Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дэлегацыя з італьянскага вострава Сардзінія прапанавала беларускаму гораду разам рэалізаваць турыстычныя і адукацыйныя праекты

Іглезіас пасябраваў з Бабруйскам

Што агульнага паміж італьянскім, сардзінскім горадам Іглезіас і беларускім Бабруйскам? Летась у кастрычніку яны сталі пабрацімамі, і за некалькі месяцаў сувязі паміж імі ўмацаваліся. Найбольш цікавыя для развіцця — кірункі ў сферах культуры, адукацыі, турысцкай, эканамічнай і нават гастранамічнай.

Марка Секкі на сустрэчы ў Бабруйску

У канцы лютага дэлегацыя з Іглезіаса, якую ўзначальваў памочнік прэзідэнта Аўтаномнага рэгіёна Сардзінія (Італія) па міжнародным супрацоўніцтве Марка Секкі, наведала Бабруйск. Некаторыя з гасцей-бізнесоўцаў прыбылі ў Беларусь з намерам інвеставаць у вытворчасць прадуктаў харчавання ці знайсці партнёраў у турыстычнай сферы.

У Ганаровым консульстве Беларусі ў Кальяры паведамілі пасля: на сустрэчы з мэрам Бабруйска Аляксандрам Студневым яго калегу — намесніка мэра Іглезіаса Сімоне Франчэскі — цікавіла супрацоўніцтва ў сферы турызму, эканомікі, адукацыі. У прыватнасці, сардзінцы прапаноўваюць укараніць праграму абмену школьнікамі. А таксама праводзіць сумесныя заняткі ў аб’яднанай групе: для навучэнцаў з Сардзініі, якія вывучаюць рускую мову, і ахвочых з Беларусі, хто спасцігае італьянскую. Тыя ўрокі могуць быць рознай тэматыкі — па экалогіі, геаграфіі, асваенні космасу, здаровым ладзе жыцця...

Сярод італьянскіх гасцей быў і ўладальнік адной з фабрык па вытворчасці нацыянальнай стравы, пасты, Антоніа Кос. Ён зацікаўлены ў тым, каб і бабруйчане палюбілі пасту гэтак жа, як італьянцы. Магчыма, у хуткім часе ў беларускім горадзе з’явіцца фабрыка па вытворчасці макаронных вырабаў.

Першым  са спланаваных мерапрыемстваў, мяркуецца, будзе прыезд у красавіку шэф-кухара з Сардзініі. Ён правядзе для бабруйскіх калег майстар-клас: раскрые некаторыя сакрэты нацыянальнай кухні.

Сардзінскія госці азнаёмілася таксама са славутасцямі горада на Бярэзіне, наведалі яго вядучыя прадпрыемствы. Дарэчы, да душы італьянцам аказалася беларускае надвор’е: казалі, яно і ў сцюжу выдатнае.

Пабывалі сардзінцы ў Мінску: іх чакалі ў Гандлёва-прамысловай палаце. Прайшлі перамовы гасцей з прадстаўнікамі гандлю, турызму.

Карына Аляксандрава

Голас Радзімы № 11 (3563), чацвер, 22 сакавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter