Каралева Бона: міфы і рэальнасць

У яе жылах цякла кроў Медычы, у дзяцінстве яна была знаёма з Леанарда да Вінчы, а на беларускіх землях заўсёды імкнулася стварыць “маленькую Італію”Сёння гэту жанчыну назвалі б рэвалюцыянеркай, таму што такой колькасцю “пераваротаў” у розных сферах грамадства на беларускіх землях у XVI стагоддзі мала хто праславіўся. Бона Сфорца — каралева Бона — у 1518 годзе стала жонкай вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I Старога, аднак у гісторыі праславілася не як жонка манарха, а як сапраўдная асоба.Яшчэ ў дзявоцтве маладая каралева атрымала выдатную адукацыю: ведала права, геаграфію, латынь, тэалогію, філасофію, матэматыку. У дзяцінстве Бона сустракалася з вялікім Леанарда да Вінчы, які працаваў у палацы яе бацькоў Джана Галеацца Сфорцы і Ізабэлы Арагонскай. Дачка міланскага герцага была выдатнай партыяй, да таго ж, па сведчаннях сучаснікаў, была ў два разы маладзей за абранніка, прырода надзяліла яе жаноцкай прыгажосцю, адметным розумам і здольнасцю прымаць рашэнні.

Няроўны шлюб
Як вынікае з гістарычных дакументаў, Жыгімонт сустрэў сваю абранніцу непадалёку ад Кракава. Першапачаткова іх вяселле адбылося ў Італіі і  толькі праз год у Вялікім княстве Літоўскім. У красавіку 1518 года Бона разам са світай у 300 чалавек прыехала да мужа. Іх урачысты ўезд у сталіцу суправаджалі больш як дзесяць тысяч прадстаўнікоў шляхты, а дарога была высцелена дыванамі і кветкамі. Вечарам наступнага дня госці праводзілі каралеўскую пару да дзвярэй спальні, дзе 51-гадовы кароль сеў на ложак з правага боку, 24-гадовая Бона — з левага. Чэлядзь падала ім напоі і прысмакі і пакінула маладую пару сам-насам... Праз год у Боны нарадзілася дачка. Гэта расчаравала Жыгімонта. Праўда, ужо к канцу таго ж года крык немаўляці зноў пачуўся ў каралеўскіх пакоях — на свет з’явіўся доўгачаканы сын  Жыгімонт Аўгуст.
На велікакняжацкі прастол малады кароль узышоў 18 кастрычніка 1529 года. Менавіта ў гэты дзень дзевяцігадовы хлопчык атрымаў меч і шапку вялікага князя і заняў месца паміж бацькам і маці ў тронным зале віленскага замка. Ён стаў самым юным з вялікіх літоўскіх князёў. Праз год дзякуючы намаганням маці яшчэ пры жыцці бацькі яго абралі каралём Польшчы. Мабыць, тады старэйшы Жыгімонт і атрымаў мянушку Стары.
Акрамя дачкі Ізабэлы, каралева нарадзіла яшчэ трох — Соф’ю, Ганну, Кацярыну. З цягам часу Ізабэла стала каралевай Венгрыі, Кацярына — каралевай Швецыі, Соф’я — вялікай герцагіняй Браўншвейг-Вольфенбюцельскай, Ганна — жонкай караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя.
Італьянскія БОНусы
Гістарычныя славянскія хронікі адзываюцца пра Бону не дужа ласкава, хаця менавіта яна прыўнесла італьянскую раскошу ў літоўскі княжацкі і польскі каралеўскі двор. Яна прывезла з сабою шматлікую світу з італьянскіх майстроў і кухараў, пры ёй на ўсходніх землях стала модным разводзіць шматлікія віды садавіны і гародніны, невядомыя дасюль у гэтай старане: на сталах кракаўскіх і віленскіх магнатаў з’явіліся апельсіны, лімоны, інжыр, аліўкі, разынкі, міндаль. У замках упершыню сталі чутны галасы экзатычных птушак. А шляхцянкі надзелі адкрытыя сукенкі з глыбокім дэкальтэ...
На другім годзе замужжа Бона атрымала ад мужа Кобрынскае і Пінскае княствы. Некалькі пазней Жыгімонт падарыў каханай пушчу ад ракі Супрасль да Коўна праз усю Гродзеншчыну — 200 кіламетраў у даўжыню і 50 — у шырыню. У Юрыя Радзівіла каралева выкупіла сабе Гродзенскае стараства, у Гаштальдаў — Бельск, Нараў, Сураж і толькі са сваіх уладанняў у Беларусі  і Літве Бона атрымлівала 36 000 дукатаў у год.
Каралева будавала не толькі палацы (ад італьянскага рэнесанснага “palazzo”), але і шпіталі, касцёлы, школы. Адзін з такіх касцёлаў — святой Ганны, фундатарам якога была Бона Сфорца, і сёння можна ўбачыць у вёсцы Лунны Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.
Як уладарку Пінска Бону тытулавалі Pinensis domina. І яна была досыць дбайнай гаспадыняй. Задумала грандыёзную зямельную рэформу, якую пачала ажыццяўляць  у сваіх уладаннях. У пачатку 1550-х гадоў каралеўскія землі былі падзелены на валокі (21,36 га). Дзеля гэтага прыйшлося перамераць усе ўладанні Боны, скласці падрабязныя спісы двароў, у рэестры ўносіліся звесткі не толькі аб колькасці, але і аб якасці глебы.
Менавіта ў гады праўлення Боны наступае росквіт для многіх беларускіх гарадоў, з’яўляецца рэгулярная лінейная планіроўка вуліц, развіваюцца рамёствы і гандаль.
Пры каралеве другі па значнасці горад у Вялікім княстве Літоўскім — Гародня атрымлівае водаправод, пры ёй тут брукуюць вуліцы і гандлёвы пляц. З імем цудоўнай італьянкі звязаны і ратушны гарадскі гадзіннік, які праз стагоддзі стаў сімвалам Гародні. Першы ўспамін аб ім датуецца 1541 годам, калі Бона аддала загад узяць на службу гадзіннікавых спраў майстра для абслугоўвання “дакладнага механізма”.
Калі свякроў — пачвара?
Бона была выключнай маці. Аднак жанчын, якіх выбіраў яе сын, лічыла недастойнымі яго. Першую нявесту свайму любімцу Бона выбрала сама. Жонкай 23-гадовага Жыгімонта Аўгуста стала адна з дачок чэшскага і венгерскага караля Фердынанда 17-гадовая эрцгерцагіня аўстрыйская Елізавета. Каранацыя маладой каралевы прайшла ў маі 1543 года, і з тае хвіліны Бона проста ўзненавідзела нявестку. Яна не дазволіла Елізавеце мець вялікі двор, дзе з 114 яе дваранак толькі трое былі немкі. А пасля і зусім стала дабівацца разводу сына з Елізаветай, грунтуючыся на тым, што яны родзічы. Праз тры гады пасля вяселля нелюбімая нявестка памерла.
Аднак малады кароль не дужа гараваў, у яго яшчэ да шлюбу з’явілася любімая жанчына — Барбара Радзівіл, якая і стала другой жонкай Жыгімонта. Яго бацька першапачаткова забараніў сваім падданым прызнаваць гэты шлюб, аднак пасля смерці Жыгімонта Старога ў 1548 годзе сын афіцыйна прадставіў двару сваю абранніцу. Гэта раззлавала не толькі каралеву Бону, але і ўсю польскую шляхту.
На жыццё Барбары Радзівіл неаднойчы замахваліся, прадстаўляючы справу так, быццам гэта няшчасны выпадак. Нягледзячы на гэта, каранацыя Барбары адбылася 7 снежня 1550 года. Але хутка пасля гэтай урачыстасці маладая каралева і вялікая княгіня пачала згараць як свечка і ўсе старанні лекараў вярнуць яе да жыцця былі безвыніковыя. Кароль Сігізмунд II Аўгуст падазраваў, што да смерці жонкі магла мець дачыненне маці, бо пры двары быў натоўп лекараў і аптэкараў старой каралевы. У гэтым не сумнявалася і вышэйшая знаць Польшчы і Літвы. Адкрыта выказваліся намёкі на яе радство з самымі вядомымі еўрапейскімі атруціцелямі — Медычы і Борджыя.
Бона ў пахаванні нявесткі не ўдзельнічала. І хаця доказаў атручэння ніхто не атрымаў, паміж маці і сынам пачалася шматгадовая “халодная вайна”.
Трэцяй жонкай Жыгімонта Аўгуста стала сястра яго першай жонкі Кацярына Аўстрыйская. Але яна ніяк не магла зацяжарыць, чым выклікала нараканні з боку мужа. У 1558 годзе Кацярына цяжка захварэла і пажадала вярнуцца на радзіму ў Італію. Туды ж хацела пераехаць  і Бона. Жыгімонт быў супраць, бо лічыў маці вінаватай у смерці сваіх дзвюх жонак і адкрыта яе ненавідзеў. Толькі заступніцтва англійскай каралевы Марыі Цюдор, пляменніцы Боны, і дачкі Ізабэлы, якая была каралевай Венгрыі, знялі забарону на выезд.
Ад’езд на радзіму
Каралева Польшчы Бона Сфорца выехала з Варшавы ў лютым 1556 года. Каралеўскі абоз суправаджалі закаваныя ў латы венгерскія гусары. Яны ахоўвалі не толькі жыццё Боны, але і 24 вазы са срэбрам, золатам і каштоўнасцямі. Вазы, нагружаныя мэбляй, дыванамі, фарфорам і начыннем, забраным з палацаў, якімі яна некалі валодала, немагчыма было палічыць.
За сорак гадоў праўлення каралева Бона нажыла велізарнае багацце. Вярнуўшыся на радзіму, яна пазычыла іспанскаму каралю Філіпу II з манаршага дома Габсбургаў амаль паўмільёна дукатаў, дзе кожная манета ўтрымлівала каля 3,5 грама золата. Гэта стала памылкай каралевы, паколькі Філіп вырашыў не аддаваць доўг, а атруціць сваю апякунку. Вядома нават імя забойцы — падкуплены іспанскім каралём доктар Ян Антоніо.
Памерла Бона ў 63-гадовым узросце ў поўнай адзіноце. Пазней яе дачка Ганна Ягелонка, жонка князя Стэфана Баторыя, які ў 1576-м стаў каралём Польшчы, заказала для яе багаты надмагільны помнік, які захаваўся ў італьянскім горадзе Бары да нашага часу. Яна ж распарадзілася дараваць былому ўладанню Боны — Пружанам — магдэбургскія прывілеі, разам са статусам горада, гарадской пячаткай і гербам, які ў многім нагадвае герб Мілана.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter