Аншлаг на Калядным форуме

Святкаванне Калядаў, Новага года і Раства Хрыстова ў Мінску немагчыма ўявіць без цікавых оперных імпрэз. Розныя мовы гучаць са сцэны Нацыянальнай оперы...
Святкаванне Калядаў, Новага года і Раства Хрыстова ў Мінску немагчыма ўявіць без цікавых оперных імпрэз. Розныя мовы гучаць са сцэны Нацыянальнай оперы...

На форуме адбылася прэм’ера оперы “Лятучы галандзец”Сустрэчы з высокім мастацтвам вельмі ўпрыгожваюць жыццё, ствараюць прыўзняты настрой. Таму набывае папулярнасць Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, на які арганізатары запрашаюць оперных салістаў і тэатры з розных краін. Летась форум ладзіўся на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў чацвёрты раз. Велічнае свята штовечар збірае аншлагі. У 2012-м на форуме з поспехам ішла опера Дзмітрыя Смольскага па лібрэта Уладзіміра Караткевіча “Сівая легенда”, паставіў яе Міхаіл Панджавідзэ. Спявалі, вядома ж, па-беларуску. Летась форум адкрывала знакавая прэм’ера: “Лятучы галандзец” Рыхарда Вагнера. Яе паставіў у нашым Вялікім нямецкі рэжысёр Ханс-Йахім Фрай, дырыжор-пастаноўшчык — аўстрыйскі маэстра Манфрэд Майерхофер. Цяпер оперы, як вядома, ставяцца на мове арыгіналу, і беларускім салістам, якія, бадай, не маюць праблем з італьянскімі тэкстамі, давялося папрацаваць і над нямецкім вымаўленнем.
Па традыцыі завяршаўся Калядны форум вялікім гала-канцэртам. Спявалі як зоркі Вялікага тэатра Беларусі, так і сусветна вядомыя выканаўцы з Азербайджана, Балгарыі, Грузіі, Казахстана, Канады, Латвіі, Літвы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Чэхіі, Эстоніі. Увесь вечар гучалі са сцэны Нацыянальнай оперы розныя мовы — на жаль, акрамя беларускай... Ды і на рускай была толькі адна арыя Роберта з оперы Пятра Чайкоўскага “Іаланта” — яе выконваў, дарэчы, наш суайчыннік, а цяпер вельмі перспектыўны саліст знакамітага Марыінскага тэатра з Санкт-Пецярбурга Уладзімір Мароз.
Магчыма, арганізатары гала-канцэрта проста не звярнулі ўвагі на такую “моўную” акалічнасць. І вельмі дарма! Як тут не згадаць знакавыя словы. што калісьці выдыхнуў класік: “А калі не спяваць аб Радзіме, Дык навошта наогул спяваць?” Бачылі б вы, як уся зала Вялікага танула ў шквале апладысментаў, ды і ўстала (адзіны раз за ўвесь гала-канцэрт) у высокім парыве вялікай удзячнасці народнаму артысту Грузіі Тэймуразу Гугушвілі. А спяваў маэстра на роднай яму мове арыю Міндзія з аднайменнай оперы грузінскага кампазітара Атара Тактакішвілі...
Пэўна, і ў оперным мастацтве, інтэрнацыянальным па сутнасці, важна не адрывацца ад родных каранёў. Цяпер, паведамляецца на сайце Опернага тэатра, вялікая ўвага надаецца развіццю нацыянальнага рэпертуару. Там жа згадваецца з дзясятак арыгінальных беларускіх опер, прысвечаных розным этапам гісторыі нашай краіны, ды і з сусветна вядомымі сюжэтамі. І было б здорава, падаецца мне, каб кожны з гасцей, едучы ў нашу Нацыянальную оперу, заспяваў у Мінску па-беларуску! Нездарма ж нашу мову па мілагучнасці знаўцы параўноўваюць з італьянскай! Опер беларускіх — на любыя густы, у тым ліку і рэканструяваны ў 2009-м твор Яна Голанда з сімвалічнай у кантэксце гэтых разваг назвай: “Чужое багацце нікому не служыць”...
Безумоўна, мы паважаем высокае мастацтва з чужых краёў, цэнім сусветныя шэдэўры — ды любім і душой адгукаемся найперш на сваё, роднае. І ці можа быць інакш?..
У беларусаў да таго ж ёсць традыцыя: збірацца ўсім родам за Калядным сталом. То чаму б сімвалічна не сабраць у чарговы раз Нацыянальнай оперы ў канцы года на Калядны форум з розных краін нашых іншых, акрамя Уладзіміра Мароза, суайчыннікаў-оперных спевакоў? Беларускія арыі ім вывучыць будзе зусім няцяжка. Кандыдатамі ж могуць быць і народная артыстка Малдовы Маргарыта Івануш, і народны артыст Украіны Мікола Коваль — пра апошняга мы летась пісалі. Варта толькі пашукаць, а таленты з беларускімі родавымі каранямі знойдуцца, пэўна, па ўсім свеце. Дарэчы, і суполкі беларусаў замежжа маглі б далучыцца да такіх цікавых пошукаў. У кіраўніцы Асацыяцыі беларусаў Эстоніі Ніны Савінавай, напрыклад, у самой вялікая цікавасць да опернага мастацтва, і яе дачка — оперная спявачка.

Іван Ждановіч

На здымку:
На форуме адбылася прэм’ера оперы “Лятучы галандзец”
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter