Агні старога млына

У Камарове, што пад Мядзелам, бяруць энергію ад драўніны, вады і сонцаКалісьці, за польскім часам, вёска Камарова называлася іначай — Камараўшчызна. Цэнтрам паселішча быў палац мясцовага пана. Пасля ўсталявання савецкай улады, у 1940 годзе, у маёнтку арганізавалі вучылішча, на базе якога пазней стварылі Свірскі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. На пачатку ХХІ стагоддзя дбаннем дырэктара гэтай навучальнай установы, а цяпер грамадскага дзеяча Эдуарда Вайцяховіча тут пачаў працаваць першы ў краіне Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва. Цэнтр ставіць мэтай зрабіць жыццё ў вёсцы перспектыўным: каб людзі не імкнуліся з’язджаць у горад, рупіліся пра свае родныя гоні. Адна з праяў рупнасці, што варта пераймання іншымі, — пераход Камарова (спачатку ліцэя, затым цэнтра, а ў перспектыве — усёй вёскі) на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Ідэю падтрымліваюць і ў Свірскім пасялковым выканкаме: тут уважліва сочаць за пачынаннямі камароўцаў і чым могуць спрыяюць

Першы ж крок у справе пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі быў зроблены дзякуючы дапамозе нямецкіх сяброў з грамады (па-нашаму — сельсавета) Хюльхорст. Гэтак называецца пасёлак у Германіі, за 80 кіламетраў ад Гановера. Вакол Хюльхорста размешчаны некалькі вёсак, і ўся гэтая супольнасць ужо дваццаць год супрацоўнічае з Камаровам. Спачатку немцы прывозілі гуманітарную дапамогу навучэнцам ліцэя. Цяпер рэалізуюць экалагічныя праекты.
У 2000 годзе ўзнікла праблема: мясцовай кацельні, што давала цяпло ліцэю і дамам некаторых камароўцаў, бракавала сродкаў, каб закупіць паліва на ўвесь год. Сталі шукаць выйсце. Немцы падказалі: трэба паставіць газагенератарны кацёл, каб выпрацоўваць у ім з драўніны газ — і каштавала б гэта танней, дый прыродзе не было б ніякай шкоды. Спецыялісты з Германіі адразу ж ацанілі і каэфіцыент карыснага дзеяння новага абсталявання — 96 працэнтаў у параўнанні з 8 працэнтамі старога катла. Гучала пераканаўча.
Кацёл паставілі. Практыка паказала, што калі раней ад мазуту ў паветра ішлі шкодныя выкіды, дык цяпер дровы вылучалі вуглякіслы газ, які не толькі не шкодзіў, але і спрыяў, напрыклад, росту дрэў. А ў Камарове ж захаваўся цудоўны панскі сад! Такім чынам, дрэвы, якія спальваліся, аддавалі сваю энергію і людзям, і “суродзічам” у парку.
Апраўдаліся і эканамічныя разлікі. Кацёл  мае  магутнасць  500 кілаватаў. 100 ват досыць, каб абагрэць 1 квадратны метр плошчы памяшкання. Ліцэю зімовай  парой  патрэбна прыкладна 100 кубічных метраў дроў у месяц. А калі сваімі сіламі нарыхтоўваць дровы ў лесе, дык 1 кубаметр будзе каштаваць усяго каля 1 долара! Так, яшчэ пэўныя выдаткі пойдуць на наём рабочых, тэхнікі для вывазу драўніны, але гэта зусім непараўнальна з тымі мільённымі сумамі, якія калісьці даводзілася плаціць за цяпло, атрыманае з мазуту.
Эдуард Вайцяховіч мяркуе, што такі спосаб здабывання энергіі эфектыўны ў малых паселішчах. У вялікіх гарадах плёну з гэтага ўжо не будзе — там зэканомленыя сродкі “з’ядуць” транспартныя ды іншыя расходы. Карацей, каб забяспечыць дабрабыт і захаваць прыроду, у кожнай сітуацыі трэба пралічваць найдрабнейшыя дэталі.
Але на пераходзе з мазуту на драўнінны газ у Камарове не спыніліся. Пошукі альтэрнатыўных крыніц энергіі працягваюцца. Сёлета ўводзяцца ў эксплуатацыю невялічкія гідраэлектрастанцыя і сонечная батарэя.
Падставы для стварэння мікра-ГЭС існуюць здаўна. Яшчэ за панскім часам, у канцы XIX стагоддзя, у Камарове вакол палаца былі створаны два штучныя ставы. На адным працаваў млын, на другім — сталярня. “Чаму б не выкарыстоўваць магутнасці вады цяпер?” — разважылі прадпрымальныя жыхары. Так на пачатку гэтага года між дзвюма сажалкамі з’явілася вясковая ГЭС. Яе пабудавалі нанова, але ў старадаўнім стылі — як млын. Гэта двухпавярховы будынак, першы паверх якога складзены з бутавага каменю, другі — са зруба ад старога свірна, а дах накрыты чарапіцай.
Магутнасць ГЭС, праўда, невялікая — усяго 3,5 кілавата. Для параўнання: электрачайнік спажывае 2 кілаваты, тэлевізар — 200 ват. Стварэнне воднай электрастанцыі, аднак, аказалася не марнай справай. Энергіяй, што на ёй выпрацоўваецца, можна сілкаваць ліхтары ў старым парку. На грант, атрыманы пад гэты праект ад Глабальнага экалагічнага фонду ААН, набылі 40 ліхтароў, кожны магутнасцю 70 ват, а разам яны запатрабуюць ад ГЭС усяго 2,8 кілавата.
У парку тым часам ужо пастаўлены слупы пад ліхтары. Неўзабаве, як толькі спадуць маразы, да будучых ліхтароў падключаць электрычныя кабелі. І прысады былой шляхецкай сядзібы асветляцца агнямі, дзякуючы энергіі са старога млына.
У найбліжэйшым часе на будынку Цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва запрацуе яшчэ і сонечная батарэя. Яна ўжо ўсталявана, засталося вырашыць некаторыя фармальнасці з Мінэнерга. Батарэя — не танная “забаўка”. Яе кошт — 9,5 тысячы еўра. Але сэнс выкарыстання такога прыбору вось у чым. Батарэя бярэ энергію сонца і трансфармуе яе ў электрычнасць, якая перадаецца ў агульную электрасетку краіны. Затым спажывец бярэ электрычнасць з той жа сеткі. І калі ён выкарыстоўвае энергіі менш, чым паставіў, то не толькі не плаціць за яе, але яшчэ і мае прыбытак. Праз нейкі час выдаткі на набыццё батарэі, такім чынам, маюць акупіцца.
Вада, сонца, а таксама вецер — сілы прыроды, якія пакуль што мала выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы. Мы прывыклі да газу, нафты, бо іх прасцей атрымліваць па трубах, чым важдацца з новымі тэхналогіямі. Прыклад Камарова паказвае: сёння яшчэ нельга цалкам перайсці на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Гэта нятанна хаця б таму, што спецыяльнае абсталяванне — даволі дарагое. Але калі ў розных рэгіёнах краіны паціху будуць пераймаць практыку камароўцаў — магчыма, з часам наша энергетыка перастане цалкам залежаць ад “трубы” ды забяспечыць унутраныя патрэбы эканомікі і грамадства за кошт таго, што дала нам свая, беларуская прырода.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter