Вышываныя карціны захоўваюць настрой і пачуцці сваіх стваральніц

Гісторыі з ігольнага вушка

Вышываныя карціны захоўваюць настрой і пачуцці сваіх стваральніц


Напярэдадні 8 Сакавіка вышывальшчыцы з клуба “Сузор’е” прадставілі свае новыя работы на выставе “Прадчуванне вясны” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Якія тэмы, колеры, тэхнікі каму з майстрых бліжэй да душы? Ліліі Комак ды Ларысе Захарчанцы, напрыклад, падабаюцца пейзажы, Таццяне Барадзіной — партрэты.  Розныя кампазіцыі крыжыкам ды гладдзю вышывае Святлана Аляксеева... 


Пад час выставы майстрыхі дзяліліся новымі ідэямі вышыўкі
Фота: Кацярына Мядзведская


Што карціны вышываныя, бачна толькі зблізку. Здалёк здаецца: намаляваныя алеем ці алоўкам. Пра вышыўку як высокапрафесійнае майстэрства казаў на вернісажы загадчык кафедры культуралогіі Белдзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў, прафесар Аляксандр Смолік: “Ствараць такія шэдэўры могуць людзі, авеяныя ласкаю ды цяплом сонейка, жыватворнаю сілаю Зямлі і Неба”. Ён падзякаваў вышывальшчыцам, што зберагаюць спадчыну, тэхналогію традыцыйнай вышыўкі. “Памятаю, паўвека таму вышывалі мае сёстры, — казаў Аляксандр Іванавіч. — Дзяўчаты стваралі сабе прыданае: падушачкі, ручнікі, посцілкі... І так было па ўсёй краіне”. А цяпер цікавасць да вышыўкі вяртаецца. Бачна тое па адзенні, што носіць моладзь, а гэта — і вышываныя кашулі, і спадніцы. “Нарэшце надакучыла хлопцам і дзяўчатам масавая “шырпатрэпная” прадукцыя!” — радуецца прафесар. Надалей, ён упэўнены, колькасць майстроў будзе павялічвацца. Сёння ж запатрабаваная спецыяльнасць “народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Колькі год ужо на яе вялікі конкурс: шмат хто з маладых людзей хоча прафесійна займацца саломкаю, выцінанкаю, ткацтвам...

Кіраўніца клуба “Сузор’е” Наталля Сак назвала выставу “Прадчуванне вясны” чароўнаю: “Нездарма кажуць, што вышывальшчыцы бачаць свет праз вушка іголкі. Для іх усё звычайнае ператвараецца ў сапраўдную казку. Свае гісторыі майстрыхі ствараюць на кавалачках тканіны пры дапамозе іголкі ды нітак. А колькі адценняў, эмоцый, пачуццяў, незвычайных сюжэтаў можна пабачыць у кожным творы!”


Японка. Вышыўка Л. Раткевіч
Пра тое, што вышыўка і лекуе, казала мне ў гутарцы Людміла Раткевіч: “З’яўляецца адчуванне шчасця, задаволенасці, калі з-пад іголкі нара-джаецца карціна. Колеры мне падабаюцца яркія: буйства фарбаў надае сілаў, дорыць радасць, натхненне. Вышываючы, забываюся на свае праблемы, нягоды”. Вышыўкай займаліся і маці, і бабуля майстрыхі, сама яна да занятку прывучаная з дзяцінства. Муж Людмілы ўсяляк яе падтрымлівае ў захапленні. Праз інтэрнэт заказвае прыгожыя, рэдкія схемы. Такія, напрыклад, як іконы вядомай балгарскай дызайнеркі-мастачкі Стаянкі Іванавай. За некаторымі ездзіць нават у Маскву. Дапамагае з афармленнем: падбірае рамкі, кампануе карціны па серыях.

Важнаю часткай жыцця вышыўка стала і для адной з заснавальніц клуба Людмілы Зайцавай. Вышывае ўжо больш за 15 год. Заўсёды ў рабоце дзве-тры карціны. І на кожную патрэбна месяцаў пяць-шэсць. Твораў у яе ўжо шмат, і спыняцца не збіраецца. “Не паверыце: вышываю па 8-10 гадзін у суткі, а хочацца яшчэ і яшчэ!” — гаворыць яна. Сярод работ Людмілы на выставе — нацюрморты з яблыкамі, цюльпанамі, пейзажы. Адна незвычайная, падобная на чорна-белы фотаздымак: як дзяўчынка глядзіць у вакно, за якім мітуслівы горад... А на вышыўцы “Рыбачок” — хлопчык, адзін ў адзін, гаворыць Людміла, яе ўнук Захар. У свае 8 год малы добра ведае, што такое вышыванне, цікавяцца рукадзелем і нявесткі.

Абедзве вышывальшчыцы Людмі­лы, з якімі я гутарыла, прымалі ўдзел амаль ва ўсіх выставах клуба “Сузор’е”. А іх за 8 год існавання было больш 30. Да кожнай рыхтуюць новыя творы, радуюцца, калі іх работы некаму падабаюцца. Прызнаюцца: ніводнай вышыўкі яны не прадалі, а падарыць — іншая справа: тое робяць з задавальненнем. Дарэчы, важны кірунак работы “Сузор’я” — дабрачыннасць. Клуб сябруе з Лагойскім дзіцячым домам інвалідаў. Часта едуць туды майстрыхі з падарункамі: адзеннем, цацкамі, кніжкамі. Праводзяць там і майстар-класы: навучаюць хлопчыкаў і дзяўчынак вышыўцы, пасля ладзяць сумесныя выставы. І дзеці чакаюць тых прыездаў, з дапамогаю вышывальшчыц акунаюцца ў асаблівы свет, у якім няма болю, усе цяжкасці — вырашаюцца, а ўсе мары — ажыццяўляюцца.

Як бачым, вышыўка не толькі, нібы нітачка, звязвае мінулае і сучаснасць, але і паядноўвае сэрцы ў пачуццях дабрыні, міласэрнасці, прыгажосці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter