Адметнасці народнай дыпламатыі

У Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі адбылася сустрэча з парламентарыямі
У Беларускім таварыстве дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі адбылася сустрэча з парламентарыямі.

Ніна Іванова і Сяргей МаскевічДом дружбы гасцінна сустракаў прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Калі дакладней, гэта была ў поўным складзе камісія па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў. Удзельнічала ў пасяджэнні і старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Ніна Мазай.

«Я ўпэўнены, што народная дыпламатыя, якой займаецца таварыства, яго актыў — гэта дыпламатыя найбольш фундаментальная і грунтоўная, —адзначыў на сустрэчы старшыня камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч. — Парламент вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве. Увогуле ж сёння народная дыпламатыя мае асаблівае значэнне для развіцця міжнародных кантактаў». Ён сказаў, што камісія ініцыявала сустрэчу у Доме дружбы для таго, каб ведаць аб праблемах, якія ўзнікаюць у практычнай рабоце таварыства, і больш цесна супрацоўнічаць з гэтай грамадскай арганізацыяй.

Расказваючы пра гісторыю арганізацыі, якая пачыналася ў 1926 г., старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова з гонарам падкрэсліла, што ініцыятарамі яго стварэння былі Янка Купала, Якуб Колас, Цішка Гартны, іншыя прадстаўнікі нацыянальнай інтэлігенцыі. “Па лініі таварыства Беларусь наведвалі дэлегацыі з розных краін, і таму сёння ў нас так шмат шчырых сяброў па ўсім свеце”, — адзначыла Н.Іванова. Цяпер у Доме дружбы дзейнічае 37 нацыянальных таварыстваў дружбы, моцны актыў, рэалізуецца шмат цікавых праграм.

Падчас абмеркавання кірункаў супрацоўніцтва Ніна Іванова прапанавала арганізоўваць сустрэчы ў Доме дружбы з гасцямі, якія наведваюць Беларусь па запрашэнні парламента. Увогуле ж таварыства адкрыта для ўсебаковых стасункаў з парламентарыямі, гатова дзяліцца сваімі напрацоўкамі, вопытам работы.

Гаварылася на сустрэчы і пра неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай. У прыватнасці, старшыня камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Ніна Мазай, спасылаючыся на вопыт работы паслом у Канадзе, падкрэсліла, як важна нашым суайчыннікам за мяжой падчас перапісаў насельніцтва канкрэтна ўказваць сваю нацыянальную прыналежнасць, утвараць арганізацыйныя структуры, праводзіць культурна-асветніцкую работу. Інакш яны проста згубяцца ў асноўным этнасе. Перспектыўным можа быць і эканамічнае супрацоўніцтва прадстаўнікоў дыяспары з Беларуссю. “Людзі, трапіўшы за мяжу, часта спрабуюць усталявацца там, наладжваючы сувязі з той краінай, адкуль прыехалі, — разважала Н.Мазай. — А значыць, варта думаць пра стварэнне асацыяцый, якія будуць садзей-нічаць развіццю эканамічных стасункаў. Канешне, каб яны працавалі — патрэбны сродкі. За мяжою гранты выдзяляюцца пад канкрэтныя праекты: скажам, на арганізацыю нацыянальнай школы, ці на падрыхтоўку нейкага выдання, ці на творчы калектыў... Трэба спачатку праявіць сябе, пачынаць нешта рабіць самім, перш чым спадзявацца на чыюсьці дапамогу”.

Парламентарыі паабяцалі прааналізаваць усе меркаванні і прапановы, што прагучалі ў Доме дружбы, і больш актыўна падключаць супрацоўнікаў таварыства да сваіх праектаў і праграм.

Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter