«Адштурхоўвай і ўцякай!»: як і навошта ў Мінску навучаюць самаабароне дзяўчат і жанчын?

Бой з ценем

Форма адзення на занятак — спартыўная. Тыя ж, хто будзе ўдзельнічаць у стрэс-трэнінгу — трэнер выступае ў ролі гвалтаўніка, а ўдзельніцы — ахвяры нападу, — павінны прыйсці ў вопратцы, якую не шкада. Таму што будзе бой. Будуць вырваныя валасы, сінякі і нават слёзы. Таму што перанесці такое, хай нават і ў навучальнай форме, нялёгка. Карэспандэнт «Рэспублікі» прайшла семінар па самаабароне і даведалася, чаму праводзяць такія заняткі.

Вучанiцы самаабароны: «Нас навучылі галоўнаму — не заміраць у выпадку небяспекі, а разумець: ты можаш выбрацца, ты таксама моцная, павінна сябе абараняць»
Фота аўтара

Сюды, на вуліцу Кальварыйскую, 33, дзе знаходзіцца спартыўная зала, прыйшлі дзясяткі дзяўчат і жанчын — ад 10 да 50 гадоў. Мамы з дочкамі, сяброўкі, студэнткі... Трэнер школы самаабароны Krav Maga Belarus Ілья Мурашка і два яго калегі будуць усю нашу жаночую брацію навучаць тэорыі і практыцы самаабароны. Дарэчы, мерапрыемства праходзіла ў партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем «Радзіслава», якое аказвае дапамогу жанчынам, што пацярпелі ад гвалту. У ГА «Радзіслава» ёсць і свае курсы па самаабароне, яны праходзяць 16 гадзiн, разбіваюцца на некалькі дзён, і праводзіць іх ква-ліфікаваная трэнер. Галоўная мэта заняткаў, якія паволі пачынаюць праводзіць і ў рэгіёнах краіны, — узмацніць пачуццё ўласнай годнасці жанчын, навучыць даваць адпор ва ўсіх формах гвалту. Але мы пакуль даведаемся пра базавы курс тут і цяпер.

Ілья стаіць у цэнтры залы. Дзяўчаты ўважліва слухаюць, як распазнаць з першых слоў пагрозу, як на яе рэагаваць. Першая парада: «Не трэба рызыкаваць сваiм здароўем, каб захаваць рэчы. Лепш ужо аддаць iх таму, хто напаў, і тэрмінова звярнуцца ў міліцыю. А калі ёсць такія, што вельмі каштоўныя для вас? Што ж, падумайце, ці варта падобныя рэчы насіць з сабой».

Пачынаем практыку. Трэнер нагадвае: наша задача не накаўтаваць, а даць адпор, уцячы, выратавацца:

— Уявім сабе, што ў пад’ездзе незнаёмы прапануе паднесці вашы рэчы на вашу кухню. Навошта? Ён кажа: «Я толькі зайду і пастаўлю рэчы. Абяцаю. Нічога не будзе». Навошта нам абяцаць такое? Гэта яўная пагроза. Страшна казаць «не»? А калі вы сказалі гэтае слова, а ён працягвае навязвацца? Гэта пачатак гвалту над асобай.

Ілья паказвае: калі чалавек блізка падышоў і парушыў вашы асабістыя межы, неабходна выцягнуць рукі і крыкнуць выразным камандным голасам: «Стоп! Назад! Не падыходзь!». Гэта зможа спалохаць таго, хто мае дрэнныя намеры. Праверым. Усе дзяўчаты разбіваюцца на пары і пачынаюць рэпецiраваць. Шуму шмат! Я тэст на крык не адразу прайшла. Адзін з памочнікаў трэнера быў настолькі пераканаўчы ў ролі маньяка, які ідзе на мяне, што я толькі ўціснулася ў сцяну. Пару раз парэпеціравалі, і атрымалася!

Трэнер Ілья МУРАШКАнагадаў: «Ваша бяспека ў вашых руках. Ахвяра ніколі не вінаватая ў тым, што на яе здзейснены напад. Вінаваты той, хто нападаў»

Калі гэта не дапаможа, ёсць і фізічныя прыёмы. Балючыя месцы ў мужчыны — пахвiна, а яшчэ вочы, вушы, шыя, сківіца. Нам паказваюць, як менавіта далонню біць у твар — пальцы сагнутыя, біць трэба збоку. Вядома, білі мы не адзін аднаго, а ў спецыяльную баксёрскую лапу. Пакуль дамы пыхкаюць, заўважаю тую, якая лупіць са страшнай сілай у баксёрскую лапу. Адкуль столькі лютасці? Кацярына дзеліцца:

— Я сутыкалася з прыставаннямi і нападамі нават сярод белага дня. Раней крычала, спрабавала біць. Але вырашыла даведацца, як сябе абараніць, таму і прыйшла сюды.

Далей нам паказваюць, што рабіць, калі здарылася так, што мы апынуліся спінай да нападаючага. Калі трэнер узяў мяне з усёй сілай за валасы са спіны, здалося, што не магу нічога. Але навучаная да гэтага косым ударам локцем, валоданню нагамі, дала адпор. Затым паказалі, як вызваліць руку, калі яе схапілі: неабходна цягнуць сваю ў той бок, дзе сцiскаюцца пальцы крыўдзіцеля… Апісаць усё немагчыма. Ілья Мурашка пацвердзіў: «Так, гэты занятак пойдзе вам на карысць, але, на жаль, аднаго мала. Галоўнае, памятайце: не здавайцеся, не паварочвайцеся да гвалтаўніка спінай, спрабуйце ўцячы».

Настаў час стрэс-трэнінгу. На велізарную мату выходзяць нашы трэнеры ў такой экіпіроўцы, што ўжо дакладна нічога кепскага ім сваімі дзеяннямі не зробіш. Да іх накіроўваюцца дзяўчаты, гатовыя зазнаць амаль рэальныя адчуванні. Якi вынiк? У кагосьці атрымлівалася ўцячы, у кагосьцi не... Але ўсе вучаніцы падтрымлівалі: «Давай! Уставай! Разумніца!» Ад стрэсу і эмоцый хтосьці нават плакаў.

Аліна, кліентка ГА «Радзіслава», якая раней сутыкалася з фізічным гвалтам, падзялілася, калі прайшла тэст:

— Жахліва, нiбыта адбываецца натуральны гвалт. Дыхаць немагчыма. На секунду атрымліваецца нападаючага скінуць з сябе, але не паспяваеш устаць, як ён завальвае, і адчуваеш, быццам памі-раеш — сілы пакідаюць. Але я дакладна многаму навучылася, цяпер магу даць адпор.

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter