Джын у кубе

У Мінску стварылі ўнікальную прыладу для павелічэння прадуктыўнасці ў вучобе і працы

Як, у добрым сэнсе слова, выціснуць з сябе ўсе сокі ў школе, універсітэце, на вытворчасці, каб ударна працаваць? Трэба суаднесці мноства фактараў: каб камфорт прысутнічаў,  дыхалася лёгка, быў добры настрой. Але так, на жаль, бывае не заўсёды. І віной таму не характар, від за акном, а экалогія ў будынках. У ЗША падлічылі: у іх штогод 60 мільярдаў долараў марнуецца з-за падзення прадукцыйнасці людзей у памяшканнях з дрэннай экалогіяй. Жах! А як вырашыць праблему — прыдумалі нашы інжынеры.

Ілья ХРУШЧ, Андрэй ДЗЮСЬМІКЕЕЎ і Алена МАЙСЮК паказваюць, як выглядае куб-сенсар.
Фота аўтара

— Асноўны час свайго жыцця мы ўсе праводзім у памяшканні: вучымся — у будынках, пакупкі робім у ГЦ і, заўважце, сустрэліся мы з вамі таксама ў памяшканні, — аб сваёй распрацоўцы інавацыйны прадпрымальнік Андрэй Дзюсьмікееў пачынае здалёк. Тым часам эколаг Алена Майсюк, інжынер Ілья Хрушч кладуць на стол яго — Djinn Sensor. Па-руску, паміж сабой, проста — «Джын». Гэта куб з шасцю сонечнымі панэлямі. Маленькі, лёгкі — прыкладна 400 грамаў. Думаеце, трэба пацерці, і вылеціць з яго сапраўдны Джын? Не, але адказ на пытанне: «Скажы, ці хапае свежага паветра ў памяшканні?» — дасць. Андрэй Дзюсьмікееў тлумачыць:

— Мы лічым калорыі, спрабуем выратаваць агульную экалогію планеты і многае іншае, каб зрабіць сваё жыццё лепшым. Але не клапоцімся пра паветра, што нас зараз з вамі акружае ў канкрэтным будынку. Шум і вібрацыі, асвятленне, тэмпература, электрамагнітнае выпраменьванне, лятучыя арганічныя злучэнні, СО2, азон, вільготнасць, ціск — усё тое, што ёсць у офісах і на іншых пляцоўках працы і вучобы, вельмі моцна ўплывае не толькі на наш настрой, прадукцыйнасць і здароўе. Вось прыклад. Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, той жа начны шум вуліцы — нейкія 45 дэцыбел — можа павялічыць рызыку захворвання сардэчна-сасудзістай сістэмы на 40 працэнтаў.

Вось так «Джын» выглядае знутры

Усе вышэйзгаданыя паказчыкі гатовы кантраляваць Djinn Sensor і паказаць вынік: што зараз не бачна.

— Уявім, што кантрольную ў школе дзеці напісалі дрэнна. Настаўніца пытаецца: «Чаму, нягоднікі?» Дзеці могуць смела ёй адказаць: «А чаму вы, Мар'я Іванаўна, акно не адчынілі для праветрывання?» — Ілья Хрушч, інжынер-электронік, паказвае начыненне Djinn Sensor: кантролеры, сістэма сенсараў, працэсараў ... — Дрэннае паветра і дрэнна напісаная кантрольная ўзаемазвязаны. Вось чаму нямецкія інжынеры цікавыя рэчы прыдумваюць?            У іх у санітарных нормах прапісана, што ніжні парог асветленасці ў кабінетах павінен быць на ўзроўні 500 люксаў. У нас 300 дастаткова. Менш святла — мы менш прадукцыйныя.

Каманда з 6 чалавек стварыла прыладу, якая кантралюе параметры экалогіі памяшканняў —публічных месцаў (150—250 кубаметраў), якія з'яўляюцца рызыковымі зонамі. Яе ўнутраныя датчыкі дазваляюць здымаць параметры экалогіі, вызначаць адпаведнасць гігіенічным нормам, апрацоўваць іх па міжнародных рэкамендацыях для прагназавання рызык здароўя і працаздольнасці чалавека (параметры параўноўваюцца з ГДК (гранічна дапушчальнымі канцэнтрацыямі рэчываў), пасля — адпраўляць на модуль сувязі, у «воблака», дзе дырэктар школы, бацькі вучняў, кіраўнік кампаніі і самі супрацоўнікі змогуць убачыць гісторыю вымярэнняў у вэб-дадатку. Можна даведвацца пра параметры кожныя пяць хвілін, а можна і раз у гадзіну. Праверым? Алена паказвае планшэт з доступам да даных паветра гэтага офіса. Хм, прадукцыйнасць — 90 працэнтаў. Вельмі добра! Мне тлумачаць: тут, у Парку высокіх тэхналогій, добрая вентыляцыя, падлогі мыюць экалагічна чыстымі сродкамі і гэтак далей. 10 працэнтаў «з'еў» шум — людзі размаўляюць, працуюць. 

Djinn Sensor, як апісваюць яго распрацоўшчыкі, — гэта ключ да пазнання таго, што вакол, але не метад рашэння. Мы самі павінны па паказчыках вызначыць, што палепшыць. Напрыклад, праводзілі эксперымент. Замервалі, колькі лятучых арганічных злучэнняў у паветры пасля вільготнага працірання падлогі прыбіральшчыцай.

— Тады мы зразумелі, наколькі важна ўважліва выбіраць бытавую хімію, мэблю і іншае. Вось прыбіральшчыца адпрацавала ў пятніцу, і лятучых арганічных злучэнняў стала раптам у 8 разоў больш за норму! Да панядзелка паказчыкі шкодных рэчываў зменшыліся. Да гэтага ніхто не здагадваўся, што тая хімія, якой яна мые падлогі, у злучэнні з лінолеумам дасць такі вынік. А мы ўдыхаем такое паветра,— кажа эколаг Алена. — Калі з дапамогай прыбора вы зразумееце, што не так, то зможаце засцерагчы сябе ад небяспечных сітуацый і ствараць такія ўмовы, якія дазволяць вам і вашым дзецям вучыцца і працаваць прадукцыйней. 

— Перавага гэтага кампактнага куба-сенсара яшчэ ў тым, што яго не трэба зараджаць. Паглядзіце, няма ніякіх уваходаў і выхадаў — сам забяспечвае сябе энергіяй. Ён зараджаецца ад святла, бо яго грані — маленькія сонечныя панэлі. Нават цяпер, проста лежачы на стале, ён засілкоўваецца энергіяй, — круціць Ілья ў руках «Джына». 

— Мы працуем над аналітычнымі алгарытмамі, якія б паказвалі розніцу, пры якіх умовах людзі лепш спраўляліся з працай, а калі горш. Гэта значыць, па даных куба можна будзе пабудаваць прагноз, здасць супрацоўнік справаздачу своечасова, калі асветленасць вось такая і ўзровень вось такі, ці не. Будуць і рэкамендацыі для карыстальнікаў.

Пакуль каманда працуе над стварэннем 100 «Джынаў». Больш за 60 ужо «распісаны». Яны паедуць у краіны, якія займаюцца распрацоўкамі інтэрнэту рэчаў і экалогіяй чалавека. Так, Djinn Sensor будзе працаваць у Англіі, Аўстрыі, Германіі, Францыі, Швецыі, Фінляндыі, знойдуць свой дом некалькі кубоў і ў Беларусі. Напрыклад, ПВТ ужо чакае свой «вымяральнік», а яшчэ каманда падорыць іх некаторым школам і дзіцячым садам. Дарэчы, бізнес-акселератары Nokia, Vodafonе, T-Mobile і іншыя запрасілі нашых інжынераў супрацоўнічаць, ацаніўшы арыгінальнасць, тэхналагічнасць прылады і яе каштоўнасць.


kasel@sb.by


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости