Бліскучы Рог

Яны беглі амаль тры тыдні. Вось ужо і снег пад капытамі...Наперадзе ўсіх бег Бліскучы Рог. Гэта ён, важак чарады аленяў, вырашыў памчаць на дапамогу, калі аднойчы яго жонка пачула па радыё жахлівую навіну — Дзед Мароз адмовіўся прыехаць да іх на Новы год. Ён спалохаўся цёплага надвор’я, якое ўсталявалася ў іх лесе, таму што ў яго ўкралі чарадзейны посах.

Бліскучы Рог ведаў, што гэта штучкі Чорнага Вепра, які пабудаваў фабрыку Ледніка, сыравінай для якой было халоднае паветра, што магутнымі помпамі качалася з усіх бакоў свету. Чарадзейны посах быў яму абярэгам — да яго ніхто не мог падысці пад страхам смерці, а чорны бізнес прыносіў шмат грошай ад краін, што знемагалі ад спякоты.
Бліскучы Рог сабраў сход, на якім алені неадкладна вырашылі рушыць да логава злодзея.
З кожным днём бегчы было ўсё цяжэй і цяжэй. Калючы снег сек па вачах, забіваў ноздры і вушы. Але чарада ўпарта рухалася наперад. Раптам важак з разбегу наткнуўся на нешта цвёрдае. Гэта была ледзяная сцяна, якая з грукатам пачала асыпацца. Стала вельмі слізка. Усе здагадаліся, што апынуліся на фабрыцы Чорнага Вепра, які не прымусiў сябе доўга чакаць — зваліўся аднекуль зверху, у яго быў чарадзейны посах.
— Навошта ты тут з’явіўся? — звярнуўся ён да Бліскучага Рога, — я ўсіх вас замарожу, — закрычаў ён.
— Не, у цябе нічога не атрымаецца, — адказаў Бліскучы Рог. — Мой рог — чарадзейны, і ты нічога не зможаш зрабіць нам дрэннага.
Як ні скакаў ліхадзей каля важака, як ні стараўся ўкалоць іншых аленяў, — нічога ў яго не атрымалася. І калі ён яшчэ раз падбег да важака, то напароўся на востры рог і распароў сабе жывот, а потым з ганьбай уцёк у бліжэйшы лес залізваць раны.
А чарада пабегла назад, трэба было хутчэй паспець вярнуцца дадому да Новага Года. Яны паспелі. Дома іх чакаў сюрпрыз — было па-зімоваму холадна, а Дед Мароз, які атрымаў ад важака эсэмэску, чакаў іх на дарозе з падарункамі для маленькіх алянят. Калі ён атрымаў посах, то стала яшчэ халадней і пайшоў доўгачаканы снег.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter