Дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Я.Купалы Ганна Іване ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны

22 шчаслівыя гады Ганны Іване

Беларуская дыяспара ў Латвіі другая па колькасці пасля рускай, але нацыянальная школа адна

ЯРКІМ фіналам запомніўся 2017-ы дырэктару Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Я. Купалы Ганне ІВАНЕ. 28 снежня міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей уручыў ёй медаль Францыска Скарыны. Педагог ушанавана за значны асабісты ўклад у прапаганду і развіццё адукацыі на беларускай мове, захаванне культурнай спадчыны беларускага народа ў Латвіі. Адпаведны ўказ яшчэ ў лістападзе падпісаў Прэзідэнт. Чаму высокая дзяржаўная ўзнагарода сімвалізуе 22 самыя шчаслівыя гады ў прафесіі, расказала Ганна Іване эксклюзіўна для “СГ”.

фота белта

— Ганна, ваш снежаньскі візіт на Бацькаўшчыну, верагодна, здзяйснялі з асаблівымі пачуццямі...

— Так. Але ж найпершая місія, з якой ехала ў Мінск, была прадстаўнічая: ужо колькі гадоў запар вучні нашай школы запрашаюцца на навагодняе дабрачыннае свята ў рамках акцыі “Нашы дзеці”. У гэты раз на галоўную елку краіны з удзелам Прэзідэнта патрапілі 23 вучні 5—9-х класаў. Гэта таленавітыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія добра паспяваюць і праслаўляюць імя нашай школы ў Латвіі. Ужо пасля свята ў Палацы Рэспублікі мы разам з дзецьмі накіраваліся ў Міністэрства замежных спраў.

Для мяне медаль Францыска Скарыны (дарэчы, сімвалічна атрыманая ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання) — гэта гучнае прызнанне нашай агульнай працы. У тым ліку старанняў маіх калег, смеласці і згуртаванасці бацькоў, здольнасці вучняў… Узнагарода пацвярджае, што на дзяржаўным узроўні наша праца заўважана, мы патрэбныя. Пра нас ведаюць не толькі ў Беларусі, заўважаюць за мяжой, хаця там ёсць свае тонкасці адукацыйнага працэсу.

— Узяць хаця б тое, што ў школы своеасаблівая мадэль навучання, калі прадметы выкладаюцца білінгвальна.

— Вы маеце рацыю. Галоўная наша задача — паралельна з засваеннем праграмы вучыць дзяцей роднай мове, знаёміць з нашай нацыянальнай культурай, музыкай, гісторыяй. Прадметы выкладаюцца білінгвальна — на латышскай і рускай або латышскай і беларускай мовах згодна з ліцэнзаваным вучэбным планам.

Рыжская беларуская асноўная школа сваю працу пачала ў 1994 годзе дзякуючы Латвійскай грамадзе беларускай культуры “Світанак” і актыўнай дзейнасці першага дырэктара — знакамітага мастака і пісьменніка Вячаслава Целеша. Спачатку ў школе былі два класы, у якіх вучыліся ўсяго 10 вучняў і працавалі два настаўнікі. Амаль за 20 гадоў навучальная ўстанова дарасла да паўнавартаснай школы са сваімі традыцыямі. Сёння ў нас 25 настаўнікаў, 180 вучняў, большасць з іх па паходжанні — этнічныя беларусы. Але ёсць і выключэнні, таму што мы адкрыты для ўсіх, каму цікавая наша культура. Беларуская дыяспара другая па колькасці ў Латвіі пасля рускай. Але нацыянальная школа ў прыбалтыйскай краіне пакуль толькі адна.

— Асаблівы акцэнт на беларускасці дзякуючы персанальна вашым намаганням зроблены ў 2011 годзе. З гэтага часу школа носіць імя Янкі Купалы. Адважуся выказаць здагадку, што навучальная ўстанова стала неад’емнай часткай вашага жыцця...

— Абсалютна, школа — мой лёс! У Латвію я пераехала 32 гады таму, пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але 22 апошнія гады лічу самымі шчаслівымі ў сваім прафесійным жыцці — з таго моманту, калі ў 1995-м уладкавалася ў школу настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. У той час пра навучальную ўстанову, якую мы маем сёння, і не марылі. У нас не было свайго памяшкання, не маглі пахваліцца трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Але мары здзяйсняюцца! Цяпер у нас свая тэрыторыя (дзелім будынак з рускамоўнай школай), у памяшканні еўрарамонт, ёсць інтэрнэт, інтэрактыўныя дошкі, багатая бібліятэка… Гэта ўдалося зрабіць агульнымі намаганнямі ўсіх, хто не застаўся абыякавым да лёсу школы.

— У тым ліку і беларуская дзяржава: праца школы актыўна падтрымліваецца Прэзідэнтам, Міністэрствам адукацыі, пасольствам Беларусі ў Латвіі…

— І гэтая дапамога адчувальная! Мы атрымліваем з гістарычнай радзімы новыя кнігі, вучэбныя і метадычныя дапаможнікі. Кожнае лета нашы вучні адпраўляюцца адпачываць у нацыянальны дзіцячы аздараўленчы лагер «Зубраня», маюць магчымасць абараняць гонар школы на прадметных алімпіядах. Педагогі ж павышаюць сваю кваліфікацыю на спецыяльных курсах перападрыхтоўкі ў Мінску, плюс візавая падтрымка. Усё гэта ў сукупнасці вельмі прыкметна, успрымаецца з падзякай.

— Ганна, 15 гадоў вашага кіраўніцтва школай — гэта шэраг цікавых творчых праектаў, якія сталі фішкамі менавіта вашай навучальнай установы. Якія б вы вылучылі?

— Адзначаем народныя беларускія святы — Каляды, Вялікдзень, Купалле… Прычым дзеці актыўна ўдзельнічаюць у праектах разам з бацькамі. І нават з іншых гарадоў Латвіі да нас прыязджаюць у гэты час у госці. У маі 5 дзён мы разам працуем над пэўным праектам. Сёлета прысвяцілі яго скарынаўскай тэме. Зразумела, традыцыйна ў фаворы купалаўскі накірунак. Дарэчы, адно з дасягненняў — стварэнне музея класіка. У гэтым годзе яго калекцыя папоўнілася сямейным архівам Якуба Коласа і Янкі Маўра. У Рыгу новыя экспанаты перадала асабіста ўнучка Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч.

uskova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter