Чырвоная лінія

Амаль год таму Дональд Трамп стаў прэзідэнтам Злучаных Штатаў. З першых крокаў на высокай пасадзе ён абвясціў бязлітасную барацьбу нелегальным мігрантам, падпісаўшы рэзанансны ўказ. Дакумент назвалі “антымусульманскім”, а судовая сістэма Амерыкі заблакіравала тады яго дзеянне. Днямі Вярхоўны суд усё ж падтрымаў забарону амерыканскага лідара на ўезд у ЗША тэрмінам на 90 дзён для грамадзян шасці дзяржаў (у асноўным мусульманскія) — Ірана, Емена, Лівіі, Сірыі, Самалі і Судана, у якіх няма сямейных альбо дзелавых сувязяў з Амерыкай. У новым, больш жорсткім, варыянце дакумента адпаведныя перашкоды дзейнічаюць і адносна Паўночнай Карэі, прадстаўнікоў кіраўніцтва Венесуэлы. Да гэтага   амерыканцы праз ААН афіцыйна адмовіліся ад удзелу ў глабальнай дамове аб міграцыі. На іх думку, яна супярэчыць нацыянальным інтарэсам.

І вось цяпер, пасля прыняцця сенатам непапулярнай падатковай рэформы і немагчымасці спыніць ядзерныя амбіцыі Пхеньяна, з Белага дома сыходзіць новы скандал на “мусульманскую тэму”: Трамп прызнаў Іерусалім сталіцай Ізраіля і вырашыў перанесці ў гэты горад амерыканскае пасольства. Праўда, прэзідэнт ЗША папярэдне абмеркаваў “пытанне Іерусаліма” з ізраільскім прэм’ерам Біньямінам Нетаньяху, палесцінскім лідарам Махмудам Абасам і каралём Іарданіі Абдалой II, з кіраўнікамі іншых дзяржаў, хто займаецца ўрэгуляваннем палесціна-ізраільскага канфлікту. З гісторыі вынікае, што кангрэс США ў 1995 годзе прыняў закон аб пераносе амбасады ЗША з Тэль-Авіва ў Іерусалім. І толькі вастрыня праблемы для дыпламатычных стасункаў Злучаных Штатаў з арабскім светам вымагала ўсіх амерыканскіх прэзідэнтаў перыядычна адкладваць прыняцце гэтага рашэння.

Рэзананс на дзеянні Трампа адносна Іерусаліма атрымаўся неадназначны, паколькі менавіта там знаходзяцца галоўныя святыні трох міжнародных рэлігій — хрысціянства, мусульманства і іўдаізму. Як вядома, ніводная краіна дагэтуль не прызнавала гэты горад ізраільскай сталіцай. Больш за тое, спрэчны статус старажытнага Іерусаліма — галоўны бар’ер, які цяжка пераскочыць у гэтым супрацьстаянні на Блізкім Усходзе. Аб негатыўнай рэакцыі ісламскага свету на сітуацыю і масавых антыамерыканскіх выступленнях Вашынгтон папярэдзіў Брусель, а Турцыя вуснамі прэзідэнта Эрдагана зрабіла Злучаным Штатам пасыл, што яны перайшлі “чырвоную лінію для мусульман”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter