Аляксандр Зарубіцкі: “Добра там, дзе ёсць парадак…”

Сын беларускіх партызанаў перамагаў на матэматычных алімпіядах і закончыў Кіеўскі ўніверсітэт, але стаў журналістам і адным з кіраўнікоў украінскай секцый Міжнароднай паліцэйскай асацыяцыіПасля цёплай, сардэчнай і разам з тым грунтоўнай размовы з Паслом Беларусі ва Украіне Валянцінам Вялічкам — пра тое чытайце ў папярэднім нумары газеты — паблізу Пасольства нас ужо чакалі землякі-суайчыннікі. Арганізаваў сустрэчу калега, пазаштатны аўтар “Голасу Радзімы” Мікалай Бойка — беларус з Кіева, былы ваенна-марскі афіцэр. А першым узяўся расказваць пра свае жыццёвыя дарогі, якія давялі з Гомеля ў Кіеў, былы палкоўнік міліцыі Аляксандр Зарубіцкі. Рыхтуючы публікацыю, мы клікнулі ў інтэрнэце яго імя і даведаліся: наш зямляк яшчэ ў канцы 80-х узначальваў асацыяцыю “Чарнобыль” кіеўскага міліцэйскага глаўка. І сам у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС удзельнічаў.
Сын беларускіх партызанаў перамагаў на матэматычных алімпіядах і закончыў Кіеўскі ўніверсітэт, але стаў журналістам і адным з кіраўнікоў украінскай секцый Міжнароднай паліцэйскай асацыяцыі

Аляксандр ЗарубіцкіПасля цёплай, сардэчнай і разам з тым грунтоўнай размовы з Паслом Беларусі ва Украіне Валянцінам Вялічкам — пра тое чытайце ў папярэднім нумары газеты — паблізу Пасольства нас ужо чакалі землякі-суайчыннікі. Арганізаваў сустрэчу калега, пазаштатны аўтар “Голасу Радзімы” Мікалай Бойка — беларус з Кіева, былы ваенна-марскі афіцэр. А першым узяўся расказваць пра свае жыццёвыя дарогі, якія давялі з Гомеля ў Кіеў, былы палкоўнік міліцыі Аляксандр Зарубіцкі. Рыхтуючы публікацыю, мы клікнулі ў інтэрнэце яго імя і даведаліся: наш зямляк яшчэ ў канцы 80-х узначальваў асацыяцыю “Чарнобыль” кіеўскага міліцэйскага глаўка. І сам у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС удзельнічаў.
На пачатку, аднак, Аляксандр задаволіў нашу немалую цікаўнасць да асацыяцыі. Аказваецца, Міжнародная паліцэйская асацыяцыя — адна з буйнейшых грамадскіх суполак свету. На апошнім сусветным кангрэсе ў ізраільскім Эйлаце, дзе і наш субяседнік быў у складзе дэлегацыі ад Украіны, гучалі лічбы: 65 краін, 423 тысячы членаў. Ва ўкраінскай секцыі наш зямляк — віцэ-прэзідэнт, узначальвае нацыянальную камісію па культуры і спорце. Працуе ў апараце секцыі, да таго ж галоўны рэдактар усіх яе выданняў, найперш вялікага сайта, які і ёсць “яго дзецішча”. Аляксандр рыхтуе публікацыі для партнёрскіх выданняў “Милиция Украины”, “Именем закона”, выступае на тэлебачанні, удзельнічае ў прэс-канферэнцыях.
А. Зарубіцкі і яго сябры­беларусы з Уладзімірам Караткевічам у КіевеПрызнаецца: аб працы ў міліцыі ці журналістам не марыў. Вабіла матэматыка, таму і закончыў механіка-матэматычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Працаваў па спецыяльнасці. Распрацоўка і ўкараненне аўтаматызаваных сістэм кіравання на буйных прадпрыемствах — яго сфера інтарэсаў. Была… А потым “жыццё павярнула” так, што пайшоў працаваць у міліцыю. Заканчваў службу начальнікам цэнтра грамадскіх сувязяў МУС Украіны, у званні палкоўніка. Ён заслужаны журналіст Украіны: даўно і плённа працуе менавіта ў міліцэйскай журналістыцы.
А родавыя карані ў яго — з беларускіх вёсак: маці з Жалезніцы Клімавіцкага, а бацька з Асінаўкі Сенненскага раёнаў, адпаведна з Магілёшчыны ды Віцебшчыны. Гутарылі мы з Аляксандрам на пачатку мая, і ён казаў: “Дзень Перамогі для мяне — асаблівае свята: маці была сувязной партызанскага атрада “За Радзіму” ў Магілёўскай вобласці, а бацька камандаваў разведчыкамі ў партызанскім атрадзе “Перамога”, які дзейнічаў у раёне Бабруйска”. Вялікія страты панёс у вайну яго род па маці: брата яе, Мядзведскага Антона Андрэевіча, расстралялі гітлераўцы за сувязь з партызанамі, і дзвюх бабуль спалілі жывымі ў свірне. Другі брат, што быў лётчыкам, загінуў у небе над Сталінградам. Трэці, Мядзведскі Віктар Антонавіч, займаў пасаду міністра воднага транспарту Якуціі. А палкоўнік авіяцыі Валянцін Антонавіч пражыў 80 гадоў і памёр у Харкаве, ён быў выкладчыкам авіявучылішча.
Як дарагую рэліквію зберагае спадар Аляксандр баявую характарыстыку свайго бацькі, Уладзіміра Іванавіча Зарубіцкага, выдадзеную ў партызанскім атрадзе. І мы патрымалі ў руках пажоўклы лісток, якому амаль 70 гадоў. Партызан і партызанка ўтварылі пасля вайны сям’ю, жылі і працавалі ў Магілёве, Быхаве, пад Мінскам, потым — у Гомелі: там Зарубіцкі-старэйшы быў дырэктарам птушкафабрыкі. Заслужаны чалавек, кавалер двух ордэнаў “Знак Пашаны” і ордэна Чырвонай Зоркі, ушанаваны іншымі ўзнагародамі, дастойна пражыў жыццё, з гадамі пераехаў жыць з жонкай у Кіеў да адзінага сына. Ветэрана і не стала там у 1992-м, у хуткім часе пайшла з жыцця і маці Аляксандра. У яго ёсць родзічы ў Беларусі, у прыватнасці, стрыечная сястра Людміла ў Гомелі. “Для мяне яна як родная, — удакладніў Аляксандр. — Да яе ў госці ахвотна езджу, бо і Гомель вельмі дарагі для мяне. Там я скончыў 19-ю школу, у якой вучыўся з 1 па 11 клас”.
А што цяпер для яго азначае Беларусь? “Адзін мой сябар кажа: жыві як заўгодна, дзе заўгодна, ды не забывай, дзе пуп закапаны, — разважае Аляксандр. —І для мяне гэта святое месца, пачатак пачаткаў: там нарадзіўся, там прайшло дзяцінства, юнацтва пачалося. Хвалююся штораз, прыязджаючы ў Гомель. Гэта рамантыка юнацтва: тое, што дорага кожнаму з нас па жыцці. Для мяне вельмі блізкае ўсё, што звязана з Беларуссю. Я вельмі раўніва стаўлюся, асабліва цяпер, да таго, што не ўсе правільна ў нас, ды і ў Беларусі разумеюць палітыку беларускага Прэзідэнта, дзяржавы ў цэлым. І выказваюць меркаванні, па-першае, далёкія ад праўды, па-другое, ацэначна няслушныя. Гэта, у прыватнасці, тычыцца праблем дэмакратыі, свабоды асобы. Мой жыццёвы досвед, паездкі ў розныя краіны, знаёмства з іх вопытам дазваляюць зрабіць выснову: у кожнай дзяржаве ёсць як зразумелыя ўсім метады працы, так і тыя, што выклікаюць крытыку іншых. І не бывае так, каб усім усё падабалася! Але ж будзем шчырымі: добра там, дзе ёсць парадак. І ў маім уяўленні Беларусь — краіна больш прывабная ў многіх адносінах, чым імкнуцца яе часам прадставіць тыя, хто з нечым у беларускай рэальнасці не згодны”.
У пашыраным фармаце мы раскажам пра Аляксандра Зарубіцкага, яго светапогляд, беларускіх сяброў і міжнародныя кантакты, падарожжы, творчыя планы ў часопісе “Беларусь. Belarus”. А на заканчэнне заўважым: за час размовы падалося нам, што разам з праніклівым, аналітычным розумам у земляка суладна працуе і мяккая, уражлівая беларуская душа. Спадзяемся, сустрэча стане пачаткам для супрацоўніцтва, і допісы земляка пра цікавых беларусаў Украіны яшчэ пабачаць свет і ў “Голасе Радзімы”. У планах Аляксандра — садзейнічаць стварэнню секцыі паліцэйскай асацыяцыі ў Беларусі, і нядаўна ўжо прайшла сустрэча ў беларускім пасольстве з прадстаўніком МУС Беларусі пры МУС Украіны. То, магчыма, і ў гэтай справе мы будзем узаемакарыснымі, бо землякі ж моцныя — калі дзейнічаюць разам.

Іван і Валянціна Ждановічы

На здымках:
Аляксандр Зарубіцкі
А. Зарубіцкі і яго сябры­беларусы з Уладзімірам Караткевічам у Кіеве
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter