В агрогородке Крупица почтили память бывшего руководителя коллектива “Крупіцкія музыкі” Владимира Грома

І грымнуў музыкальны Гром

У прысталічным аграгарадку Крупіца ўшанавалі памяць былога мастацкага кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву “Крупіцкія музыкі” Уладзіміра Грома, якому на гэтым тыдні споўнілася б 70 гадоў

Заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь  Уладзіміру Грому, які больш за 30 гадоў кіраваў самадзейным музычным калектывам «Крупіцкія музыкі», было б 70 гадоў. Імя яго прысвоена цэнтру культуры прысталічнага аграгарадка Крупіца, на сцяне будынка ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Уладзіміра Мікалаевіча. Нарадзіўся ён у глыбіннай палескай вёсцы Сямурадцы, што побач са старажытным Туравам. Аддалены куток багаты на самародкаў беларускай культуры. З гэтых мясцін слынны Міхаіл Дрынеўскі, які амаль паўвека кіраваў Нацыянальным акадэмічным народным хорам Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, а таксама вядомы выканаўца Сцяпан Дубейка, аўтэнтычныя спевы якога часта гучаць па Беларускім радыё.

На вечарыну, прысвечаную памяці Уладзіміра Грома, сабраліся яго родныя, сябры, жыхары аграгарадка Крупіца, прадстаўнікі розных пакаленняў «Крупіцкіх музыкаў». Вяла яе жонка творцы Зоя Макараўна, якая з заснавання і па сённяшні дзень узначальвае Крупіцкую школу мастацтваў. 

Жыццёвы шлях Уладзіміра Мікалаевіча Грома багаты на шматлікія падзеі. Трынаццаць гадоў таму яго не стала. Удзельнікі вечарыны дзяліліся ўспамінамі пра выбітнага творцу, расказвалі пра яго кіпучую дзейнасць, пра спадчыну, якую ён пакінуў нашчадкам.


Моцнае сяброўства звязвала Уладзіміра Мікалаевіча і вядомага беларускага дзяржаўнага дзеяча Тадэвуша Стружэцкага, які ўзначальвае Беларускі фонд культуры. Часта разам адпраўляліся ў творчыя вандроўкі, удзельнічалі ў розных культурных мерапрыемствах у Беларусі і за мяжою.

Тадэвуш Іванавіч адзначыў незвычайны прыродны талент сябра, які быў сапраўднай глыбай як народны музыка. У яго для любой сітуацыі ў запасе былі жарты, адкрытая душа. Гэтым многія карысталіся. Сваёй шчырасцю заражаў іншых. Творчай дзейнасцю ўзбагаціў нацыянальную культуру. Адным з першых у краіне заняўся адраджэннем беларускага фальклору. Пасля стварэння аматарскага калектыву «Крупіцкія музыкі» адразу ў склад ансамбля ўвёў адноўленыя нацыянальныя інструменты. Гэту ініцыятыву падхапілі іншыя музычныя калектывы. Менавіта «Крупіцкія музыкі» першымі пачалі ўводзіць у рэпертуар класіку. Так атрымалі гучанне малавядомыя музычныя творы кампазітараў Міхала Клеафаса Агінскага і Міхала Ксаверыя Ельскага.

Кіраўнік «Крупіцкіх музыкаў» з самага пачатку творчай дзейнасці ўпэўнена заявіў сябе як кампазітар і выдатны аранжыроўшчык. Многія калектывы Беларусі і суседніх краін выконваюць яго творы. Кампазіцыі, апрацаваныя палескім самародкам, увайшлі ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча і Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г. Цітовіча, што сведчыць пра іх высокую ўзорнасць.

Уладзімір Мікалаевіч сыграў значную ролю ў аднаўленні забытых беларускіх музычных інструментаў. Па яго ініцыятыве на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, дзе ён выкладаў спецыяльныя дысцыпліны, створана лабараторыя па эксперыментальным вырабе рэдкіх інструментаў. Гэтай каштоўнай спадчынай карыстаюцца як студэнты і выкладчыкі, так і многія творчыя калектывы. 

Роднай для палешука стала прысталічная вёска Крупіца. Тутэйшыя да яго адносіліся, як да мясцовага: паважалі, з ім раіліся. Жыхары аграгарадка ўдзячны яму за дапамогу ў будаўніцтве Крупіцкай мед­установы. «Крупіцкія музыкі» з замежных гастроляў прывозілі медыцынскае абсталяванне, інструменты. Пералічвалі заробленыя за канцэрты грошы на ўзвядзенне будынка амбулаторыі. Па прапанове кіраўніка і прэмію Ленінскага камсамола падзялілі на дзве часткі: на адну набылі пяць халадзільнікаў дзіцячаму анкалагічнаму цэнтру ў Бараўлянах, а другую — пералічылі на ўсталяванне помніка ў Тураве асветніку Кірылу Тураўскаму. За сродкі, заробленыя на выступленнях за мяжою, забяспечылі мясцовых інвалідаў каляскамі і Крупіцкай амбулаторыі прэзентавалі сучасны аўтамабіль хуткай дапамогі.

Пра дзяцінства і юнацкія гады Уладзіміра Грома цікава расказаў зямляк і калега Мікалай Андрук. Яны выраслі на Тураўшчыне, дзе зямля шчодра адплачвае за клопат аб ёй. Пасля завяршэння палявых работ на Пакровы ў Сямурадцы з навакольных вёсак збіраліся госці на свята. Да сваякоў прыязджаў з гармонікам дзядзька Гранік. Садзіўся на прызьбе і расцягваў мяхі. Валодзя Гром не зводзіў вачэй з зухаватага музыкі. Калі дзядзьку запрашалі за стол, хлопчык з радасцю браўся за гармонік і пачынаў перабіраць пальцамі. Дзядзька прыкмеціў гэта імкненне пляменніка і стаў падвучваць яго. Апантаны ігрой на гармоніку Уладзімір настойліва асвойваў і трафейны інструмент, які сусед-франтавік прывёз з Нямеччыны... 

Пасля васьмігодкі Уладзімір цвёрда намерыўся атрымаць музычную адукацыю. На ўступных экзаменах у Гомельскім музвучылішчы адзін з членаў прыёмнай камісіі загадаў: «Ну, Гром, грымні!» І ён так грымнуў, што яго здольнасці аднадушна высока ацанілі. Сярод навучэнцаў былі ў асноўным выхаванцы музычных школ. 


Уладзіміру Грому прапаноўвалі атрымаць вышэйшую музычную адукацыю ў кансерваторыі, але абставіны прымусілі адмовіцца. Дома падрасталі тры браты, якіх бацькам трэба было паднімаць на ногі. Да службы ў арміі Уладзімір выкладаў спевы ў вясковай школе. Там лёс падараваў сустрэчу з дзяўчынай Зояй. Сяброўства перарасло ў шлюб. У пісьмах каханай ён расказваў, як арганізаваў хор і вакальна-інструментальны ансамбль. Удзельнічаў у духавым аркестры вайсковай часці. Рэкамендавалі прадоўжыць вучыцца ў Вышэйшай школе ваенных дырыжораў у Маскве. Перамагло жаданне спрабаваць сябе ў розных музычных жанрах. Адслужыў і стаў музычным кіраўніком у клубе Мінскай птушкафабрыкі імя Крупскай. Калі ў калгасе «Новы быт» адкрыўся Палац культуры, яму прапанавалі стаць дырэктарам. З жонкай Зояй Макараўнай і першынцам перабраліся ў прысталічную вёску, што была за тры кіламетры ад цэнтральнай сядзібы калгаса. Штораніцы пешшу дабіраўся малады дырэктар на працу і да позняга вечара не пакідаў Палац культуры. Спевамі і танцамі захапіў жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў гаспадаркі, вясковых інтэлігентаў. Вышэйшую музычную адукацыю Уладзімір Мікалаевіч атрымаў у Беларускім інстытуце культуры.

З ашаламляльным поспехам прайшоў першы канцэрт самадзейных крупіцкіх артыстаў. А потым іх сталі запрашаць у суседнія калгасы. Слава пра малады калектыў хутка разляцелася. Згуртаваўся касцяк музыкаў, спевакоў і танцораў. Ім апладзіравалі не толькі вяскоўцы, а і сталічныя гледачы. Сталі запрашаць на фестывалі, творчыя конкурсы. Уладзімір Мікалаевіч пільна падбіраў канцэртны рэпертуар. Дыпломамі і ганаровымі граматамі на самых прэстыжных рэспубліканскіх і міжнародных форумах адзначаліся «Крупіцкія музыкі». З калектывам Уладзімір Мікалаевіч пабываў у многіх краінах Еўропы. Выступалі ў Японіі. З нямецкімі калегамі ў яго завязалася моцнае сяброўства. Яму прапаноўвалі працу ў Германіі. Доўга думаў, раіўся з жонкай, сынамі і адмовіўся. Сэрцам адчуў, што не зможа пакінуць радзіму. Марыў пабываць у Амерыцы, каб пераканацца, ці ёсць за акіянам месца такому мастацтву, якое стала сэнсам яго жыцця.

Калі «Крупіцкія музыкі» ў Белдзярж­філармоніі адзначалі дзесяцігоддзе творчай дзейнасці, іх віншавала тагачасны рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры Ядвіга Грыгаровіч і запрасіла Уладзіміра Мікалаевіча выкладаць студэнтам. Творца апантана ўзяўся за выкладчыцкую справу. Перавёз ва ўніверсітэт асабістую калекцыю рэдкіх музычных інструментаў і адкрыў там арыгінальны музей. Па яго ініцыятыве створаны ансамбль народных інструментаў «Гуды».

Шмат экспанатаў і ў музеі Крупіцкага цэнтра культуры імя Уладзіміра Грома. Багатую спадчыну ён пакінуў. Як выказалася на вечарыне Зоя Макараўна Гром, ёй не пасуе слова «ўдава», таму што чым больш часу пасля адыходу ў нябыт мужа, тым больш яна адчувае яго прысутнасць. Жыццё яго было яркім і насычаным падзеямі. Выраслі два сыны. Яны маюць свае сем'і. Старэйшы Дзяніс стаў мастаком-керамістам. Вадзім — топ-менеджар у гандлёвай сетцы Лондана. Падрастаюць трое ўнукаў. Першага Уладзімір Мікалаевіч паспеў пагушкаць. Аляксей заканчвае сярэднюю школу і папоўніў танцавальную групу «Крупіцкіх музыкаў».

Вечарыну памяці былога кіраўніка слыннага самадзейнага калектыву завяршыла, па словах вядучай Зоі Макараўны Гром, музыкатэрапія. На сцэну выйшлі прадстаўнікі розных пакаленняў «Крупіцкіх музыкаў». І грымнуў гром цудоўнай музыкі!

 subbat50@mail.ru

Фота аўтара і з архіва «Крупіцкіх музыкаў».

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter