24 гадзіны інфармацыі ў суткі

З верасня 2007 года радыёстанцыя “Беларусь” пачне кругласутачнае вяшчанне
З верасня 2007 года радыёстанцыя “Беларусь” пачне кругласутачнае вяшчанне.

А пазыўныя “Радзіма мая дарагая”, якія сталі сімвалам гэтага радыё, можна будзе пачуць і на FM-хвалях. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі, прысвечанай 45-годдзю станцыі, паведаміў яе кіраўнік Навум Гальпяровіч.

Сёння трансляцыя перадач радыёстанцыі “Беларусь” распаўсюджваецца на 20 еўрапейскіх дзяржаў. Так, большасць яе слухачоў жыве ва Усходняй Еўропе (Расія, Літва, Польшча, Малдова). Чвэрць слухаюць радыё ў Заходняй Еўропе. Ёсць таксама слухачы ў Індыі, Кітаі, Амерыцы.

Безумоўна, у асноўным перадачы арыентаваны на беларускую дыяспару і на людзей, якія цікавяцца нашай краінай. Ёсць яшчэ тыя, хто вывучае беларускую мову за мяжой, — для іх, дарэчы, створаны асобны праект “З камянёў славянскіх”. Інфармацыя аб слухачах і іх патрэбах у асноўным збіраецца з дасланай на радыёстанцыю карэспандэнцыі. Па словах Навума Гальпяровіча, толькі ў 2005 годзе да іх дайшлі лісты з 25 краін, а ў 2006 — ужо з 37.

Вялікія надзеі радыёстанцыя ўскладае на дамову аб супрацоўніцтве з “Голасам Расіі” — самай буйной радыёстанцыяй у свеце. У выніку гэтага су-працоўніцтва колькасць слухачоў “Беларусі” значна павялічылася.

Ганна Юкіна
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter