Айцец Сергій – настаяцель сабора Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім, у сям'і якога дзевяць дзетак, ладзіць летнія лагеры для мясцовых школьнікаў

«Галоўнае, каб тыя, хто прыходзіь у храм, змяніліся да лепшага»

У ДЗЕВЯНОСТЫЯ гады мінулага стагоддзя на вуліцах Глыбокага можна было ўбачыць рэдкую з’яву. Па дарозе ехаў аўтамабіль з кузавам нязвыклай формы і шклянымі слоікамі замест фар. Гэты цуд тэхнікі рабіў столькі грукату, што сабакі разбягаліся, а ў райвыканкаме беспамылкова вызначалі: “Забор’еўскі бацюшка Антоній пад’язджае”.

Улада яго паважала. І не толькі за тое, што аднавіў некалькі храмаў, але і за нейкую своеасаблівую любоў да вёскі, яе жыхароў. Да яго на пропаведзі і на вялікія святы сцякаліся людзі з усёй акругі. А калі пачыналася на калгасных палетках жніво, ён сам садзіўся за штурвал камбайна, а памочнікамі браў сыноў.

Некалькі разоў гэты неардынарны чалавек гасцяваў у нашай сям’і, напісаную ікону-карціну, на якой выяўлены апосталы ў жытнёвым полі, падарыў.

Аднойчы прынёс дыхтоўны сшытак з напісанымі ад рукі апавяданнямі, пачытаў некаторыя даволі яркія жыццёвыя нататкі, аднак, на жаль, рукапіс той, з-за сціпласці, відаць, не пакінуў.

Выглядаў, нягледзячы на ўзрост, такім асілкам, але нечакана злёг і згас.

Было шкада, што ўсё-такі вельмі мала ведаю пра гэтага чалавека, бо сам ён пра сябе мала расказваў.

І вось з цягам часу даведаўся, што настаяцелем храма Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім, помніка архітэктуры XVII стагоддзя, назначаны ўнук Антонія — айцец Сергій ГРАМЫКА.

З айцом Сергіем мы сустрэліся, каб пагутарыць, у першы дзень новага года пасля службы ў пакоі для хрышчэння, пасярод якога ў форме крыжа была зроблена вялікая прыгожая балея з мармуру.

НА ЗДЫМКУ: айцец СЕРГІЙ, матушка ЮЛІЯ і іх вялікая сям’я.

— Гэта для дарослых, якія жадаюць прыняць хрышчэнне, — патлумачыў святар.— Раней вазілі іх на крыніцу Іаана ў Чарневічы ці проста на возера.

— І ёсць жадаючыя?

— Ёсць. Усё больш і больш людзей прыходзіць да Бога. І гэта радуе.

А працягнулася размова пра дзеда айца Сергія — протаіерэя Антонія, якому ў свой час прапаноўвалі якраз служыць настаяцелем у гэтым самым саборы Раства Прасвятой Багародзіцы.

— Айцец Сергій, раскажыце пра дзядулю, протаіерэя Антонія Карандзея. Надта ж неардынарны і цікавы быў ён як чалавек і як святар...

— Нарадзіўся Антоній у вёсцы Белае на Полаччыне. У вайну, было яму год пятнаццаць, быў вывезены ў Германію. Пасля вяртання служыў у арміі, а затым вучыўся жывапісу. Святаром стаў не адразу. Працаваў гравёрам, мастаком на адным з полацкіх заводаў. У 1977 годзе па благаславенні айца Міхаіла Кузменкі, настаяцеля полацкага храма Прападобнай Еўфрасінні, пайшоў у святары. Вельмі доўга служыў у царкве Свяціцеля Мікалая ў вёсцы Забор’е Глыбоцкага раёна. Я прыязджаў з горада да яго на летніх канікулах і ўзімку, і гэта была мая самая лепшая пара. Побач з царквой знаходзілася бібліятэка. Тут жа і дом дзядулі. Гэта быў сапраўды святар. Мы разам з ім маліліся. Ранішнія, вячэрнія малітвы. Ніколі не прымушаў, але ў мяне было такое пачуццё, што мне самому трэба гэта. І колькі пераглядаю жыццё, усё больш і больш разумею гэта. Памятаю, уставаў ён рана і хадзіў касіць траву. Дапамагаў так жанчыне-ўдаве. І іншым таксама памагаў як мог. Ніколі не павышаў голас. Нас, дзяцей, збіраў у сваёй майстэрні, і мы там рабілі ўсялякія маторныя самалёцікі, лодкі. І машыну гэтую легкавую, на якую ўсе глядзелі як на цуд нейкі, сам сабраў з розных запчастак. Вельмі рукасты быў. Аднавіў храмы ў вёсцы Пліса, у Парэччы. Шмат сіл аддаў на гэта ўсё. Іконы сам пісаў. У Полацкім Богаяўленчым саборы яны былі. Цяпер жа знаходзяцца ў нядзельнай школе. Дзядуля вельмі шмат пісаў. Усё цікавае, што чуў ці чытаў, занатоўваў. І калі я прыязджаў на лета да яго, то таксама даваў мне заданне напісаць адзін аркуш. Даводзілася часам і па 5—6 аркушаў, бо калі прагуляю, неабходна было “дагнаць” страчанае. Ён нават на машынцы друкаваў свае запісы, апавяданні. У мяне так не атрымліваецца пакуль што, і я яму нават зайздрошчу.

— Колькі было дзяцей у айца Антонія?

— Чацвёра. Мая маці Ганна, Марыя, якая ужо 35 год знаходзіцца ў манастыры ў Іерусаліме, Васіль, які жыве ў Санкт-Пяцярбургу (сын Дзмітрый якога таксама святар) і самы малодшы Аляксандр, які цяпер святар у Наваполацку.

— Ваш бацька таксама святар?

— Не, мой бацька Аляксей будаўнік. А вось Пётр, мой другі дзядуля па бацькавай лініі, быў надта веруючым чалавекам. Калі заходзіў да старшыні калгаса, то здымаў шапку і перахрышчваўся, а потым ужо звяртаўся да тых, хто знаходзіўся ў пакоі. У вёсцы яго клікалі “багамол”. А вось бабулін бацька Мікалай быў дыяканам, прадзед Ніканор — протаіерэем. Гэта для мяне ўжо з некалькімі пра-пра-пра...

— Айцец Сергій, відаць, у вас ужо самім лёсам было наканавана прадоўжыць гэтую, такую вялікую святарскую дынастыю?

— Не зусім. Але здарылася так, што калі вучыўся ў шостым класе, моцна захварэў. На адным воку было адслаенне сятчаткі. Зрабілі даволі складаную аперацыю. Давялося каля двух месяцаў ляжаць у бальніцы. І вось тады ў думках я сабе даў слова, калі ўсё добра будзе, то пайду ў святары. Аднак пасля школы давялося яшчэ скончыць Наваполацкі палітэхнікум, папрацаваць на “Паліміры” ў Наваполацку. І вось аднойчы ўзяў на заводзе адгул і паехаў у Пскова-Пячорскі манастыр, дзе пажыў побач з бацюшкамі. Праз некаторы час яшчэ раз. Тады ж было канчаткова вырашана падацца ў святары. У семінарыю ўжо ішоў набор, і я, вобразна кажучы, ускочыў у апошні вагон. Пасля трэцяга курса ажаніўся, перанёс яшчэ адну аперацыю на воку, і давялося ўзяць акадэмічны. Пайшлі дзеці, і семінарыю заканчваў ужо завочна.

— А хто ваша жонка, ці, як па-царкоўнаму, матушка?

— Юлія Аляксандраўна скончыла аграрна-эканамічны тэхнікум. Аднак папрацаваць па набытай спецыяльнасці бухгалтара ёй амаль што не давялося. Як пайшла ў дэкрэтны адпачынак пасля нараджэння першага дзіцяці, то цэлых дваццаць год з яго фактычна і не выходзіла.

— Як гэта?

— Дзевяць дзяцей нарадзіліся за гэты час. Самай старэйшай, Тамары, 20 год. Яна вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Другая дачка, Апалінарыя, паступіла таксама ў ВДМУ. Туды ж збіраецца і Насця, якая вучыцца цяпер у дзясятым класе. Сын Уладзімір у сёмым класе, Марына і Вольга — адпаведна ў пятым і трэцім, Мікалаю ідзе шосты год, Івану пяты, а самай малодшай, Еўдакіі, неўзабаве павінна быць 9 месяцаў.

— І як вы спраўляецеся з такім “дзетдомам”?

— Матушка больш за дзецьмі глядзіць. Старэйшыя малодшых “цягаюць”. Памятаю, калі і мая маці захварэла, яна ў Багушэўску ў бальніцы ляжала, то мне прыйшлося сядзець са сваім малодшым братам, якому было ўсяго тры месяцы. А я тады толькі ў сёмы клас перайшоў. Пакуль бацька быў на рабоце, я заставаўся за няньку. Думаю, што калі дзеці працуюць — гэта заўсёды добра. Вось і мае дзеці, хоць зрэдку, можа, і прыленьваюцца, але не адвільваюць ад работы. Старэйшыя за меншымі назіраюць: пакормяць, прыгатаваць ужо нешта могуць самі.

— Відаць, цеснавата такой вялікай сям’і ў кватэры. Вам бы ў катэджы асобным пасяліцца?

— Кватэра ў мяне дзякуй уладам 139 метраў квадратных. Месца хапае. Як залезуць дзеці да бацькі спаць, то адзін пакой і ўвогуле застаецца пусты. А калі б была свая сядзіба, то не ставала б часу за ёй глядзець.

— Ведаю, што, акрамя царкоўнай службы, шмат намаганняў аддаяце аднаўленню і падтрыманню ў належным стане самога сабора, помніка архітэктуры XVII стагоддзя.

— Ну гэта ж не заслуга мая, а асабісты абавязак, і дзякуй зноў-такі ўладзе, а таксама ўсім тым многім людзям, якія дапамагаюць у гэтай справе. Дзесяць год таму мы зрабілі вялікі вонкавы рамонт, потым унутры: алтара і ў малой царкве. Час ідзе, і зноўку нешта трэба паднаўляць. Але ж галоўнае — зрабіць не царкву, не храм, а каб тыя, хто прыходзіць у яго, змяніліся да лепшага, душу сваю ўкласці. А потым падрыхтоўка да свята, хрэснага ходу ў гонар святыні сабора Цудатворнай іконы Афонскай Божай Маці “Дастойна ёсць”, якая з’яўляецца галоўнай ігуменняй храма і дапамагае людзям у іх бедах. Да таго ж нямала часу адымае падрыхтоўка да дзіцячага аздараўленчага лагера.

— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра яго.

— Яму каля паўтара дзясятка год. Калі начальнікам міліцыі быў Аляксандр Авяр’янаў, мы яго і стварылі. Я тады яшчэ ў Плісе служыў, пасля смерці айца Антонія. І тады ў мяне з’явілася задумка зрабіць для дзяцей такі адпачынак на канікулах, бо бачыў, што і іншыя гэтым займаюцца. Найперш адкрылі лагер у Залессі, у школе, затым у Гатаўшчыне, потым зноўку вярнуліся ў Залессе, і ўрэшце нам адмовілі зусім: па той простай прычыне, што ў школе патрэбна рабіць рамонт да новага навучальнага года, а мы займаем месца. Зладзілі часовы ў лесе, а затым, калі зачынілі Перадольскую школу, то яе аддалі нам. Там мы нядрэнна абсталяваліся, тым больш што санстанцыя кантралюе строга. Месца на прыродзе, прыгожае. Дрэнна толькі, што возера няма побач. Але знайшлі выйсце: паставілі басейн такі каркасны, 7,5 метра на 3,5 метра. Лагер гэты арганізаваны сумесна з раённым аддзелам адукацыі. Выхавацелі — настаўнікі Глыбоччыны. Усё ў ім, як і ў іншых лагерах: пад’ём, зубы пачысцілі, зарадка і — малітва. Галоўнае, каб дзеці засталіся жывыя, здаровыя і каб зрабіліся добрымі людзьмі. Для мяне як для святара гэта вельмі важна, таму што без Бога стаць добрым чалавекам цяжка.

— Які ўзрост дзяцей?

— Ад 6 год да 17—18. Мой Ваня ў чатыры гады там бегаў. Дзеці самыя розныя і з розных месцаў. Бывае, не без гэтага, што і даволі праблемныя трапляюць. Ладзім неяк, спраўляемся, дзякуй Богу. Трапіць у лагер шмат жадаючых, і не ўсім, на жаль, хапае месца, хаця праходзіць праз яго да 90 чалавек.

— Айцец Сергій, хочацца вярнуцца да пачатку нашай гутаркі пра дапатопны аўтамабіль айца Антонія. Ці набыў ён новы хоць пад канец свайго жыцця?

— Купіў старэнькі “Запарожац”.

— З Раством Хрыстовым вас і вашу сям’ю!

— Дзякуй!

saulich@bk.ru

Фота з архіва
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter