Колас і сын у колеры

Адноўлены каляровы фотаздымак Якуба Коласа з сынам, зроблены за месяц да смерці паэта У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў падчас пераводу ў лічбавы фармат фотаматэрыялаў упершыню змаглі ўзнавіць адны з першых каляровых фотаздымкаў на Беларусі. Шмат гадоў ніхто не браў у рукі канверты з унікальнымі фотасведчанннямі 1950-х гадоў. Пасля вайны, па словах галоўнага архівіста БДАКФФД Генадзя Дубатоўкі, каляровая фотаплёнка, якой карысталіся нашы фатографы, была або рэквізавана ў Германіі, альбо зроблена паводле нямецкага ўзору. У Беларусі на той час не было каляровых газет і часопісаў, але каляровыя здымкі маглі выкарыстоўвацца для стварэння плакатаў, а таксама ва ўсесаюзным друку. Пазней надрукаваць з каляровых негатываў 1950-х гадоў паўнаколернае фота стала немагчыма, бо была страчана тэхналогія.

 Памер сучаснай фотаплёнкі іншы, вельмі цяжка таксама падабраць адпаведныя хімічныя растворы, а патрэбнай фотапаперы і наогул няма. Таму ўбачыць фотадакументы пяцідзесяцігадовай даўнасці ў іх першапачатковым поўнакаляровым выглядзе мы змаглі толькі з прыходам новых тэхналогій. Найбольш раннія каляровыя фотаздымкі, узноўленыя з дапамогай камп`ютэра,  адносяцца да 1952 года, і на старонках "Народнай газеты" мы абавязкова яшчэ звернемся да іх гісторыі. Сёння ж мы даследуем гісторыю апошняга фота Якуба Коласа з сынам.

У архіве падказалі год стварэння гэтай фатаграфіі — 1956-ы і аўтара — "Е.Ряпасова". Яўген Рапасаў — фотакарэспандэнт газеты "Труд" (па іншых звестках, працаваў таксама ў "Литературной газете"), здымаў многіх вядомых беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку Петруся Броўку, Міхася Лынькова, Максіма Танка, Івана Шамякіна падчас наведвання імі Масквы ў 1954—1959 гадах. Каб даведацца падрабязнасці пра здымак Коласа з сынам Данілам, я звярнулася да галоўнага захавальніка фондаў літаратурнага музея Якуба Коласа Антаніны Гарон. Па тэлефоне спецыяліст сказала, што падобны чорна-белы фотаздымак — Якуб Колас сядзіць на канапе побач з сынам — ёсць і ў музеі. Ён таксама мае цікавую гісторыю: сам Колас зрабіў пад фота іранічны подпіс  "Даніла і Чэрчыль". Пад старасць паэт сапраўды стаў падобны фігурай да вядомага англійскага прэм`ера. Аднак пры сустрэчы з Антанінай Міхайлаўнай высветлілася, што канапа на музейным фота не тая,  ды і год ранейшы — 1949-ы. Але на здымку з архіва і Якуб Колас, і яго сын Даніла Канстанцінавіч выглядаюць маладзейшымі, чым на больш ранняй чорна-белай фотакартцы. Як гэта разумець? Пачалі шукаць фатаграфіі за аўтарствам Яўгена Рапасава. Іх у музеі знайшлося больш за сотню, праўда, чорна-белых. І вось — практычна аднолькавыя з "архіўным" фотаздымкі, датаваныя ліпенем 1956 года, гасцініца "Масква". Як успамінае малодшы сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч, пісьменнік заўсёды спыняўся ў гасцініцы "Масква" як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР. Менавіта ў гэтым будынку трагічна скончылася жыццё другога славутага беларускага паэта — Янкі Купалы. 11—16 ліпеня 1956 года ў Маскве праходзіла пятая сесія Вярхоўнага Савета СССР, у якой Якуб Колас, вядома, прымаў удзел як дэпутат. (Усяго праз месяц, 13 жніўня, голас песняра Беларусі змоўк назаўжды.)
Чаму "памаладзелі" твары?
Такім чынам, вызначылася месца фотасесіі — галоўная гасцініца савецкай краіны побач з Домам урада. Падчас ліпеньскай сесіі Вярхоўнага Савета СССР таго года (а Якуб Колас прысутнічаў і на славутым XX з`ездзе КПСС, з якога пачалася ўсім вядомая "адліга"), прымаліся вельмі лёсавызначальныя для многіх рашэнні. Менавіта тады былі прыняты такія акты, як закон аб дзяржаўных пенсіях, закон аб унясенні змяненняў у арт. 121 Канстытуцыі СССР (аб увядзенні бясплатнай адукацыі). Узгадаем таксама артыкул 2 Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 16 ліпеня 1956 года "Аб зняцці абмежаванняў па спецперасяленні чачэнцаў, інгушаў, карачаеўцаў і членаў іх сем`яў, выселеных у перыяд Вялікай Айчыннай вайны". Уявіце час, вялічыню змен у грамадскім і палітычным жыцці. Магчыма, гэтым тлумачыцца нібы памаладзелы выгляд твараў Якуба Коласа і Данілы Канстанцінавіча.
Некалькі словаў пра адзенне людзей на фотаздымку. Па словах малодшага сына паэта, Колас апранаўся вельмі проста, за модай ніколі не ганяўся. Купіць адзенне ў краме ў пасляваенныя гады гады было амаль немагчыма, ды народны паэт сам ніколі і не хадзіў па магазінах. Як дэпутат, ён меў магчымасць апранацца ў швейнай майстэрні Савета Міністраў БССР. Колеры на ўзноўленай фотакартцы крыху не адпавядаюць рэчаіснасці — напэўна, фотакарэкцыя пры рэстаўрацыі здымка была не зусім дакладнай. Па словах Антаніны Гарон, не мог Колас апрануць блакітную ці салатавую сарочку, як і Даніла Канстанцінавіч — абуць дзіўныя блакітныя туфлі. На самай справе, хутчэй за ўсё, рэчы былі белыя.
Бацька і сын
У Коласа было тры сыны. Старэйшы, Даніла, нарадзіўся ў 1914 годзе. Сярэдні, Юрка, нарадзіўся ў 1917 годзе і загінуў як салдат Чырвонай Арміі ў першыя месяцы вайны. Трэці  — Міхась — на дванаццаць год маладзейшы за Данілу, стаў доктарам тэхнічных навук. Малодшы сын паэта падзяліўся з карэспандэнтам "Народнай газеты" ўспамінамі пра брата і бацьку:
— Даніла Канстанцінавіч, як старэйшы сын, дапамагаў вырашаць шматлікія бытавыя пытанні і часта суправаджаў ужо немаладога бацьку падчас яго паездак. Колас пасля вайны вельмі хварэў, з 1946 па 1956 год яму давялося перажыць аж дваццаць шэсць запаленняў лёгкіх. Мог прайсці метраў сто і вельмі стаміцца. Магчыма, ад курэння ў бацькі быў парушаны прыток крыві да ног, і яны наліваліся свінцом. Ціск падымаўся да 240, яму ставілі п`яўкі. Тым не менш і ў апошнія месяцы Якуб Колас мог пайсці ў грыбы, апошні раз я ездзіў з бацькам у Балачанку ў грыбы 30 ліпеня таго года. Даніла  з 1950 года працаваў загадчыкам лабараторыі Інстытута хіміі АН БССР, быў больш вольны і мог часцей адлучыцца і паехаць разам з бацькам, напрыклад, у Маскву. Там у яго было шмат сяброў, ды і сваякі ў нас ёсць на Клязьме. Брат любіў наведваць маскоўскія букіністычныя магазіны, вельмі шмат чытаў.
...Першапачаткова шлях да вышэйшай адукацыі Данілу быў закрыты з-за непралетарскага паходжання: бацька — пісьменнік, маці — настаўніца. Таму спачатку брат скончыў хімпраф-школу, потым працаваў лабарантам у Мінскім хіміка-тэхналагічным тэхнікуме. У той час у інстытут паступалі "брыгадным метадам": адзін з брыгады адказваў, калі паспяхова — прымалі і астатніх.
Памяць у Данілы была выдатная, ён ведаў усе лекі, іх дзеянне, мог сказаць формулу любога прызначанага дактарамі лякарства... Памятаю, калі я яшчэ быў малы, у доме было многа братавых банак-шклянак для хімічных вопытаў, а стол ад мяне ён закрываў на цвік, схаваны пад цыратай. Замест выцяжной шафы Даніла выкарыстоўваў печ. У маладосці па просьбе сяброў-"падшыванцаў" зрабіў слёзатачывы газ. Яны кінулі "хімікат" у кінатэатры, падняўся такі гвалт! Пасля сябры папрасілі Данілу зрабіць самае смярдзючае рэчыва — скатол.  Аднак атрымалася зрабіць толькі паўпрадукт. Сябры-падшыванцы закінулі рэчыва ў пакой настаўніка, які іх ганяў. Два тыдні ў таго вокны былі насцеж, такі стаяў смурод...
Адносіны ў Данілы з бацькам былі самыя шчырыя, хоць брат і быў зусім да яго не падобны. Бацька наогул не мог канфліктаваць, быў вельмі мяккім чалавекам. Максім Лужанін расказваў такі выпадак. У апошнія гады ў бацькі вельмі балелі рукі. Адзін малады аспірант не ведаў гэтага і пры знаёмстве з ім вырашыў адзначыцца вельмі моцным поціскам рукі. Колас адняў кволую руку, пацёр і сказаў толькі: "І бяруць жа такіх бугаёў у навуку". Колас жыў сэрцам, перажываннямі, а Даніла Канстанцінавіч быў аналітыкам, чалавекам розуму. Нават калі брату было за восем-дзесят гадоў, памятаў усе даты 20—30-х гадоў, прозвішчы, назвы месцаў адпачынку, кніг з дамашняй бібліятэкі... Вельмі любіў разгадваць красворды, мог "пасадзіць", напрыклад, прафесійнага юрыста па тэрміналогіі.
Пасля смерці бацькі Даніла Канстанцінавіч вымушаны быў пакінуць хімію, у красавіку 1957 года ён быў прызначаны дырэктарам музея Якуба Коласа. Многія дзесяцігоддзі старэйшы сын быў галоўным рухавіком вывучэння коласаўскай спадчыны, мемарыялізацыі памятных мясцін жыцця паэта. Памёр Даніла Канстанцінавіч роўна праз сорак год пасля даты, калі быў зроблены гэты фотаздымак, 7 ліпеня 1996 года.

Аўтар выказвае падзяку супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і асабіста дырэктару архіва Віктару Васільевічу Баландзіну за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter