Кватэры "пад ключ" для 6000 спартсменаў i трэнераў: як Студэнцкая вёска рыхтуецца да II Еўрапейскiх гульняў-2019

Гатэль чакае зорак

Набліжаюцца II Еўрапейскія гульні, якія пройдуць у чэрвені 2019 года. Рыхтуемся да іх грунтоўна: удзел у спаборніцтвах прымуць атлеты з 50 краін. Гасцей сустрэнуць як належыць. Арганізуюць транспарт, меры бяспекі, харчаванне і, вядома ж, жыллё.

Для пражывання спартсменаў і трэнераў, а гэта больш за 6 тысяч чалавек, задзейнічаюць комплекс «Студэнцкая вёска». Той, што прымаў гасцей падчас ЧС па хакеі ў 2014 годзе. У якіх умовах будуць адпачываць прыезджыя спартсмены, даведалася карэспандэнт «Рэспублікі».

Студэнцкая вёска ў некалькіх кроках ад станцыі метро «Пятроўшчына»

Студэнцкая вёска — у некалькіх кроках ад станцыі метро «Пятроўшчына». Трапляю ў сапраўдны гарадок: тут размешчаны сем інтэрнатаў, у якіх пражывае 7 тысяч студэнтаў з 9 ВНУ. Адразу відаць, жывуць тут прыпяваючы. На тэрыторыі ёсць усё што душы заўгодна: кафэ, цырульня, магазіны, пральні, спартзалы, медпункты. Інфраструктура развітая, што павінна спадабацца нашым гасцям. Напрошваюся на экскурсію ў інтэрнат Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, дзе зараз пражывае амаль тысяча студэнтаў. У прасторным фае мяне ветліва сустракае загадчыца Зоя Гілько. Спярша праводзіць у святая святых — сталовую:

Працуе з 9 да 21. Тут можна ўзяць смачную гарачую ежу, або наведаць буфет — там ёгурты, напоі, садавіна... Калі трэба нешта дакупіць, па суседстве з намі кругласутачны гіпермаркет. Вельмі зручна.

Загадчыца інтэрната №10 БДМУ ведае тут кожны куток — працуе ад самага адкрыцця будынка ў 2011 годзе. Можна сказаць, набыла другі дом. І вялікую сям’ю — персанал не мяняецца, усе працуюць сумленна і з душой.

Сытна падсілкаваліся, можна і адпачыць. Выклікаем ліфт, каб патрапіць у жылую зону. Па лесвіцы пастаяльцы рэдка падымаюцца: усё ж у будынку 16 паверхаў. У інтэрнаце размясцілася 185 кватэр. У кожнай па два пакоі. На плошчы 12 квадратных метраў жывуць двое студэнтаў, на 20 «квадратах» размяшчаюцца трое. У пакоях у кожнага ёсць камфортнае спальнае месца, шафа з антрэсолямі, камп’ютарны стол і стэлаж — усё зручна размешчана. Студэнткі праводзяць экскурсію, але перарываюцца — спяшаюцца на заняткі, і велікадушна дазваляюць мне пагаспадарыць у іх адсутнасць. Азіраюся: акрамя жылых пакояў у кватэры ёсць калідор, санвузел, ванны пакой, а таксама кухня.

— Ёсць усё што трэба, — Зоя Гілько дапамагае мне асвойтацца. — Электрычная варачная панэль, ёмісты халадзільнік і іншае кухоннае начынне.

Агульная плошча інтэрната — 25 тысяч квадратных метраў. Жылая зона займае ўсяго 10 тысяч «квадратаў», а 15 тысяч аддадзена для побыту і вольнага часу. Спускаемся ў падвал — тут ёсць памяшканне для захоўвання веласіпедаў. На першым узроўні размясцілася пральня: стаяць машыны, сушбарабаны, прасавальныя дошкі і прасы. Ёсць пакой для рамонту адзення — са швейнай машынкай заўсёды дапаможа справіцца кастэлянка.

Дарэчы, для зручнасці жыхароў працуюць дзве камеры захоўвання з металічнымі ячэйкамі. Падымаемся вышэй: у кабінеце самападрыхтоўкі ёсць камп’ютары. Зазіраю і ў памяшканне з таблічкай «Пакой рэлаксацыі»: тут, уладкаваўшыся на зручнай мяккай мэблі, можна адпачыць і падзяліцца праблемамі з прафесійным псіхолагам.

Спартсмены змогуць трэніравацца, нават не выходзячы з інтэрната. 
Фота Дзмітрыя Зелянкоўскага

Усё прадугледжана і для душы, і для цела: націскаю кнопку ліфта і трапляю на пяты паверх. Студэнты клічуць яго «спартыўным», і нездарма. Тут размешчана трэнажорная зала з сучасным абсталяваннем.

Фізрук праводзіць інструктаж, і я далучаюся да двух хлопцаў, якія качаюць біцэпсы да лета. Акрамя таго, зоны для спорту размешчаны на дзявятым, дзясятым, адзінаццатым і іншых паверхах. Усяго — пяць залаў для фітнесу, аэробікі, танцаў, не лічачы зон для настольнага тэніса. Усё абсталявана па апошнім слове тэхнікі.

Карацей, усім, што ёсць у распараджэнні студэнтаў БДМУ, у чэрвені 2019 года змогуць карыстацца замежныя спартсмены. Дарэчы, падчас чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе ў гэтым інтэрнаце жылі валанцёры.

— Амаль сто чалавек, занялі ўвесь шосты паверх, — успамінае Зоя Гілько. — Усе ў адзін голас паўтаралі, як ім тут спадабалася. Засталіся вельмі задаволеныя ўмовамі.

Яна заўважае, што ў розны час у інтэрнаце пражывалі студэнты-стажоры з Расіі, Казахстана, Польшчы і нават Японіі. Прызнаваліся, што такой Студэнцкай вёскі ў іншых краінах яны яшчэ не сустракалі. Тут — максімум зручнасці.

Дарэчы, падчас Еўрагульняў у вёсцы будуць пражываць прадстаўнікі нацыянальных зборных розных краін. «У дадзены момант вызначаецца колькасць каманд і спартсменаў, якія будуць заселены ў інтэрнат БДМУ. Прыблізна — каля 700 чалавек, — тлумачыць Павел Маркаўцан, прарэктар па выхаваўчай рабоце БДМУ. — Перад Гульнямі тут абавязкова правядуць касметычны рамонт, інтэрнат прывядуць у адпаведнасць з патрабаваннямі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў».

Асаблівую ўвагу ў інтэрнаце нададуць бяспецы. Хоць, як сцвярджае яго загадчыца, гэтым пытанням і ў звычайныя буднія дні надаюць максімум увагі.

Зоя Гілько праводзіць мяне па тэрыторыі:

— У нашым інтэрнаце працуюць дзевяць відэакамер — шэсць звонку, тры ўнутры. За тым, што адбываецца на маніторы, кругласутачна сочаць дзяжурныя, якія працуюць пазменна. Таксама 24 гадзіны «на варце» ліфцёр. Працуе адладжаная сістэма апавяшчэння і пажаратушэння. У выпадку эвакуацыі пакінуць будынак можна па спецыяльных незадымляльных лесвіцах. У будынку ёсць пяць выхадаў, — разам з загадчыцай зазіраем на адну такую лесвічную клетку —лесвіцы прасторныя, праходы нічым не загрувашчаны. Усе дзверы адчыненыя.

Дарэчы, у праграму Еўрагульняў-2019 уключаны 15 відаў спорту: чакаем тысячы спартсменаў. У нашу краіну прыедуць і ВІП-госці, акрэдытаваныя ўдзельнікі Гульняў — усяго каля 2,8 тысячы чалавек. Яны размесцяцца ў гасцініцах адпаведнага класа. Для балельшчыкаў і турыстаў будзе даступна амаль 10 тысяч месцаў, не лічачы кватэр, якія здаюцца ў арэнду. Акрамя таго, для гасцей прадугледжаны месцы пражывання ў вобласці. Гасцініцы, санаторыі і аграсядзібы змогуць змясціць 18,2 тысячы чалавек. Калі будзе неабходна, задзейнічаюць інтэрнаты ВНУ — тыя на час стануць хостэламі. Калі не браць у разлік комплекс «Студэнцкая вёска», у 84 такіх інтэрнатах зможа засяліцца 41 тысяча турыстаў.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter