Сярод гасцей на другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету былі і суайчыннікі з Італіі з сяброўкай-італьянкай

Гадзіннік Розы Мантана

Мікалай Бойка

Сярод гасцей на другім Фэсце мастацтваў беларусаў свету былі і суайчыннікі з Італіі з сяброўкай-італьянкай


“Усе мы, уключаючы італьянку Розу Мантана, уражаны дабрынёй і цеплынёй прыёму ўсюды, дзе пабывалі”, — казала мне Таццяна Пумпулева, кіраўнік асацыяцыі BELLARUS з Неапаля. Ураджэнка вёскі Журавічы, што ў Рагачоўскім раёне Гомельшчыны, дадала: Мінск вельмі ўразіў гасцей прыгажосцю і чысцінёй. Не без гордасці згадала, што ў Журавічах нарадзіўся і Фрыдрых Нязнанскі: юрыст, публіцыст, пісьменнік. Гэтае імя вядомае дзякуючы дэтэктывам “Марш Турэцкага”, “Агенцтва “Глорыя” ды іншым. “Мы адчулі пачуццё гонару за родную краіну, — прадоўжыла Таццяна, — І наша італьянка Роза была вельмі натхнёная паездкай. Ёй спадабалася абсалютна ўсё! Сваякі тэлефанавалі ці не кожную гадзіну, перажывалі: як яна тут? А Роза перажывала, не могучы іх пераканаць, што тут усё выдатна!”

Беларускі Неапаля на Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску
Беларускі Неапаля на Фэсце мастацтваў беларусаў свету ў Мінску

Потым з Італіі землякі мне паведамілі: дома іх сяброўка Роза дала “поўную справаздачу” перад роднымі, блізкімі і сябрамі, з фота і відэапраглядамі, дзе была і што бачыла. І яны, кажуць, былі ў здзіўленні, што Беларусь такая цудоўная краіна. Сувеніры і падарункі Роза расставіла па ўсім доме: экзотыка! А гадзіннік-падарунак ад Міністэрства культуры Беларусі павесіла на сцяну і… устанавіла паводле  беларускага часу.

Беларускі Неапаля 19 кастрычніка ўдзельнічалі ў VI Фестывалі славянскай культуры, які праходзіў у канцэртнай зале марскога порта. Традыцыйнае свята песні і танца мае назву “Славянскі базар у Неапалі”, яно сабрала больш за тысячу гледачоў, сярод якіх — і нашы суродзічы. Была там выстава-продаж карцін, вырабаў майстроў народнай творчасці. Ладзіўся вялікі гала-канцэрт з удзелам рускіх, беларускіх і ўкраінскіх артыстаў, якія жывуць у Італіі, а італьянскія танцоры з Мілана, Рыма ды іншых гарадоў выконвалі славянскія танцы.

Ураджэнкі Беларусі на фэсце “Славянскі базар у Неапалі”
Ураджэнкі Беларусі на фэсце “Славянскі базар у Неапалі”

Праз тыдзень беларусы Неапаля ўдзельнічалі ў XVI цырымоніі ўручэння літаратурна-паэтычнай прэміі “Два воблакі ў нябёсах”. Яна заснавана ў гонар Гуіда Джусціньяна, паэта, багаслова, юрыста і манаха-францысканца. Цырымонія праходзіла ў зале Сіта V манастыра Сан-Ларэнца Маджорэ ў Неапалі. У праекце ўдзельнічаюць мастакі, філосафы, музыканты і паэты з розных куткоў Італіі: дасылаюць свае вершы, каб пазмагацца за галоўны прыз конкурсу. Сёлета ва ўрачыстасці ўдзельнічалі хор асацыяцыі BELLARUS і неапалітанскі музычны гурт Rarecanova. “Мы з задавальненнем удзельнічаем у падобных імпрэзах”, — удакладніла Таццяна. А нядаўна, 5 лістапада, праходзіў форум Open Day Беларусі. Праходзіў ён, па словах субяседніцы, “у адной вельмі важнай італьянскай асацыяцыі, звязанай і з ЕС, і з Кампаньяй —  адміністрацыйным рэгіёнам Італіі”. На форуме суайчыннікі прадстаўлялі Беларусь праз культуру, традыцыі, абрады і нацыянальную кухню. І Роза Мантана падахвоцілася паўдзельнічаць: вывучыла песню на беларускай мове, а Таццяна Пумпулева “падшліфавала” яе вымаўленне. Дарэчы, у Неапалі з 5 лістапада працуюць бясплатныя курсы для тых, хто жадае навучыцца чытаць у арыгінале творы Якуба Коласа. Цікава, што паралельна робяцца і незвычайныя ілюстрацыі да іх… з гліны. Пры “пасрэдніцтве”  старажытнага беларускага рамяства, лічыць Таццяна Іванаўна, лягчэй засвойваецца і сама мова.

Хоць спраў у беларусаў Неапаля шмат, ды ўсё ж папрасіў я Таццяну пашукаць звесткі пра майго земляка з вёскі Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Шчыра ўдзячны, што яна згадзілася дапамагчы. Я ведаў: у складзе 2-га Польскага корпуса Антон Крыцкі ваяваў супраць фашыстаў у Італіі ды загінуў незадоўга да Перамогі: 17 красавіка 1945 года. Падключыўся да пошукаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Італьянскай Рэспубліцы Яўген Шастакоў. Ён паведаміў: магіла Антона Паўлавіча знаходзіцца на польскіх вайсковых могілках пад Балонняй, у Сан Лацара дзі Савена. Паклон вам за добрую справу, дарагія сябры-суайчыннікі! Магчыма, падумалася мне, там пахаваны і іншыя нашы суайчыннікі, лёс якіх па гэты час на Бацькаўшчыне застаецца невядомым... Гэтая інфармацыя дае магчымасць да 70-х угодкаў Вялікай Перамогі аднавіць гістарычную справядлівасць. Мяркую, і ў вёсцы Лелікава, на помніку воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, з’явіцца прозвішча Антона Крыцкага.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter