Не толькі прысмакі

А мы масленку чакалі...

Навошта “хаваюць дзеда”, а дзеці залазяць на страху

Сёння дакладна не вядома, калі пачалі адзначаць Масленіцу. Было гэта яшчэ ў дахрысціянскія часы. Але з упэўненасцю можна сказаць, што свята гэтае было важнае і любімае, інакш не дайшлі б яго традыцыі да сённяшняга часу. Масленіца прыпадае на перыяд паміж зімой і вясной і абазначае пераход да новага сельскагаспа-дарчага цыкла.

Фота БЕЛТА

Падчас свята стараліся пазбавіцца ад усяго старога і кепскага, хваробаў, грахоў і хібаў, таму спальвалі пудзіла-зіму. Імкнуліся наблізіць вясну — выпякалі ў вялікай колькасці бліны, якія ў народнай традыцыі сімвалізавалі Сонца. Праводзілі рытуалы, скіраваныя на забеспячэнне багатага новага ўраджаю — дзеці гушкаліся на арэлях, моладзь запрагала ў сані коней, упрыгожаных стужкамі і званочкамі, і ўсе, незалежна ад узросту, каталіся з горак. Беларусы шчыра верылі, што такія дзеянні спрыяюць доўгаму ільну, густой грэчцы, урадліваму жыту і гэтак далей. У Масленічны тыдзень хадзілі адзін да аднаго ў госці, спявалі, танцавалі.

Так адзначалі Масленіцу не толькі ў нас, але і ў суседніх краінах. Аднак наша асаблівасць у тым, што многія мястэчкі мелі свае адметнасці святкавання.

— У параўнанні з іншымі святамі беларускага традыцыйнага календара Масленіца выяўляецца, бадай што, у найбольшай колькасці мясцовых варыянтаў, — адзначыла падчас лекцыі, прысвечанай Масленіцы і гуканню вясны, у мінскай “Арт Сядзібе” даследчыца Алена Ляшкевіч.

Да прыкладу, на поўдні Беларусі на Масленіцу было прынята гукаць вясну, а ў іншых мясцінах “вяснянкі” пачыналі спяваць значна пазней.

— Беларусь хоць і не вельмі вялікая краіна, але клімат у розных рэгіёнах адрозніваецца. І калі на Віцебшчыне на Масленіцу могуць ляжаць гурбы, то на Гомельшчыне звычайна ўжо бачны праталіны, таму тут і пачынаюць гукаць вясну, — тлумачыць даследчыца. — Гуканне на Масленіцу не моцна адрозніваецца ад гукання на іншыя святы. Але ёсць зафіксаваныя факты, што ў некаторых рэгіёнах вясну сустракалі з сырам у руках, з елкай. Да прыкладу, у Тонежы Лельчыцкага раёна захавалася традыцыя пячы птушачак з цеста, хоць звычайна гэта робяць на Саракі 22 сакавіка. У Пагосце Жыткавіцкага раёна вясну гукаюць з маслам, сырам, нефарбаванымі яйкамі і булачкамі. Вузельчыкі з гэтымі прысмакамі даюць дзеткам, якіх затым падсаджваюць на страху якога-небудзь збудавання, дзе яны частуюцца і гуляюць у біткі.

Ва ўсходніх палескіх рэгіёнах падтрымліваецца традыцыя “пакарання” на Масленіцу тых, хто мог узяць шлюб за год, але не зрабіў гэтага. Хлопцам-”перастаркам”, якія не ажаніліся, прывязвалі да нагі “калодку”. Гэта магла быць палка, стужачка або цукерка. Пазначаныя такім чынам хлопцы мусілі “праставіцца”. Метка мае і іншае значэнне. Алена Ляшкевіч расказвае, што ў вёсцы Выхадцы Лёзненскага раёна “калодку” ў выглядзе каляровай стужкі з абаранкамі і цукеркамі вешаюць на шыю вяскоўцам, запрашаючы на сумеснае застолле. Але перш чым далучыцца да грамады, носьбіт “калодкі” павінен ад яе адкупіцца.

У нейкім сэнсе адкупляцца прыходзіцца і маладым жанчынам у Падняпроўі, дзе да сённяшняга часу захаваліся звычаі “трэсці падушкі” або “разуваць маладуху”. Замужнія кабеты прыходзяць у госці да маладухі, каб прыняць яе ў сваю кампанію, кажучы: “Вынесь сыра — родзіш сына, вынесь мачку — родзіш дачку” і гэтак далей.

Сёння паўсюдна на Масленіцу спальваюць пудзіла. Але да сярэдзіны ХХ стагоддзя гэтая традыцыя таксама лічылася лакальнай — яе прытрымліваліся на ўсходзе Беларусі.

— Як, спытаецеся, яна распаўсюдзілася па ўсёй краіне? Хутчэй за ўсё, гэта ўплыў савецкай культурнай палітыкі, калі ў 1960-я гады пачалі выдавацца метадычныя дапаможнікі для работнікаў культуры са сцэнарыямі розных свят, у тым ліку і Масленіцы. Вось уся Беларусь і пачала адзначаць яе па адным шаблоне са спальваннем пудзіла, — лічыць даследчык.

Аднак ляльку спальвалі не паўсюль. На паўночным усходзе Беларусі захаваўся абрад “Пахаванне Дзеда”, звязаны з ушанаваннем продкаў. У панядзелак, першы дзень Масленічнага тыдня, калі ўжо забаранялася есці мяса, хавалі “Дзеда, што косткай падавіўся”. Дзеда, якога называлі Сідоркай, выраблялі ў чалавечы рост з саломы, апраналі ў мужчынскае адзенне, клалі на лаўку і пачыналі па ім галасіць: “Ах ты, Дзедка, куды ты сабраўся, навошта нас пакідаеш...”. Прычым абавязкова падкрэслівалася, што Дзед быў вельмі стары (меў не менш за сто гадоў), вылучаўся гіперсексуальнасцю (дзеля гэтага вырабляліся мужчынскія “атрыбуты”) і меў многа дзяцей (таму ён агульны продак). Аплакаўшы, Дзеда везлі на саначках закопваць у снег, быццам перадаючы яго пладавітасць зямлі. А напрыканцы Масленічнага тыдня адбывалася “Пахаванне Бабы”, якая “падавілася сырніцай”.

Незалежна ад рэгіёну, на Масленіцу шмат спявалі — любоўна-шлюбныя, сямейна-бытавыя і, вядома, абрадавыя песні. Дарэчы, у гэтых песнях вельмі добра пазначана стаўленне ўдзельнікаў свята да Масленіцы. Спачатку яе чакаюць і сустракаюць як дарагога сябра (“А мы Масленку чакалі”), а потым лёгка пазбаўляюцца, быццам ад госця, які ўжо надакучыў (“А мы Масленіцу пракаталі, у пясок яе закапалі”). Бо ва ўсім павінна быць мера. Нават калі гэта датычыцца радасці і весялосці.

ЦІ ВЕДАЛІ?

Святкаванне Масленіцы ў народзе было падзелена па днях. Непасрэдна адзначаць свята пачыналі 

ў чацвер. У пятніцу былі бяседныя застоллі, а ў нядзелю — развітальная і прабачальная бяседа. Даравальная нядзеля ёсць і ў праваслаўнай традыцыі: у апошні дзень перад Вялікім постам вернікі просяць адзін у аднаго прабачэння, каб прыступіць да яго з чыстай душой.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter