Дыялог на трывалым падмурку

Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк ужо залучыў 3 карпарацыі

Тры карпарацыі з сусветным імем пацвердзілі сваю зацікаўленасць у прыходзе ў Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк

Практычныя крокі актывізацыі ўзаемаадносін па пашырэнні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, прыцягненні інвестараў у індустрыяльны парк былі абмеркаваны ў час афіцыйнага візіту дэлегацыі Мінскай вобласці ў кітайскую правінцыю Гуандун. Гэта развіты эканамічны рэгіён, які ў ліку першых пачаў пераводзіць сваю эканамічную дзейнасць на міжнародныя рэйкі і зараз дэманструе вышэйшую ступень адкрытасці. Ён займае восьмую частку аб’ёму ўнутранага валавога прадукту КНР, а знешнегандлёвы абарот складае $ 1 трлн. в год. Узаемаадносіны паміж правінцыяй Гуандун і Мінскай вобласцю ўжо маюць даволі трывалы падмурак, і беларускі бок зацікаўлены ў далейшым плённым развіцці.

— Пастаўлена задача ўжо ў 2014 годзе пачаць сур’ёзнае асваенне зямель індустрыяльнага парка. У час візіту адбылася сустрэча з прадстаўнікамі ўрада правінцыі, дзе мы яшчэ раз падкрэслілі прыярытэты нашага супрацоўніцтва, абмеркавалі формы яго развіцця, падпісалі пратакол аб садзейнічанні з боку Мінскага аблвыканкама і ўрада правінцыі Гуандун у напаўняльнасці праектамі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка. У асобай эканамічнай зоне Шэньчжэнь мы пазнаёміліся з дзейнасцю прадпрыемстваў у сферы тэлекамунікацый, мабільных тэхналогій і камп’ютарнай тэхнікі, — расказаў кіраўнік дэлегацыі, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.

Надзвычай перспектыўным уяўляецца супрацоўніцтва з кампаніяй ZTE. Па выніках сустрэчы з яе прадстаўнікамі была падпісана дарожная карта па ўваходжанні ZTE ў Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк. Базавыя пагадненні з гэтай кампаніяй былі занатаваны раней у час візіту дзяржаўнай дэлегацыі Беларусі ў Кітай, а зараз, як падкрэсліў Аляксандр Турчын, бакі абмяркоўвалі наступныя канкрэтныя крокі. Плануецца, што кампанія можа пачаць сваю дзейнасць з арганізацыі зборачнай вытворчасці асобных прадуктаў ZTE. Працягнецца дыялог аб далейшым супрацоўніцтве зусім хутка, запланаваны візіт у адказ.

Пацвердзіла свой намер і яшчэ адна буйная кампанія ў сферы IT-тэхналогій — «Huawei». Яе віцэ-прэзідэнт Чжан Чунксянь запэўніў, што «Huawei» прыняла прынцыповае рашэнне аб уваходжанні ў парк, і зараз прапрацоўваюцца варыянты праектаў.

Гатоўнасць абмяркоўваць перавагі і магчымасці размяшчэння вытворчасці ў Беларусі выказаў таксама і буйны вытворца камп’ютарнай тэхнікі кампанія «Lenovo».

— Гэтыя прадпрыемствы адны з самых высокатэхналагічных не толькі ў Кітаі, але і ў свеце. За вельмі кароткі час яны зрабілі сапраўдны рывок у сваім развіцці. Як правіла, там вялікія сродкі накіроўваюцца не толькі на вытворчасць, але і на навуковыя даследаванні. У Беларусі ведаюць іх прадукцыю, але зараз ідзе размова аб супрацоўніцтве больш маштабнага плана. Для нас важна, каб гэтыя кампаніі прыйшлі ў якасці рэзідэнтаў у індустрыяльны парк, — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Што датычыцца самога парка, то, па словах намесніка старшыні Мінаблвыканкама, зараз там ідуць праектныя работы па правядзенні камунікацый, а знешнія сеткі пачалі ўжо будаваць да межаў парка. Плануецца, што ў маі наступнага года работы па абуладкаванні знешніх сетак будуць завершаны. 

На здымку: намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр ТУРЧЫН і віцэ-губернатар правінцыі Гуандун Чжао ЮйФАН падчас перагавораў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter