Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Сярод беларусаў, якія жывуць у Рэспубліцы Комі, шмат людзей таленавітых

Душам расці — у творчасці

Помніцца, дзесяць гадоў таму, калі ў Сыктыўкары да друку рыхтавалася беларуская кніга “След на северной земле”, мы, яе стваральнікі, звярнулі ўвагу: а многа ж талентаў сярод нашых! У кнізе ў паказальніку падалі прозвішчы аўтараў, загалоўкі публікацый у СМІ, а ў раздзеле “Когда нас муза посетила” — вершы і прозу некаторых аўтараў з нашай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь”. У іх ліку — Тамара Курачкіна, Алена Жытковіч, Уладзімір Дукса, Феафан Панько, Ніна Пундзікава, Вольга Дрындрожык, Наталля Білан (усе яны з Сыктыўкара), Зінаіда Ралдугіна і Таня Баева з Ухты, Святлана Краўцова з Усінска...

Мітрафан Курачкін (справа) і Аркадзь Крупенька

З таго часу творчых людзей у суполцы пабольшала. У газетах і часопісах Комі па-ранейшаму актыўна выступаюць Феафан Панько, аўтар гэтых радкоў, Тамара Курачкіна ды іншыя. Радуе, што пашыраюцца, умацоўваюцца нашы сувязі з Бацькаўшчынай. У газетах Беларусі друкуюцца артыкулы нашага сябра Дзмітрыя Шубянка, газета “Голас Радзімы” друкавала тэксты Тамары і Мітрафана Курачкіных, Аркадзя Крупенькі. Вельмi ўдалы, на мой погляд, артыкул-даследаванне актывіста суполкі, палкоўніка ў адстаўцы родам з Гомельшчыны Дзмітрыя Шубянка “Здесь мои корни” (брагінская райгазета “Маяк Палесся”, 26.12.2009: тэкст ёсць і ў інтэрнэце). Гэта аповед пра Міхноўку, родную вёску аўтара, ды яе цікавых людзей: у 2015-м вёска тая адзначыла 200-годдзе.

Некаторыя вершы і апавяданні Тамары Курачкінай перакладзены (тое зрабіў Яўген Казлоў, комі паэт) і выйшлі  ў сатырычным часопісе “Чушканзі”. Там друкуецца і Мітрафан Курачкін. Яны ж і Надзея Прохарава — сталыя ўдзельнікі літальманахаў “Сыктывкар” і “Литературный Кисловодск”, інтэрнэт-часопіса “Орнамент” (ствараецца Домам Дружбы народаў). (У “Орнаменте” Надзея Прохарава значыцца і як адказны рэдактар, яна ж робіць макет і вёрстку. — Рэд.). Актывіст беларускай суполкі Феафан Панько выдаў мемуарна-дакументальную кніжку “Родная земля и милый сердцу Север” (2015), а Ягор Якімчанка ў супрацы з журналістам Аляксандрам Сугоравым — дакументальную кніжку “Нам не дано предугадать” (2016).

Летась выйшаў працяг кнігі “След на северной земле” пад назвай “Беларусь — наша Родина, а Север стал любовью” (2017). На яе ёсць у друку станоўчыя водгукі. Напрыклад, у газеце “Комі му” (“Зямля комі”) змешчана рэцэнзія члена Саюза журналістаў Расіі Тамары Курачкінай “Север стал любовью”, і ў інтэрнэт-часопісе “Орнамент” апублікаваны цёплы водгук.  Вось урывак са згаданай рэцэнзіі: “Вершы з раздзела “Мой родны кут” кранаюць да глыбіні душы сваёй шчырай любоўю да Беларусі. Аўтары пішуць пра вялікае прыцягненне родных каранёў”.

   
Беларусы Комі выдаюць і літаратурна-мастацкія кнігі ў мясцовым выдавецтве “Вымский мост”. У прыватнасці, выйшлі кнігі Надзеі Прохаравай “Игра тумана, фонарей, дождя и тени” (2013), Тамары Курачкінай “А я с любовью и душой слова искала” (2016), Мітрафана Курачкіна “Магия обыкновенных букв” (2015) і “Смеяться, право, не грешно” (2016). На іх паступаюць цёплыя водгукі чытачоў, у СМІ выйшлі станоўчыя рэцэнзіі.

Раскажу яшчэ пра творчасць земляка з Віцебшчыны Віктара Жулегі: кандытарска-кулінарную. Прыйшоў ён у суполку гадоў шэсць таму. “Чаму так позна?” — неяк пацікавіўся ў яго. “Працаваў шмат і па зменах, — патлумачыў Віктар Міхайлавіч. — А даведаўся са СМІ пра беларусаў, то адразу і прыйшоў у офіс НКА”. Цяпер мы ведаем земляка як чалавека сяброўскага, з адкрытаю душой. Расказвае, працаваў у Мінску, у сферы грамадскага харчавання. Прычым абслугоўваў паэтаў, празаікаў, сярод якіх былі й класікі. Ён захоўвае кнігі творцаў з іх аўтографамі, у тым ліку — зборнік “Нарачанскія сосны” Максіма Танка: паэт надпісаў на ім Віктару цёплыя словы 22 верасня 1982 года. (За зборнік у 1978-м паэт быў ушанаваны Ленінскай прэміяй. — Рэд.)

Слухаць аповеды Віктара Міхайлавіча пра вядомых творцаў — цікава, бо й сам ён чалавек творчы, назіральны. У Сыктыўкары ў беларускай суполцы ён, як кажуць, прыйшоўся да двара, стаў актывістам. Талент Віктара Жулегі запатрабаваны. А якія пірагі пячэ! Прыносіць такое смакоцце, як правіла, калі адзначаюцца юбілеі актывістаў, нацыянальныя святы. А на адным з мерапрыемстваў, што ладзіў Дом Дружбы народаў, Віктар за сваё ўдалае выступленне атрымаў прыз для суполкі: чайны сервіз. А ёсць асабістыя ўзнагароды? Так! У дзень 65-годдзя (2016 год) Віктару Міхайлавічу ўручылі маляўнічы Віншавальны адрас ад Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусь”. У тым жа годзе на Першым рэспубліканскім кулінарным фестывалі, які праводзіў Дом Дружбы народаў, беларусу ўручылі дыплом за майстэрства. Вось такі ён, Віктар Жулега! Спадзяемся, мы яшчэ не раз пачуем пра яго перамогі.

Мітрафан Курачкін,
ганаровы ветэран Сыктыўкара, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Комі

Ад рэдакцыі.

Даўні аўтар газеты сёлета — юбіляр: 16 студзеня Мітрафану Іванавічу споўнілася 80. “Паэт, празаік, грамадскі дзяяч, актывіст Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў Рэспубліцы Комі, заслужаны работнік культуры Комі (1994), ганаровы ветэран Сыктыўкара (2015), сябар Саюза журналістаў (1975)”, — чытаем у сацсетках. Павіншавалі ўраджэнца вёскі Каменкі Крычаўскага раёна Магілёўшчыны шматлікія сябры, у тым ліку й з беларускай суполкі ў Комі. Сярод іх і Аркадзь Сцяпанавіч Крупенька, ганаровы старшыня БНКА: землякі разам у 1997-м стваралі суполку  “Беларусь”.

Далучаемся да віншаванняў. Здароўя і новых творчых поспехаў Вам, Мітрафан Іванавіч! З ліста ў рэдакцыю мы ведаем, што Вы цяпер “абзавяліся камп’ютарам”. То будзем рады і новым кантактам: у сучасным электронным фармаце.

Голас Радзімы № 6 (3558), чацвер, 8 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter