Кабзары і песняры

У мінскім доме Якуба Коласа спаткаліся нашчадкі беларускіх і ўкраінскіх класікаў. Гасцей з Кіева прымаў сын дзядзькі Якуба — Міхась Міцкевіч
Для Міхася Міцкевіча і Тараса Лысенка знайшліся тэмы для размовыУ мінскім доме Якуба Коласа спаткаліся нашчадкі беларускіх і ўкраінскіх класікаў. Гасцей з Кіева прымаў сын дзядзькі Якуба — Міхась Міцкевіч. Сустрэчу нашчадкаў беларускага песняра і ўкраінскіх кабзароў наладзіў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Пляменніца Паўло Тычыны Таццяна Сасноўская і ўнук Максіма Рыльскага, таксама Максім, прыехалі ў кампаніі прапраўнука Шаўчэнкі — Тараса Лысенкі.

У сябе на радзіме Тарас-малодшы зусім не «зорка». «Мне няёмка спекуляваць імем прапрадзеда», — кажа Лысенка. Яму ўсяго 21 год, хлопец вывучае гісторыю і права ў Кіеўскім педагагічным універсітэце. Піша вершы, але на публіцы выступае толькі з радкамі знакамітага продка.

Прыемнай неспадзяванкай для Тараса сталі жывыя кветкі пры помніку Шаўчэнкі ў Мінску. Ён не думаў, што беларусы так шчыра шануюць імя Кабзара. У двары дома-музея Якуба Коласа Лысенка пасадзіў барвінкі. Кветку-сімвал Украіны Тарас прывёз з-пад Канева, дзе пахаваны Шаўчэнка.

Лысенка добра ведае творчасць Коласа, Купалы і ганарыцца, што ягоны прапрадзед сваімі творамі натхняў у свой час беларускіх класікаў.

— Калі вашы песняры шукалі тэмы і вобразы для сваёй паэзіі, то Шаўчэнка ім быў добрым узорам, у чымсьці яны яму нават наследвалі. Бо хвалявала нашых паэтаў адно: свабода для свайго народа, захаванне мовы і нацыянальных традыцый. Не дзіва, што Тараса Рыгоравіча, бадай, найчасцей за іншых пісьменнікаў перакладалі на беларускую мову ў ХХ стагоддзі.

Украінскую мову прапраўнука Кабзара ў XXI стагоддзі не трэба перакладаць для беларусаў. Тарас Лысенка і сын Коласа адразу паразумеліся. Міхась Міцкевіч прызнаўся, што візіт да яго гасцей і сяброў з Кіева — найлепшы падарунак да 125–годдзя з дня нараджэння бацькі.

А на развітанне Тарас пакінуў загадку: «Дзесьці ў Беларусі мусяць жыць іншыя сваякі Шаўчэнкі». Будзем шукаць…

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter