Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі ды Выдавецкі дом “Звязда”

Хто дзеліцца, той багацее

Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Расіі ды Выдавецкі дом “Звязда”

Пашыраюцца кантакты беларускіх суполак Расіі з беларускімі выданнямі. Дарэчы, у ФНКА беларусаў у суседняй краіне ёсць і свой сайт belros.org. Там пад рубрыкаю “Навіны” ад 3 сакавіка знаходзім, напрыклад, такое паведамленне: “В рамках Соглашения об информационном сотрудничестве между “ФНКА белорусов России” и ИД “Звязда” мы получаем материалы от наших партнеров. Читайте новую статью “Российские прозаики о писательском ремесле и развитии литературы”. І калі перайсці па спасылцы, адкрываецца цікавы тэкст — гутарка карэспандэнта газеты “Союз — Евразия” Надзеі Юшкевіч з расійскімі празаікамі Сяргеем Носавым і Раманам Сенчыным пра сучасныя літаратурныя тэндэнцыі ды тое, што цяпер найбольш цікавіць чытачоў. І падобныя спасылкі на інтэрнэт-партале ФНКА беларусаў Расіі ўжо не рэдкасць. Адпаведна і на беларускім інфармацыйным рэсурсе zvyazda.minsk.by ужо з’яўляюцца спасылкі на тэксты пра жыццё супляменнікаў у розных рэгіёнах Расіі.

Пагадненне аб інфармацыйным супрацоўніцтве паміж Выдавецкім домам “Звязда” і ФНКА беларусаў Расіі было падпісана сёлета 9 лютага. Як вядома, у ВД “Звязда”, створаны ў 2012 годзе, уваходзяць 2 газеты і 4 часопісы. На партале ж ФНКА беларусаў Расіі шмат інфармацыі пра рэгіянальныя суполкі, музеі ды цэнтры беларускай культуры, вядомых ураджэнцаў Беларусі. Ёсць такія рубрыкі: “Алея памяці”, “Падзеі”, “Пытаеце? Адказваем!” ды іншыя. Выбраўшы тое, што нам цікава, можна знайсці таксама фота-, відэа- ды аўдыяматэрыялы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter