Самы старажытны беларускі буквар - у калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі

Буквары ад Аз да Іжыцы

Дзетак трэба жорстка караць, каб не раслі неадукаванымі і невыхаванымі, лічылі нашы продкі

НОВЫЯ праграмы і падручнікі чакаюць школьнікаў з першага верасня. Між іншым, найстарэйшы беларускі “Буквар” адзначыць у наступным годзе 450-гадовы юбілей. “СГ” вырашыла паглядзець, з чаго ўсё пачыналася, як выглядалі першыя азбукі, што з’явіліся на нашых землях. Гідам запрасілі намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся СУШУ, які прадэманстраваў найбольш старажытныя і рэдкія кнігі з калекцыі ўстановы. Другім экспертам выступіла сельская настаўніца малодшых класаў з Ганцавіцкага раёна Ірына ВЫСОЦКАЯ, што адпрацавала ў школе 40 гадоў. Уявіць “Мама мыла раму” ў кнізе пяць стагоддзяў таму было немагчыма...


ПЕРШАПАЧАТКОВА не адным букваром абмяжоўваўся свет выданняў для навучання грамаце: іншыя кнігі, у тым ліку скарынаўскія, выкарыстоўвалі з гэтай нагоды. Перш за ўсё царкоўныя, напрыклад, “Псалтыр” і “Часоўнік”. Сам Скарына ў сваіх прадмовах шматразова пісаў, што яны прызначаны для выхаваўчых і навучальных патрэб, для асветы. Гэта неаднаразова сустракаецца ў прадмове да нашай першай друкаванай кнігі — “Псалтыра” і ў далейшых выданнях. У XVI стагоддзі на нашых землях быў даволі высокі ўзровень пісьменства, што адзначаюць многія даследчыкі.

Калі казаць пра ўласна буквары, на вялікі жаль, захаваліся яны не вельмі добра. Гэта своеасаблівы парадокс. Друкавалі іх, як і зараз, вялікімі накладамі. Тыраж першых такіх “азбук” быў большы за “сярэднестатыстычны” — прыкладна 300 асобнікаў. І набывалі іх шмат. Але з-за вельмі актыўнага выкарыстання асобнікі досыць хутка выходзілі з ужытку і знікалі. Амаль усе самыя першыя буквары, якія існуюць і створаны ў нашым рэгіёне, захаваліся вельмі дрэнна. Часцей за ўсё гэта адзін-два экзэмпляры. Пры гэтым амаль усё тое, што захавалася, — па-за межамі краіны. Самыя старажытныя беларускія, украінскія буквары сёння можна знайсці хіба ў Даніі, Вялікабрытаніі, ЗША... Гэты парадокс тлумачыцца лёгка. Такія кнігі як рэдкасць траплялі ў кнігазборы заходніх калекцыянераў, іх не выкарыстоўвалі па прамым прызначэнні. Вось і захаваліся ў добрым стане. Там, дзе іх маглі прачытаць дзеці, водзячы пальчыкам па кожным слове, хутка іх знішчалі.

Але нам пашанцавала — ёсць і рэдкія выключэнні. Віленскі буквар 1767 года — самае старажытнае ўласнабеларускае выданне менавіта буквара з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і ўсёй краіны. Дарэчы, яго перавыдалі факсімільна. Але на самай справе ён далёка не першы.


У кнігі складаная біяграфія. На асобніку ёсць адпаведныя пазнакі: надпіс ксяндза Іааніса Камара, значыць, яна знаходзілася ў прыватным уладанні святара. Пасля таго, хутчэй за ўсё, перайшла ў бібліятэку евангелічна-рэфармацыйнага сінода ў Вільні. Верагодна, доўгі час кніга захоўвалася там, магчыма, чыталі яе не вельмі актыўна. Пратэстанты часцей у XVII і XVIII стагоддзях карысталіся заходнімі мовамі. Гэты асобнік Ян Камар пераплёў з другім выданнем “Размовы для вывучэння польскай і нямецкай мовы”. У адным пераплёце — тры падручнікі: царкоўнаславянскай, польскай і нямецкай мовы. У Вільні рарытэт купілі ў букіністычнай краме ў 1968 годзе, з таго часу яна ў Мінску. У свеце вядомы ўсяго два такія выданні, другое захоўваецца ў Маскве.

Нам ёсць чым ганарыцца — продкі сучасных беларусаў і прыдумалі буквар як кнігу з такой назвай. Першае выданне надрукавана ў 1618 годзе, у свеце захаваліся толькі два экзэмпляры — адзін у Лондане, другі — у Капенгагене. Пазней “Буквар” друкаваў Спірыдон Собаль у Куцеінскай тыпаграфіі, потым перавыдаў яго ў Магілёве ў 30-х гадах XVII стагоддзя. Надалей кніга пастаянна перавыдавалася.

Амаль усе старажытныя буквары маюць аднолькавую структуру і нават назву, напрыклад, “Буквар словенскаго чтения и писания учитеся хотящим в полезное руковождение”. Спачатку тытульны аркуш, пасля яго так званая азбука, або пералік літар — вялікія, малыя, і трэці варыянт, які зараз не практыкуецца, — літары ў адваротным парадку: ад Іжыцы да Аза. Пасля ідуць склады па дзве літары, напрыклад, “ба, бе, бо, бы...”, а затым — па тры. Найбольш простыя словы з невялікай колькасці літар, таксама слоўнічак.

Першыя буквары арыентаваны на царкоўную практыку. Гэта не столькі кнігі для навучання звычайнаму пісьму і чытанню, а для выхавання годнага чалавека. Тэксты не абстрактныя пра “Мама мыла раму”, а больш сур’ёзныя — малітвы, павучанні, настаўленні айцоў царквы і падобнае.

Алесь СУША з самым старажытным уласнабеларускім выданнем.

РАЗГЛЯДАЕМ стараверскую “Азбуку” друкаванага тэксту ў Супраслі ў 1781 годзе з фонду НББ. Кніга пачынаецца з рукапісу, гэты фрагмент, напэўна, быў страчаны і ўзноўлены. Выпусцілі яе фармальна ва ўніяцкай друкарні, але там абслугоўвалі прадстаўнікоў розных канфесій, а таксама свецкага чытача. Выхадныя звесткі прыводзяцца на апошнім аркушы, па стараверскай традыцыі. На выданні таксама пазначаны год ад Стварэння свету — 7289. Кніжка невялічкая, кампактная і зручная для навучання — так выглядала большасць з першых буквароў. Чытаю: “Хвалити Бога человеку всяку, долг учитися письме словес знаку». На іншым аркушы гравюры — сцэна з пакараннем розгамі і подпіс: “Ленивыя же за праздность бьются, грехи творити всегда да блюдутся”. Дзетак трэба жорстка караць, каб не раслі неадукаванымі і нявыхаванымі, лічылі нашы папярэднікі. Дарэчы, навучалі не толькі малых: чытанне часта было справай незнаёмай нават для дарослых, і нярэдка да яго прыходзілі ў больш сталым узросце. Хаця часцей за ўсё шляхта вучылася з дзяцінства.

У калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі ёсць і маскоўскія выданні, якія вельмі моцна ўспрынялі беларускую традыцыю. Шыкоўна выглядае кніга 1694 года Карыёна Істоміна. Кожная літара аздоблена мноствам малюнкаў, напрыклад: “А — аналой, Адам, аспид, В — веретено, вериги, воин”. У XVII стагоддзі самым дасканалым і поўным букваром у Маскоўскай дзяржаве быў падручнік, складзены Сімяонам Полацкім.
Ірына ВЫСОЦКАЯ.

ПРЫ гэтым першыя буквары навучаюць царкоўнаславянскай мове, а не старабеларускай. Яе нібыта ўсе і так ведалі. У XVIII стагоддзі адбыўся зварот да больш свецкіх асноў у выхаванні. Адначасова правялі рэформу падручнікаў, з’явілася шмат новых навук. У XIX стагоддзі адбываецца ломка традыцый. Пачынаюць з’яўляцца першыя азбукі, граматыкі і буквары на беларускай мове — і лацінкаю, і кірылічныя. У іх амаль не было царкоўных тэкстаў. Потым напачатку мінулага стагоддзя — “Першае чытанне для дзетак-беларусаў” Цёткі, “Лемантар” Каруся Каганца, “Другое чытанне для дзяцей-беларусаў” Якуба Коласа. Заданні ў іх больш падобныя да сучасных, з’яўляюцца шматлікія малюнкі. У першых букварах максімум за пару стагоддзяў да таго — адна-дзве гравюры, бо гэта вельмі ўплывала на кошт.

У XX стагоддзі друкаванне азбук развівалася параўнальна шалёнымі тэмпамі. Зараз у спісе розных буквароў і лемантароў Нацыянальнай бібліятэкі — больш за 400 выданняў! У 20-я гады рыхтавалі спецыяльныя кнігі, прызначаныя для навучання грамаце людзей розных прафесій. Актыўна праходзіла барацьба з непісьменнасцю — і па-рознаму вучылі чырвонаармейцаў, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, леснікоў. Пад кожную аўдыторыю падбіралі малюнкі і тэксты. А ў пасляваенныя гады пачынаецца традыцыя, прыбліжаная да сучаснай. У кастрычніку Нацыянальная бібліятэка Беларусі плануе падрыхтаваць спецыяльную выставу, прысвечаную букварам, дзе можна будзе ўбачыць найбольш цікавыя экзэмпляры.

ІРЫНА Мікалаеўна Высоцкая з вёскі Ганцавічы за сорак гадоў настаўніцтва вітала за партамі не адно пакаленне першакласнікаў. Не так даўно яе запрасілі на сустрэчу выпускнікі, якія скончылі школу 20 гадоў таму. Трэба было бачыць, якія яны былі расчуленыя, калі ўбачылі свае сшыткі, — настаўніца іх захавала.

Між тым Пінскае педагагічнае вучылішча яна скончыла ў 1957 годзе. Пачынала ў вёсцы Альшаны Давыд-Гарадоцкага раёна:

— Трыццаць чалавек у класе, і ні адзін не ўмее ні чытаць, ні пісаць, нават палічыць пальцы на руцэ не маглі.

Пазней, папрацаваўшы ў школах у вёсках Любашава і Боркі Ганцавіцкага раёна, апынулася ў роднай вёсцы Ганцавічы. Успамінае, што старонкі ў тагачасных букварах былі чорна-белыя, без каляровых ілюстрацый. Але з часам з’явіліся больш прывабныя выданні, мянялася і методыка навучання чытанню.

— Шмат у чым поспех залежыць не ад буквара, а ад настаўніка, — дзеліцца вопытам Ірына Мікалаеўна. — Над кожнай старонкай трэба падумаць, каб усё растлумачыць, скласці склад.

Па яе ўспамінах, кожны сказ, нават “Мама мыла раму”, навучаў дзяцей быць адказнымі, дапамагаць дарослым. Ужо праз паўгода навучання ў савецкія гады з’яўляліся паняцці “Радзіма”, “вораг”, “сябар”... На простых прыкладах тлумачылі, што трэба дапамагаць слабейшым, не кпіць са старых. А асабіста ад сябе настаўніца імкнулася зацікавіць дзяцей:

— Які б падручнік і буквар ні былі, настаўнік павінен сам знайсці прыгажосць у кожным слове і прапанаваць гэта малым.

Аднойчы вучаніца напісала ў сачыненні: “У кнізе вершы пра восень і малюнкі такія прыгожыя, а на самай справе восень шэрая, брудная...” Настаўніцу гэта вельмі ўзрушыла. І ў пагодны дзянёк арганізавала экскурсію ў лес. Паказала і яркае неба, і павуцінне на дрэўцах, і кляновыя лісты с пералівамі колераў, дэкламавала на памяць вершы... І яе Зоя пагадзілася, что прырода харашэй за малюнак.

Цікава, што два сыны маёй субяседніцы навучыліся чытаць самі, калі сядзелі побач з маці, што рыхтавалася да ўрокаў. Галоўнае — прага да ведаў, і цяпер, і 450 гадоў таму.

yasko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter