Дзяцінства — без вайны

Былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў пашырылі патрыятычную акцыю “Не — фашызму, дзяцінства — без вайны!” на краіны Заходняй Еўропы і Казахстан
Летась мы пісалі: хор былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў “Судьбы” з Першамайскага раёна Мінска правёў Урокі мужнасці ў Санкт-Пецярбурзе і Хельсінкі (“Не старэюць душой” — ГР, №46, 10.12.2016). Напрыканцы лютага ў рэдакцыі пабывала Галіна Змушко, кіраўніца хору: яны з сябрамі збіраліся ў Вену, Браціславу, Карлавы Вары. З’ездзілі! І вось мы сустрэліся пасля Дня Перамогі — а хор нядаўна вярнуўся з Астаны. “Не сядзіцца нам дома! — жартуе Галіна Ігнацеўна. — Скарысталіся на гэты раз акцыяй “Аэрофлота”: з 3 па 12 мая былым вязням фашысцкіх канцлагераў можна было ляцець бясплата ў любы пункт былога СССР, а ветэранам вайны — і ў Заходнюю Еўропу. Мы ж вырашылі сваю акцыю “Не — фашызму, дзяцінства — без вайны!” пашырыць і на Казахстан”. 


Галіна Змушко

Перамовы, падрыхтоўку вялі праз МЗС, Пасольства Беларусі ў Казахстане. “Дарадца-пасланнік Дзмітры Зорын узяў над намі шэфства, — згадвае субяседніца. — З ім праграму распрацоўвалі, узгаднялі. З 7 па 12 мая ў Астане былі. Дэсант немалы: 17 чалавек. Сустрэлі, пасялілі ўсіх у хостэле, на 21-м паверсе. Вельмі-вельмі задаволеныя тым, як усё прайшло”.

Хор выступаў перад студэнтамі, выкладчыкамі ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце. Там, дарэчы, сустракаліся і з актывістамі беларускай дыяспары, лідарам суполкі “Радзіма” Дзмітрыем Астаньковічам. На жаль, на бягу, бо справы прыспешвалі. Мінчане ўдзельнічалі ва ўрачыстым ускладанні вянка ад Беларусі да помніка Івану Панфілаву: летась у Астане адкрыты мемарыяльны комплекс, бо 316-я дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Панфілава стваралася ў Казахстане, у Алмацінскай вобласці. 

Потым ветэраны з Мінска былі ў радах шэсця “Бессмертный полк”. Сотні нашчадкаў удзельнікаў вайны з партрэтамі рухаліся да манумента “Отан коргаушылар” (“Абаронцам Айчыны”). А жывым сведкам вайны была асаблівая ўвага. “Мы ўбачылі, адчулі, як казахскі народ паважае ветэранаў, як шануе памяць пра мінулае, — гаворыць Галіна Змушко. — А колькі кветак нам дарылі! Пры тым кланяліся нам, плакалі…”

Іван Ждановіч

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter