Калі зерне выспявае

На беларускіх “Дажынках” у сяле Тургенеўка Іркуцкай вобласці былі госці з Мінска
У тым, што народны беларускі абрад жывы і ў Сібіры, за тысячы кіламетраў ад Бацькаўшчыны, бачыцца мне вялікі сэнс. Многія ж ведаюць евангельскую прыпавесць пра сейбіта, зерне якога ўпала ў розныя, часам і неспрыяльныя ўмовы. А таму і загінула, і пасохла. І толькі тое, што пусціла карані ў добрую зямлю, прынесла плады. Што ж, рассеяў Усявышні нашых супляменнікаў па ўсім свеце, а недзе ж і не згубілася ўдалечыні культура продкаў, выспявае, дае добры плён зерне беларускіх традыцый. “Думаеце, гэта святкуюць “Дажынкі” на Брэстчыне ці Гомельшчыне? Памыляецеся: так праводзяць беларускае свята заканчэння збору ўраджаю пад Іркуцкам, у сяле Тургенеўка!” — такі каментар ёсць у адной з сацсетак пад здымкамі з сёлетніх “Дажынак” у Баяндаеўскім раёне.


Беларускія “Дажынкі” на пшанічнай ніве ў Прыбайкаллі

А народнае свята не ўпершыню і не выпадкова — бо выпадкова на ніве, ды і ў людской грамадзе, вырасці можа хіба пустазелле... — праходзіла ў Тургенеўцы. Сяло заснавалі беларусы-перасяленцы ў 1909 годзе. Паселішча, па словах Алега Рудакова, аднаго з арганізатараў свята, удзельніка гурта аўтэнтычнага спеву “Крывічы”, стаіць у месцах, заселеных у асноўным буратамі. Аднак пры тамтэйшым Доме культуры дзейнічае гурт народнай беларускай песні “Варэнічкі”, пры мясцовай школе працуе дзіцячая студыя “Ручнічок”. І цікавасць да свята з народнага календара беларусаў у мясцовых жыхароў ужо вялікая. Пра тое напісаў мне Алег па электроннай пошце.

Сёлета на “Дажынкі” там вялі размытыя дажджом дарогі, ды ўсё ж паўдзельнічаць у абрадзе падзякі Зямлі-матухне, шанавання яе за ўзгадаваны ўраджай сабралася чалавек 150. Узгадаць традыцыйныя дзеі ўсім дапамагалі гурты “Крывічы”, “Вяснянкі” (фальклорны, з сяла Ахіны), мясцовыя “Варэнічкі” ды юныя артысты з “Ручнічка”. Былі на свяце і госці з Мінска: здымачная група тэлеканала АНТ і музычны гурт “Без білета”. Да свята “Крывічы” на чале з Воляй Галанавай развучылі больш за 20 новых песень. Кожная з іх нібы асвячала пэўны час “Дажынак”: з адной ішлі ў поле, другой — віталіся з зямлёю, з іншымі жалі, абвязвалі “бараду”. “Жалі жанчыны традыцыйна: сярпамі, — удакладняе Алег Рудакоў. — Распачала працу старэйшая жняя-пастацянка Маргарыта Асечкіна, сама з Тургенеўкі. Яна ж пакінула на полі лапік жыта пад “бараду”, які застанецца там да вясны. Малодшая жняя, Воля Галанава, палола “бараду”, палівала вадою ды зразала па два каласкі сярпом”. Такі, можна сказаць, магічны рытуал праводзілі раней сялянкі ва ўсіх беларускіх вёсках, а мэта яго: “падахвоціць” Зямлю, каб і на будучы год дала багаты ўраджай.


З прыгожым караваем сустракаюць гасцей у Тургенеўцы

Пажаць сярпом змаглі ўсе ўдзельніцы свята — мужчын жа да гэтай жаночай працы не дапускаюць. Пабыла жнейкай і вакалістка гурта “Без білета” Таццяна Кушнер, а хлопцы-музыкі разам з усёй грамадою вадзілі традыцыйныя карагоды. Пасля гурт выступіў у сельскім Доме культуры разам з іншымі калектывамі. Там жа Алег Рудакоў і Воля Галанава зладзілі майстар-клас па народных танцах. Дзеці, моладзь, нават людзі паважанага ўзросту асвойвалі рухі “Полькі задам”, “Марыненскага кракавяка”, “Лявоніхі”. Прычым такая “Дыскатэка па-беларуску” вельмі спадабалася гасцям з Мінска”: яны з такімі ўзорамі народнага мастацтва знаёміліся ўпершыню. Танцы ж, патлумачыў Алег Рудакоў, былі запісаны актывістамі беларускіх суполак Прыбайкалля ў этнавандроўках па тамтэйшых беларускіх вёсках. І ці ж не дзіва: жывучы за тысячы кіламетраў ад гістарычнай радзімы, нашы супляменнікі вучаць мінскіх гасцей, як танцаваць традыцыйныя беларускія танцы, ладзіць абрадавыя дзеі...

Чаму, аднак, аказалася ў Прыбайкаллі здымачная група тэлеканала АНТ? Тэлевізійшчыкі рэалізуюць праект “Наш адрас — не дом і не вуліца, наш адрас — планета Зямля”: робяць серыю перадач пра людзей, якія захоўваюць сваю культуру, мову, традыцыі, жывучы далёка ад роднай зямлі. Здымкі праходзяць у розных краінах, журналісты і аператары пабывалі і ў Каіры, і ў Сан-Францыска… І вось — Прыбайкалле. Цяпер тамтэйшыя “Дажынкі”, пра якія і раней пісала наша газета, можна будзе пабачыць па тэлевізары, а можа і ў інтэрнэце. Мяркую, знойдуцца энтузіясты ў Беларусі ды іншых краінах, падхопяць сам цікавы абрад, а таксама “дажынкавыя” песні, іншыя традыцыйныя дзеі. Такія “Дажынкі” можна цікава праводзіць на розных нівах: у Беларусі (у тым ліку і ў аграсядзібах, фермерскіх гаспадарках, на тэрыторыі нацыянальных паркаў...), у розных расійскіх рэгіёнах, а таксама ў Казахстане, Малдове, Украіне... Хай нават будзе гэта гульня з нацыянальным каларытам, але ж наколькі цікавая, у тым ліку для гасцей, турыстаў… Кажуць, дарэчы: кожны шлях, якім бы цяжкім і доўгім ён ні быў, урэшце вядзе дадому. То, магчыма, для кагосьці менавіта беларускія “Дажынкі” стануць такім, хай сабе сімвалічным, шляхам... 

Дарэчы. Тымі ж днямі ў Іркуцкай вобласці прайшло яшчэ адно свята збору ўраджаю: Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага ладзіла “Дажынкі” ў беларускім сяле Андрушына, што ў Куйтунскім раёне. Пра тое кіраўніца суполкі Алена Сіпакова расказвала ў невялічкім інтэрв’ю карэспандэнту газеты “Советская Белоруссия” (“Земляки от Балтики до Байкала: это и наш голос!”, 1.10.2015). У нашай рэдакцыі рыхтуецца да друку дасланы Аленай тэкст.

Кацярына Мядзведская

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter