Калі вершы становяцца песнямі

У мінскім Доме дружбы адбыўся вечар паэзіі, прысвечаны 50-годдзю літаратара, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Станіслава Валодзькі
Напэўна, мара кожнага паэта — пачуць аднойчы песню на свае вершы. Такое жаданне было і ў Станіслава Валодзькі. І вось яно ажыццявілася: да многіх яго вершаў напісана музыка. У Латвіі, дзе цяпер пражывае паэт, выдадзены нават дыск пад назвай “Веру ў сваю зорку”. А песня “Беларускі дом” (музыку да слоў напісаў кампазітар Аляксандр Рудзь) увогуле стала гімнам беларусаў замежжа. З яе пачынаюцца многія культурныя мерапрыемствы, якія ладзяць арганізацыі суайчыннікаў за мяжой. Гучала песня і на вечары ў Доме дружбы. Сюды павіншаваць юбіляра прыехалі прадстаўнікі беларускай дыяспары з Літвы і Украіны, Расіі і Польшчы і, канешне ж, з Латвіі.

Станіслаў Валодзька прачытаў новыя вершы— Першая песня на мае словы “Гімн школе” была напісана настаўніцай музыкі Алай Снятковай, калі мне было за сорак, — гаворыць Станіслаў Валодзька. — Потым таленавіты латвійскі кампазітар Генрых Галіцкі, узяўшы мае вершы, напісаў некалькі песень: “Прыляціць вясной сарока”, “О, дзяцінства маё”, “Я твая Купалінка”, “Старажытны Даўгаўпілс мой”. Завязалася таксама супрацоўніцтва з кампазітарамі Латвіі Маяй Калныняй, Аляксандрам Рудзем, Яўгенам Лівіцыным, Ірэнай Цымбале, а таксама з беларускімі кампазітарамі —Аленай Атрашкевіч, Міколам Яцковым, Альбертам Белусем і Анатолем Мядзведзевым.
Паэта вельмі радуе, што гэтыя песні не пакідаюць раўнадушнымі людзей. Яны падабаюцца, становяцца запамінальнымі, іх выконваюць самадзейныя і прафесійныя спевакі не толькі ў Латвіі і Беларусі, але і ў іншых краінах свету. Тая ж песня “Беларускі дом”, напрыклад, уключана ў дыск “Лепшыя песні Радзімы”, які выдалі летась беларусы Казахстана.
Вершы Станіслаў Валодзька пачаў пісаць яшчэ ў школе — спачатку па-руску, але потым, калі настаўніца Лілія Іванова абудзіла цікавасць да беларускай літаратуры, стаў пісаць на роднай мове. Нягледзячы на тое, што ўжо больш за дваццаць гадоў ён жыве па-за межамі краіны, павага і інтарэс да беларускага слова толькі ўзрастаюць.

— Чаму так атрымоўваецца? — разважае паэт, — Адкажу радкамі з асабістага верша: “Як ад сцюжы зімовай,/Божа, нас барані/Нам забыць нашу мову/І свае карані”.

Станіслаў Валодзька імкнецца і сваіх дзяцей навучыць паважаць мову, ведаць і разумець яе. Для сыноў Алега і Антона ён пісаў дзіцячыя вершы і казкі, якія ўвайшлі ў зборнікі “Калыханкі і пацешкі для Антошкі і Алежкі”, “Калі ласка, казка!”. І дзеці, трэба сказаць, не засталіся няўдзячнымі. Калі падраслі, сыны сталі лепшымі дарадчыкамі бацькі.

— Дзеці — выдатныя крытыкі: не забываюць хваліць тату, — усміхаецца літаратар. — Калі гаварыць сур’ёзна, яны мне вельмі дапамагаюць. Малодшы сын Антон нават падказвае тэмы, імкнецца прыняць удзел у стварэнні твора.

Вельмі ганарыцца бацька і тым, што Антон сам летась захацеў пайсці вучыцца ў беларускую нядзельную школу, якая дзейнічае ў Даўгаўпілсе пры таварыстве беларускай культуры “Уздым”.
Сапраўдным жа падарункам да свайго юбілею Станіслаў Валодзька лічыць кнігу беларускай паэзіі “А водар Радзімы ўсё кліча і кліча”, якая была выдадзена Саюзам беларусаў Латвіі. У яе ўвайшлі і вершы Валодзькі. Хто ведае, мабыць многія з гэтых вершаў праз некаторы час ператворацца ў песні і будуць радаваць слухачоў у многіх краінах далёкага і блізкага замежжа.

Кацярына Немагай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter