Асцярожна, дзверы зачыняюцца!

Чаму за дзень калядавання наш карэспандэнт зарабіла ўсяго 15 рублёў

Пару з 7 па 19 студзеня праваслаўныя беларусы называюць Калядамі. Асабліва любілі нашы продкі вечар 13 студзеня. Па-іншаму Шчодры, ён быў выдатнай падставай зазірнуць да суседзяў і сяброў, каб пажадаць дабрабыту на наступныя 365 дзён. Вяскоўцы прыбіраліся цыганамі, ляснымі і хатнімі жывёламі. І з пацешнымі вершыкамі ды пажаданнямі, якія раней мелі магічны сэнс, хадзілі па хатах. Ці прыжыўся самабытны звычай у гарадах? Калі так, то колькі «зарабляюць» на Шчодрык?

«У наступным годзе пойдзем на пару гадзін раней і без хлопчыкаў»

Сцэнарый і акцёры

Цэнтр Брэста. За некалькі дзён да шчодрага збіраю ў двары дзяцей сваіх знаёмых і чытаю «лекцыю», як продкі ў нашым рэгіёне праводзілі вечар 13 студзеня. Накрывалі стол па правіле «дванаццаці страў». Кашу з ячменю, яна ж куцця, абавязкова ставілі ў сярэдзіну. Госці ведалі: трэба з’есці хаця б крышачку кожнага пачастунку. «Талісманам» ураджайнасці і багацця служылі стравы са свініны, а таксама разасланая пад абрусам салома. З хваляваннем чакала гэты зімовы вечар моладзь. Дзяўчаты на выданні варажылі. Дзеткі пад дыктоўку бабулек вучылі песенькі і беглі шчадраваць па суседзях. 

Хто хоча паўтарыць апошні звычай? Адклікаюцца дзве дзяўчынкі і два хлопчыкi.

У дзень «Х» 9-гадовы Ягор «парадаваў» кампанію, што не пойдзе. Наіўна мяркуючы, што дзіця забылася растлумачыць маме, што з ім будзе дарослы чалавек, выклікаюся на размову з бацькамі. Пачуўшы ў дамафон слова «калядаваць», бабуля (мабыць, не ў першы раз) гыркнула на ўнука: «Я ж сказала, што не дазваляю жабраваць!»

«Эх, паважаная бабуля, а як наконт сувязі часоў праз шанаванне і павагу традыцый нашых прадзедаў? Падтрыманне праз звычаі самабытнасці народа, менавіта якая і «тчэ» нашу індывідуальнасць? Захоўваючы рытуалы продкаў, мы не дазваляем засохнуць і рассыпацца сваёй культурнай матрыцы...» Пакуль я складаю ў галаве тэкст, дзверы ў пад’езд за хлопчыкам зачыніліся. Яго загналі дадому. Калі вам цікава, як бавіў Шчодры вечар Ягор, дык вось бабуля з дзядулем дазволілі «паслухмянцу» да ночы глядзець японскае анімэ.

Тым часам «акцёры» Руслан і Лія прыбылі на генеральную рэпетыцыю да Машы. Высвятляецца, што хлопчык (будучы конь) зусім не ведае слоў. Напэўна, прачнуўся сорам: інакш не растлумачыць, чаму за паўгадзіны да старту конь ціхенька збег з «трупы». Засталіся двое — каза і кот, якія ў суправаджэнні дарослага мядзведзя адправіліся на калядную аперацыю.

Маскi шчадроўнiкаў рыхтавалi загадзя.

Iдзём у людзi

Наша мэта — суседні дом. Дзяўчынкі прапануюць пачаць з пад’езда, дзе больш за ўсё вокнаў са святлом. І вось мы звонім у першую кватэру. У другую, трэцюю...

Адкрылі нам толькі з дзявятай спробы. Маладая пара запрасіла ўвайсці, сабрала траіх дзяцей. Наша выступленне слухалі радасна, не перапынялі. Віншаванні і вершы мы змяшалі з фактамі пра беларускія традыцыі ў прозе. Распавядалі, што абавязковым сімвалам каляднага перыяду з’яўляецца каза, якая ўвасабляе шчодры ўра-джай і дабрабыт. Лічылася, калі пераапранутыя песняры сумесна з гаспадарамі хаты развесяляць капрызную жывёліну, год будзе багатым. Напрыклад, наша каза «бадалася» такім куплетам: «Што б не многа, што б не мала, з торбы каб не выпадала. Дайце, цётка, каўбасу, а то хату разнясу!» 

Праз паўгадзіны нашу тройцу нагналі канкурэнты. Два хлапчукi 12—13 гадоў. На адным каўпак Дзеда Мароза. Са святочнай «амуніцыі» на гэтым усё. Замест кошыка для дароў — спартыўны заплечнік. Не без зайздрасці яны глядзяць на нашы казачныя адзенні, цікавяцца:

— Колькі назбіралі рублёў?

Шчыра кажучы, дзяўчынкі ад іх празаічнага прывітання разгубіліся. Толькі што яны спрачаліся, хто першы запявае ў наступнай кватэры, а тут бац — і астудзілі: 

прад’явіце фінансавую справаздачу аб праведзенай працы. Але ў цэлым сустрэча з «калегамі» пайшла нашаму трыа на карысць: кот і каза зразумелі, што на фоне іншых выступоўцаў мы выглядаем вельмі эфектна, і зусім перасталі баяцца гледачоў. 

Пакуль дзеці жвава скачуць і дэкламуюць вершыкі, мядзведзь сумна разважае пра меркантыльнасць падрастаючага пакалення. Чаму моладзь успрымае Шчодры вечар толькі як магчымасць атрымаць лёгкія грошы? Менавіта гэта наш, бацькоўскі недагляд: мы павінны даходліва тлумачыць дзецям, што такое культура нацыі і колькі будзе каштаваць нашым нашчадкам сённяшняя млявасць і абыякавасць да саміх сябе. Для нагляднасці можна прадставіць шматвяковую культуру ў выглядзе пірага, у якім чым больш пластоў, тым «смачней» і насычаней гісторыя народа. Багатая памяць, якая назапашваецца дзякуючы падтрыманню звычаяў, кансервуе код мудрасці будучым пакаленням. Як? У прымаўках і прыказках, прыпеўках і песнях, а яшчэ ў дасціпных куплетах Шчодрага вечара. 

Дарэчы, я падслухала: тыя хлопчыкі зусім не спявалі «шчодрыя» песні нашых бабуль.

— Ой, чым жа вас пачаставаць? — разгубілася пажылая дама ў наступнай кватэры. — Вы ў мяне ўжо чацвёртыя.

— Тады чаму ўпусцілі? — здзіўляецца Маша.

— Свята сёння, нельга гасцям адмаўляць.

Абрадавае мінулае Брэсцкай вобласці не першае дзесяцігоддзе вывучае прафесар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна і кіраўнік вучэбнай фальклорна-краязнаўчай лабараторыі Іна Швед. Напярэдадні Шчодрага вечара эксперт праінструктавала мяне:

— Лічылася, што калі шчадроўнікі абышлі бокам чыйсьці дом, то ў той сям’і ўвесь год не будзе дастатку. Калі ўпускаць адмаўляўся гаспадар, то на вуліцы амаль з асуджэннем спявалі «а ў той хаце няма чаго дацi». І нават пагражалі «не дасі коледы, твою корову з’ядзяць оводы», «каб у тваёй хаце крапіва парасла, каб твая дачка ручкі-ножкі папякла».

«Што б не многа, што б не мала, з торбы каб не выпадала. Дайце, цётка, каўбасу, а то хату разнясу!»

Наша «дабро»

За гадзіну мы прабеглі два дамы — пабудаваны ў нулявых дзесяціпавярховы і брэжнеўку. Цікавую выснову-пытанне аб ветлівасці жыхароў сфармулявалі дзеці:

— Чаму ў пяціпавярховым доме нам адчынялі амаль у кожнай кватэры, а ў тым вялікім не часцей чым адзін раз на двух паверхах?

Хацела б памыліцца, але вуснамі дзяцей зноў загаварыла ісціна: калі адны спрабуюць даць другое дыханне традыцыям, іншыя гэтую «вясковую» творчасць зусім не прввячаюць. У мегаполісе мяняюцца прыярытэты, традыцыйныя дзеянні пачынаюць выглядаць смешна. Так яно і ёсць: патрэба ў народным кампаненце жыцця ў вялікіх гарадах хутка астывае. Асабліва гэта заўважна ў новых дамах, большасць жыхароў якіх — людзі досыць маладыя.

Прыйшоў час дзяліць «дабро». Няёмка прызнацца, што за нейкую гадзіну мы зарабілі каля пяцідзесяці рублёў. Плюс яблыкі і мандарыны, 300-грамовую шакаладку і слоічак мёду.

Задаволеныя дзеці зноў здзіўляюць дзелавой хваткай:

— У наступным годзе пойдзем на пару гадзін раней і без хлопчыкаў.

У наступным годзе... А прафесар Іна Швед распавядала, што ў нашых краях калядныя гулянні доўжыліся аж да 19 студзеня: «Напрыклад, раніцай 14 студзеня хлопчыкі абыходзілі хаты са збожжам, якое з пажаданнямі дастатку «засявалі» паўсюль». А да вас, паважаныя чытачы, у мінулую нядзелю шчадроўнiкi прыходзілі? 

hanna.petrachenka@yandex.ru

Фота аўтара, дзяцей-шчадроўнікаў і тых, каго віншавалі

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...