Згадкі пра адметны юбілей ды цікавыя кнігі, якія апошнім часам трапілі ў рэдакцыйны збор

Тое, што застанецца

Згадкі пра адметны юбілей ды цікавыя кнігі, якія апошнім часам трапілі ў рэдакцыйны збор

Ганаровы сябар МАБ



Аляксандру Баршчэўскаму сёлета 85. З гэтым беларускім і польскім вучоным і паэтам упершыню сустрэліся мы ў 1964-м, у час маёй першай камандзіроўкі ў Польшчу. На яго варшаўскай кватэры, тады яшчэ халасцяцкай, ледзь не да рання гаварылі пра асаблівасці беларуска-польскага літаратурнага ўзаемадзеяння ў ХІХ стагоддзі. Я расказваў пра свае знаходкі, звязаныя з творчасцю двухмоўных пісьменнікаў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Лучыны, Адама Гурыновіча, Францішка Багушэвіча, а ён — пра задумы ўсё тое абагульняць у лекцыях і падручніках на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, куды ён прыехаў працаваць пасля заканчэння Лодзінскага ўніверсітэта ў 1956 годзе. Нарадзіўся ж ён у 1930 годзе ў вёсцы Бандары на Беласточчыне ў сялянскай сям’і.

Пазней мы сустракаліся на кангрэсах і канферэнцыях ледзь не штогод. Аляксандр Баршчэўскі неўзабаве ўзначаліў кафедру беларускай філалогіі, а потым і польскае адгалінаванне Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Выдаў на польскай мове кнігі “Гісторыя беларускай літаратуры” (у дзвюх частках), “Беларуская абраднасць і фальклор усходняй Беласточчыны”, а на беларускай мове (пад псеўданімам Алесь Барскі) і зборнікі вершаў “Беларускія матывы”, “Жнівень слоў”, “Мой бераг”, “Блізкасць далёкага”. З 1964 года доўгі час узначальваў Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы (з галоўнай сядзібай у Беластоку). Стаў габілітаваным доктарам філалогіі, прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта і Ганаровым доктарам БДУ, сябрам беларускага і польскага саюзаў пісьменнікаў. Падарожнічаў па СССР, Вялікабрытаніі, ЗША і апублікаваў пра ўражанні нарысы. Пералічыць усё зробленае працавітым і таленавітым Аляксандрам Баршчэўскім цяжка: адна толькі яго бібліяграфія, апублікаваная мною ў першым томе энцыклапедычнага шасцітомніка “Беларускія пісьменнікі”, займае больш за чатыры старонкі.

І вось ад прафесара Бэаты Сівэк прыйшло мне з Польшчы электроннае паведамленне: 11 снежня мела адбыцца заключнае юбілейнае пасяджэнне, прысвечанае Аляксандру Баршчэўскаму. Параіўшыся з Аляксандрам Сушай, цяперашнім старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, мы рашылі на пасяджэнні камітэта МАБ паставіць пытанне аб прысваенні юбіляру наймення Ганаровага сябра асацыяцыі, якой ён аддаў многа часу і энергіі. Пра станоўчыя вынікі галасавання паведамілі ў Польшчу.

Навагодняе прывітанне… з 1977 года


У на дзіва цёплы снежаньскі дзень у рэдакцыю нашай газеты зайшла з падарункамі паэтэса Марына Наталіч, прынесла ў рэдакцыйныя зборы свой зборнік празаічных мініяцюр “На беразе Тартарскага праліву…” і ўкладзены ёю ж тоўсты том Рыгора Барадуліна “Дзённікі і запісы. Выпуск 2. 1970-1978”, выдадзены сёлета ў “Кнігазборы”. На развітанне сказала: “Знойдзеце тут навагоднюю неспадзеўку”.

Найперш узяўся за аўтарскі зборнік. Выдадзены ён, як і папярэднія восем кніг паэзіі ды прозы спадарыні Марыны, на рускай мове. І гэта натуральна, бо нарадзілася Марына Наталіч (псеўданім Марыны Давыдзенкі) на Далёкім Усходзе, у порце Ваніна на беразе Татарскага (раней нібыта Тартарскага) праліва. Пасля пераезду ў Мінск, у час вучобы на філфаку БДУ палічыла яна для сябе важным грунтоўна вывучыць беларускую мову. Дзякуючы таму пад сілу ёй аказалася праца рэдактара ў выдавецтвах “Мастацкая літаратура” і “Беларускі кнігазбор”. Зборнік “Палыновая зорка” (2013) Марына выдала па-беларуску. Цяпер працуе над выданнем спадчыны Рыгора Барадуліна.

У зборніку “На беразе Тартарскага праліва…” маю ўвагу спынілі два невялікая абзацы: “Радзіма нічога не дае ў рукі і не адбірае. Яна не ўзнагароджвае і не карае. Усё гэта робім мы самі, жывучы грахоўна ці справядліва. А Радзіма ж проста ёсць… І гэта другая і апошняя наша апора — пасля Бога”.

Аднак асаблівай “неспадзеўкі”, чытаючы гэтыя філасофска-патрыятычныя развагі, я не знайшоў. І таму пачаў гартаць другую кнігу, больш аб’ёмістую. Урэшце на старонцы 271 натрапіў на невядомы мне раней  барадулінскі верш “Адаму Мальдзісу”. Заканчваецца радкамі: “Экран гісторыі для ўсіх./ Не густа з гледачамі./ Свет бачым прашчураў сваіх/ Цікаўнымі вачамі./ Ты з балтамі славян хаўрусь,/ Хай думка не абвяне./ Жыць будзе наша Беларусь,/ Пакуль жывуць славяне”.Радкі былі напісаны ў 11 гадзін дня 13 студзеня 1977 года, на “стары” Новы год. Да мяне яны тады не дайшлі, я быў у чарговай пошукавай камандзіроўцы і паралельна разам з Альмай Лапінскене працаваў над кнігай пра беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі “Перазовы сяброўскіх галасоў”. Адсюль і слова “балты” ў тэксце верша.

Што ж, прыемна атрымаць такое вершаванае віншаванне, хоць і са спазненнем на 38 гадоў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter