З пачатку года на браканьераў завялі больш за 300 спраў

Ікра з агнём

Толькі браканьераў ні лаві, а менш іх чамусьці не становіцца. У краіне ў студзені — верасні ўзбуджана звыш 300 крымінальных спраў за незаконную здабычу рыбы і паляванне. Больш чым 50 за 9 месяцаў — у Магілёўскай вобласці. Што прымушае людзей ісці на парушэнне закона? Ці смачная тая рыбка, што злоўлена ў забароненыя сеткі? У пошуках адказаў на гэтыя пытанні адпраў­ляемся ў Быхаўскі раён.

У Быхаўскім раёне нямала месцаў, якія аблюбавалі браканьеры.
Фота Сяргея ЛЕЎЧАНКІ

Яшчэ няма і сямі гадзін раніцы, а мы з начальнікам міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Уладзімірам Рудневым і яго намеснікам Аляксандрам Босым ужо на пазіцыі каля затокі Дняпра непадалёк ад вёскі Вець. Стараемся трымацца ў цяні. Нават не перашэптваемся. Браканьер пайшоў пільны: спалохаеш — і не зловіш. 

Праз колькі хвілін на роўнядзі вады заўважаем лодку. Двое не­знаёмцаў, як у запаволенай кінастужцы, цягнуць сетку. Трэці назірае за таварышамі з сушы. Нават з берага відавочна, што ўлоў ёсць. Браканьеры тут жа раскладваюць здабычу па пакетах. Крыху падмарозіла, таму сартыраваць плотку і ляшча на зямлі не вельмі зручна. Аднак да фасоўкі справа так і не дайшла: інспектары да месца стаянкі аўтамабіля браканьераў дабраліся раней за іх і пазнаёміліся адразу з усімі парушальнікамі. А тыя прызналіся: за ўловам у Быхаўскі раён яны прыбылі аж з суседняй Гомельскай вобласці. Уладзімір Руднеў не скрывае:

Уладзімір РУДНЕЎ.
— Справа можа прыняць крымінальны абарот. 

І тэлефануе мясцовай міліцыі. Чатыры сеткі з лескі даўжынёй у 160 метраў, гумавая лодка, 28 кілаграмаў рыбы — усё гэта канфіскавана. Дарэчы, інспектары падлічылі: нанесеная прыродзе шкода склала 6670 рублёў. Такія рэйды, кажуць, — аснова іх работы. Нягледзячы на строгія меры пакарання, колькасць жадаючых рызыкнуць істотна не змяняецца. 

— Браканьераў, — дзеліцца назіраннямі Руднеў, — умоўна можна падзяліць на два класы: выпадковых і мацёрых. Апошнія маюць нямалы вопыт у справе «замятання слядоў». Таму трэба добра пастарацца, каб злавіць іх за руку на месцы злачынства. 

Бывае, інспектарам даводзіцца і рызыкаваць. Скажам, год таму на Чыгірынскім вадасховішчы браканьеры спрабавалі адбіцца ад ахоўнікаў прыроды вяслом і нанеслі ім сур’ёзныя траўмы. Судовая цяжба па гэтай справе закончылася не так даўно, злачынцы атрымалі ўмоўныя тэрміны. Ці вернуцца яны да свайго промыслу? Цяжка сказаць. Аднак факт застаецца фактам: некаторыя браканьеры з выбранай «сцежкі» зварочваць не спяшаюцца. Іх інспектары нават пазнаюць у твар.

Вага вылаўленай браканьерамі рыбы пацягнула на 28 кілаграмаў.
Фота з архіва Быхаўскай міжраённай інспекцыі

Многіх на парушэнне закона штурхае жаданне хуткай нажывы. Аб адным з такіх свежых выпадкаў расказаў намеснік начальніка Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Радкевіч:

— Нашы бабруйскія калегі затрымалі МАЗ з прычэпам, які належаў індывідуальнаму прадпрымальніку з Барысава. Бізнесмену далі пад вырубку дзялянку лесу ў Клічаўскім лясгасе. Аднак ён паквапіўся яшчэ і на 261 дрэва, што расло па-за межамі прадастаўленай плошчы. Патрэбных дакументаў на 30 кубічных метраў спілаваных сосен прадпрымальнік, зразумела, не меў. Велічыню шкоды, якую грамадзянін нанёс прыродзе, ацанілі больш чым у 23 тысячы рублёў. У адносінах да яго можа быць узбуджана і крымінальная справа.

З пачатку года на Магілёўшчы­не «ў сеткі» інспектараў трапілі звыш тысячы браканьераў. Часцей за ўсё інспектары затрымліваюць парушальнікаў, якія не саромеюцца лавіць ярша і сазана ў прамысловых маштабах. Вясенні нераст пры гэтым не перашкода, як і позняя восень, калі рыба перад доўгай зімоўкай масава збіраецца ў зацішных месцах рэк.

svet.markova@gmail.com 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter