераадоленне сябе, сваіх страхаў. Пры гэтым  — прыгожы ўспамін і цікавы радок у біяграфіі. Але Басфор — гэта наш пачатак. Наперадзе яшчэ шмат заплываў.

Пакарыла Басфор і Святлана Карасцялёва, дырэктар кадравага агенцтва. Ёй 55 гадоў. Пэўны час таму яна важыла на 67 кілаграмаў больш! Але, паставіўшы сабе мэту змяніць жыццё, яна дамаглася таго, што стала такой, якой хацела быць. А яшчэ навучылася плаваць і ў гэтым годзе паўтарыла ўцёкі з замка Iф у заплыве ў Марсэлі, а таксама пераплыла Басфор:

— За 2 гадзіны 18 хвілін! Я абсалютна шчаслівая. Пачала рыхтавацца ў кастрычніку мінулага года, доўга шукала каманду. У мяне было некалькі трэнераў, якія вельмі мне дапамаглі. Маёй мэтай было выйсці з асабістых перажыванняў і праблем. На Басфоры мне прыйшлося рабіць тры кругі, каб трапіць у правільную плынь, а не зваротную. Калі была на фінішы, адчула, напэўна, тое, што адчуваюць чэмпіёны, — неверагодныя эмоцыі. Гэта не забудзецца ніколі!

Іван Бяганскі, кіраўнік праекта ў кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка «Вялікі камень», да заплыву пачаў рыхтавацца ў жніўні мінулага года. Рэгулярныя трэніроўкі 2—3 разы на тыдзень, і ўсё атрымалася. Раней займаўся рознымі відамі спорту: ад баскетбола да тайскага бокса, апошнія тры гады — бегам.

— Страшна было на Басфоры? Так, як і перад любым іншым стартам на марафоне або паўмарафоне. Але ўсё прайшло добра: праплыў за 1 гадзіну 29 хвілін. Мог раней, калі б крыху не збіўся з маршруту. У цэлым вельмі задаволены, эмоцыі зашкальваюць. Як аказалася, Басфор не такі страшны, як многія думаюць. Марафоны бегчы складаней! Зараз перадыхну і буду рыхтавацца: наперадзе мінскі паўмарафон, а затым і маскоўскі марафон. У 2019 годзе паспрабую сябе ў трыятлоне.

kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter