Дзея з чарай.  Чарадзей — чалавек, які, паводле народных уяўленняў, валодаў звышнатуральнымі здольнасцямі.

Сама назва паходзіць ад спосабу выканання магічнага акта і характару зносін з сіламі іншасвету. 3 мэтай зазірнуць у будучыню або даведацца аб тым, хто прынёс шкоду аднавяскоўцам, чарадзей ставіў гліняную ёмістасць — чару і распачынаў спецыфічную магічную дзею — “чара”-“дзей”ства. У народным асяроддзі існавала спецыфічная градацыя стаўлення да асоб, якія займаліся магіяй, і існаваў падзел сфер іх уздзеяння.

Сфера ўплыву чарадзея — прадказанне будучыні з адпаведнымі тэхналогіямі актыўнага ўздзеяння на яе. Адным з найбольш пашыраных магічных дзеянняў было выліванне воску над галавой хворага чалавека ў посуд з вадою, па форме якога чарадзей “счытваў” інфармацыю аб прычынах хваробы і прымаў рашэнне аб шляхах процідзеяння. Самы вялікі знаўца этнічнай чароўнай магіі — Баба Яга, якая валодае тайнамі гэтага і “таго” свету. У яе шмат чароўных памочнікаў: зачараваныя кабылы, незамужнія прыгажуні, птушкі, у тым ліку і Жар-птушка, звяры, рыбы; шэраг фантастычных прадметаў: папараць-кветка, гуды-самагуды, чароўныя жаронцы, скацерць-самабранка, рог, бубен, маладзільныя яблыкі, “жывая” і “мёртвая” вада. Таму, хто праходзіў абрад ініцыяцыі — пасвячэння ў тайны роду, яна дапамагала, хто ж не адолеў складаную навуку — таму шкодзіла.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter