Калі ёсць што паказаць

Цюменскія беларусы дбаюць пра тое, каб пра іх добрыя справы ведалі і сёння, і ў будучыніБыло — і няма... Самая цікавая і добра падрыхтаваная імпрэза ўрэшце застаецца ў мінулым. Каб “спыніць час”, летапісцы Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” у запісах і здымках, у газетных публікацыях фіксуюць адметныя моманты жыцця суполкі.
Цюменскія беларусы дбаюць пра тое, каб пра іх добрыя справы ведалі і сёння, і ў будучыні

Кіраўнік суполкі Сяргей Яфімчык і кіраўніца гурта-юбіляра “Лянок” Клаўдзія ЗуеваБыло — і няма... Самая цікавая і добра падрыхтаваная імпрэза ўрэшце застаецца ў мінулым. Каб “спыніць час”, летапісцы Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь” у запісах і здымках, у газетных публікацыях фіксуюць адметныя моманты жыцця суполкі. Раз у квартал выходзіць цэлая “беларуска-расійская паласа” ў “Тюменской правде”. Сістэмна дасылае нам тэксты журналістка Людміла Бакланава — дзякуй ёй! Застаюцца ў архівах і відэазапісы, рэпартажы, падрыхтаваныя журналістамі розных радыё- і тэлеканалаў з святочных, урачыстых імпрэз, фестываляў, экспедыцый у сібірскую глыбінку — да месцаў кампактнага пражывання беларусаў-самаходаў. Нядаўна мы бачылі, як лідар суполкі Сяргей Яфімчык клапаціўся, каб на Днях беларускай культуры ў Цюмені вялася прафесійная фотаздымка, даваў інтэрв’ю тэлежурналістам — іх заўсёды запрашаюць на мерапрыемствы суполкі. А ганаровы консул Беларусі ў Цюмені Уладзімір Шугля паказваў на камп’ютары свежы відэасюжэт з тэленавін, зазняты пад час прэзентацыі ягонай новай кнігі вершаў. Падарыў і кампакт-дыск “Святло душы”: песні кампазітаркі Кацярыны Чарнышовай на вершы Уладзіміра Фёдаравіча — таксама адметны радок у творчым летапісе суполкі! Пачынаецца ж дыск песняй “О, Беларусь мая!”.
І два цікавыя буклеты прывезлі мы з Цюмені. Адзін прысвечаны 15-годдзю суполкі “Аўтаномія Беларусь”, другі расказвае пра 8-гадовую гісторыю Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Саюз-інтэграцыя брацкіх народаў” — яе ўзначальвае Уладзімір Шугля. А наколькі ж якасна гэта зроблена! У першым буклеце, выдадзеным пры падтрымцы Камітэта па справах нацыянальнасцяў Цюменскай вобласці, на трыццаці старонках — больш чым дзве сотні каляровых здымкаў з гісторыі суполкі. На іх, дарэчы, ёсць і маэстра Ігар Лучанок, які ў 2004-м гасцяваў з сябрамі ў цюменскіх беларусаў. Пра той цікавы факт чытаем і ў грунтоўным летапісе, які скрупулёзна вядзецца з 1997 года — сотні канкрэтных запісаў! — змешчаным у буклеце: “2 красавіка. Урачыста адкрыты “Беларускі дом”… З канцэртнымі праграмамі ў гарадах Цюмені, Ішыме, у сяле Вікулава выступілі заслужаныя артысты Беларусі Іван Краснадубскі (нядаўна яго не стала. — Аўт.), Ядзвіга Паплаўская, Аляксандр Ціхановіч, народны артыст СССР Ігар Лучанок”. Перамогі на конкурсах, этапы творчага росту шматлікіх гуртоў, удзел у фэстах рознага узроўню… “2000 год. Ліпень. Паездка вучняў нядзельнай школы і іх бацькоў у Беларусь, наведванне мемарыяльных комплексаў “Хатынь” і “Курган Славы”, сустрэча ў Доме кампазітараў з Ігарам Лучанком”. Як бачым, Ігар Міхайлавіч — даўні сябар беларускай грамады з Цюмені.
Заслугоўвае павагі, што на першых старонках пададзены і партрэты былых лідараў суполкі — Уладзіміра Шуглі, Леаніда Ксяндзова, Міхаіла Яфімовіча, Аляксандра Сарокіна — і цяперашняга: Сяргея Яфімчыка. Можна пабачыць і ўсе самадзейныя гурты, народных майстроў, кіраўнікоў творчых студый.
Хочацца гартаць, чытаць, разглядваць такія буклеты. У іх шмат жывой энергіі, яны адлюстроўваюць беларускую працавітасць, крэатыўныя падыходы да справы. На такіх узорах “летапіснага мастацтва” не грэх і іншым павучыцца, як весці важную справу. Асабліва ж гэта актуальна пад Новы год: усе падводзяць вынікі... А каму ёсць што паказаць — у таго і справаздачы атрымліваюцца прыгожыя, ёмкія, грунтоўныя. І сучаснікам, і нашчадкам цікавыя.

P.S. Гэты нумар газеты выйшаў у свет якраз у 49-ы дзень нараджэння спадара Яфімчыка. Віншуем, Сяргей Аляксандравіч! І хай увесь Ваш год на шляху да 50-х угодкаў будзе светлым, шчаслівым, багатым на добрыя справы на карысць Бацькаўшчыны.

Іван і Валянціна Ждановічы

На здымках:
Кіраўнік суполкі Сяргей Яфімчык і кіраўніца гурта­-юбіляра “Лянок” Клаўдзія Зуева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter