Доўгая дарога ў Валожын

Нямецкі падарожнік завяршыў пешую вандроўку
Нямецкі падарожнік завяршыў пешую вандроўку.

Хорста Кунта гасцінна сустракалі ў рэдакцыі дзіцячай газеты “Зорька”Як мы паведамлялі ўжо, Хорст Кунт выправіўся ў шлях 15 мая, ішоў пешшу праз Германію, Польшчу. Пасля таго, як па тэхнічных прычынах яму прыйшлося сысці з маршрута і прыехаць у Мінск, падлячыць параненае плячо, шлях прадоўжыўся з Брэста. Хорст ішоў праз Камянец, Пружаны, Ружаны, Слонім, Гара-дзішча (Баранавіцкі раён), Мір, Стоўбцы, Івянец. Канчатковай мэтай была Валожынская школа- інтэрнат, якой ён дапамагае ўжо больш за 16 гадоў.

Час, праведзены на зямлі беларускай, для Хорста быў шчаслівым. Тут ён сустракаўся з сем’ямі, якім раней аказваў дабрачынную дапамогу, з журналістамі і ўсімі, хто хацеў пазнаёміцца з незвычайным немцам. Ішоў адзін, аднак па тэлефоне яго інфармацыйна падтрымлівала мінчанка Кацярына, яго даўняя знаёмая і перакладчыца па сумяшчальніцтве. Была ўвесь час на сувязі і яго прыёмная дачка з Беларусі Аня, якой у дзяцінстве ў Германіі пры падтрымцы сям’і Хорста Кунта была зроблена складаная аперацыя.

Хорст быў у Беларусі ўжо 60 разоў. Раней ён прылятаў да нас на самалёце, прыязджаў на цягніку, аўтобусе, машыне. А ў 65 гадоў вырашыў “зрабіць сабе падарунак” і прыйсці сюды пешшу. Таму што, як гаворыць сам падарожнік, калі чалавек вядзе здаровы вобраз жыцця, то такое вандраванне цалкам яму пад сілу.

Беларусь, у адрозненне ад Польшы, дзе ў яго здарыўся непрыемны інцыдэнт, сустракала Кунта вельмі гасцінна. Немца ўразіла дружалюбнасць і і чуласць беларусаў — ён усюды знаходзіў дапамогу ў падарожжы, калі яна была патрэбна. Яму ж часам прыходзілася забывацца на камфорт. А каб прасцей у глыбінцы было знайсці месца для начлегу, пры ім заўсёды была палатка і тры шыльдачкі з надпісамі: “Мяне завуць Хорст Кунт і я іду з Германіі ў Беларусь” і “Ці магу я на адну ноч спыніцца ў вашым садзе, каб пераначаваць?”, “Вы можаце прадаць мне малако і хлеб?”. Такія “перакладчыкі” дапамаглі яму пераадольваць моўныя бар’еры. І яшчэ падарожнік вельмі ўдзячны журналістам беларускіх рэгіянальных газет. Яны фактычна перадавалі госця адзін аднаму з рук у рукі, друкавалі яго фота, інтэрв’ю — каб людзі, сустракаючы замежніка, ведалі, з кім маюць справу. Можна ска-заць, што пад іх апекай і пільнай увагай СМІ ён і падарожнічаў па Беларусі.



Развітваючыся з беларускімі сябрамі, Хорст паабяцаў, што ў наступным годзе абавязковае наведае Беларусь, якая яму вельмі спадабалася. Вось толькі якім чынам ён будзе сюды дабірацца — пакуль таямніца...

Яніна Сідзельнік
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter