У Белавежскай пушчы ствараецца Музей старажытнага чалавека

Экскурсія ў мінулае

У Белавежскай пушчы ствараецца Музей старажытнага чалавека

У паселішчах старажытнага чалавека ад эры мезаліту да ранняга сярэдневякоўя можна будзе ў хуткім часе пабываць у археалагічным музеі пад адкрытым небам, што ў Белавежскай пушчы. Там наведнікі змогуць не толькі пазнаёміцца з побытам і культурай плямён, якія засялялі тэрыторыю сучаснай заходняй Беларусі, але і паспрабаваць развесці агонь спосабам трэння драўляных палачак, вырабіць прылады для палявання альбо выдзеўбці лодку пры дапамозе каменнай сякеры.

Ідэя стварэння музея з’явілася ў 2009 годзе. Менавіта тады, пад час падрыхтоўкі да святкавання 600-годдзя запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы, супрацоўнікамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі былі выяўлены археалагічныя аб’екты перыядаў ад мезаліту (IX-V стст. да н. э.) да ранняга сярэдневякоўя (XV ст. н. э.). Тыя знаходкі заахвоцілі навукоўцаў стварыць на тэрыторыі Нацыянальнага парку ўнікальны археалагічны музей.

Плануецца, што новая экспазіцыя зойме плошчу каля 14 га і будзе ўключаць 7 комплексаў розных эпох. Так, з ладам жыцця старажытных людзей наведнікі змогуць азнаёміцца на стаянцы эпохі мезаліту. У “чумах”, пабудаваных у форме конусаў, будуць прадстаўлены шматлікія прылады для палявання. “Першыя” стрэльбы змогуць паспрабаваць вырабіць і ўсе жадаючыя. Пра часы неаліту таксама раскажуць рэканструяваныя дамы таго часу ды ахвярнік з рэшткамі ахвярапрынашэнняў. На стаянцы бронзавага веку прадэманструюць атрыбуты цырымоніі пакланення багам земляробства, рэчы з бронзы, а таксама тканыя вырабы з воўны і раслінных валокнаў.

Турысты змогуць пабываць на гарадзішчы I тысячагоддзя да нашай эры, дзе размесціцца вялізны комплекс жылых і гаспадарчых пабудоў. Зайсці на падворкі ганчара, каваля, хлебароба, дрэваапрацоўшчыка ці лозапляцельшчыка можна будзе ў славянскім паселішчы, што адлюструе побыт славян V-X стагоддзяў. Яшчэ — наведнікам прапануюць прайсці па “паляўнічай сцежцы”, уздоўж якой будуць расстаўлены пасткі ды сеткі для лоўлі жывёл, выкапаны лоўчыя ямы.

Па задумцы аўтараў праекта, на тэрыторыі музея будуць праходзіць разнастайныя тэматычныя фесты­валі, канферэнцыі па біялогіі, батаніцы, археалогіі, а таксама практычныя заняткі для школьнікаў і студэнтаў па археалогіі.

Будаўніцтва музея пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы прадугледжана “Дзяржаўнай праграмай аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў” на 2016—2020 гады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter