Партизанский остров Зыслав: воспоминания очевидцев

Зыслаў. Востраў з партызанскай легенды

Праз сем дзесяцігоддзяў на яго зноў ступіць партызанка Ніна Рыгораўна Барысевіч

Праз сем дзесяцігоддзяў на яго зноў ступіць партызанка Ніна Рыгораўна Барысевіч


ШТОГОД у Дзень Перамогі на легендарным востраве Зыслаў ладзіцца ўшанаванне ветэранаў партызанскага руху Любаншчыны. Запрашэнне на сёлетнюю ўрачыстасць атрымала і Ніна Рыгораўна БАРЫСЕВІЧ з вёскі Рэдкавічы, маладосць якой выпала на цяжкія гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Разам з вясковымі сяброўкамі даіла партызанскіх кароў, удзельнічала ў “рэйкавай вайне”, перавязвала параненых мсціўцаў, працавала на падрыхтоўцы ўзлётнай пляцоўкі Зыслаўскага аэрадрома. У атрадзе стала жонкай байца Адама Барысевіча.

Дзевяноста трэцюю вясну сустрэла Ніна Рыгораўна, баявы шлях якой адзначаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені, медалямі “За баявыя заслугі” і “За адвагу”, шматлікімі юбілейнымі ўзнагародамі.

З першых пасляваенных гадоў і да выхаду на пенсію вырошчвала хлеб, даглядала жывёлу ў вядомым любанскім калгасе “Чырвоная змена”, якім паўвека кіраваў зыслаўскі партызан Герой Сацыялістычнай Працы Кузьма Іванавіч Шаплыка.

Чырвоная зорачка і таблічка з надпісам, што тут жыве ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны, упрыгожваюць  дыхтоўны сялянскі дом у Рэдкавічах.



ПАСЛЯ Грамадзянскай вайны паўсюдна ўсталёўвалася мірнае жыццё. Гаспадарлівы Максім Лялькін з палескай вёскі Жывунь імкнуўся павялічыць зямельны надзел, каб дачкам Агрыпіне і Зосі было што ў пасаг падарыць. Вузкія сялянскія палоскі акружалі густыя бары. А непадалёк, каля ракі Арэсы, пачалося масавае наступленне на векавыя балоты. Пракладваліся меліярацыйныя каналы, асушалася дрыгва, ствараліся першыя камуны. 

У такі час пасватаўся да Максімавай дачкі Зосі ўдавец Рыгор Падбярозны. У навакольных вёсках ведалі яго як выдатнага шаўца. Прымаком прыйшоў ён з асірацелым сынам Колькам у сям’ю Лялькіных. З руплівым цесцем шчыравалі разам на полі. Стараннага зяця аднавяскоўцы ласкава Грышком звалі. Маладыя пабудавалі  сваю хату ў суседняй вёсцы Загалле. Тры дачушкі і хлопчык нарадзіліся ў іх. Здавалася, шчасця было не займаць. Але нечакана  Грышко памёр. Неўзабаве згарэла хата. Пагарэльцаў прынялі суседзі. 

Бацькі аўдавелай Зосі Падбярознай дапамагалі гадаваць дзяцей. Дзяўчаты разам з бабуляй і дзедам палолі кок-сагыз на калгасным полі, нарыхтоўвалі сена, агарод даглядалі. Старэйшая дачка Люба паступіла ў Бабруйскае медыцынскае вучылішча, атрымала дыплом фармацэўта і выйшла замуж. Збіралася далей працягваць вучобу і Ніна, якая паспяхова здала экзамены за сямігодку. 

Чэрвеньскім выхадным днём да позняй ночы ў Загаллі гулялі вяселле, а раніцай вяскоўцы пачулі па радыё, што Германія пачала вайну. Многія падворкі апусцелі, гаспадары пайшлі на фронт. Неўзабаве ў суседніх з Загаллем вёсках з’явіліся акупанты. Ніна Падбярозная разам з сяброўкамі стала сачыць за імі, увайшла  ў падпольную групу, якая пакрысе арганізоўвалася ў вёсцы. Употайкі збіралі інфармацыю пра варожыя фарміраванні, занатоўвалі пачутыя па радыё  звесткі Савінфармбюро і распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі. У густых любанскіх барах мацаваўся партызанскі рух. 

На кастрычніцкае свята народныя мсціўцы разграмілі ў Любані нямецкі гарнізон. Вораг панёс значныя страты. Партызаны    захапілі     зброю,   боепрыпасы,  прадукты  харчавання, адзенне. Паспяховая аперацыя паскорыла ўтварэнне Любанскай партызанскай зоны. Цэнтр яе размяшчаўся каля Загалля, і гэтая тэрыторыя  знаходзілася пад кантролем народных мсціўцаў. 

Фашысты лютавалі, бы тыя дзікія звяры. Моладзь забіралі і адпраўлялі ў Нямеччыну. Зведала нямецкае рабства і малодшая дачка Падбярозных Маня. 

За сувязь жыхароў Загалля з партызанамі аднойчы каты сагналі вяскоўцаў у хлеў. Трапіла туды і камсамолка Ніна Падбярозная. Страшэнны людскі крык вырываўся з ахопленага полымем будынка. Людзі задыхаліся ад дыму. Пякучы агонь ахапіў адзенне Ніны, і ў гэты момант дзверы хлява расчыніліся. Перапужаныя сяляне сталі выскокваць з полымя. Перад хлявом стаяў гітлеравец і камандаваў раздзяліць натоўп на жанчын і мужчын. Кожнага дзясятага селяніна ставілі тварам да сцяны. Два родныя браты апынуліся ў шэрагу выстаўленых, і старэйшы з іх стаў тлумачыць катам, што меншы брат непаўналетні, аб чым сведчаць метрыкі, што засталіся ў хаце. Яму дазволілі іх прынесці. Падлетка адпусцілі,  а старэйшага брата разам з іншымі вяскоўцамі карнікі расстралялі. Многія хаты ў Загаллі спалілі. 

Сяляне яшчэ больш актывізаваліся супраць ворага. Маладыя падпольшчыкі ўзмацнілі сувязь з партызанамі. Дзяўчаты раненька ўставалі і хадзілі даіць калгасных кароў, якіх з першых дзён вайны перагналі ў лес. Малаком харчаваліся ў атрадзе. Пасля дойкі байцы праводзілі дзяўчат да вёскі. Прыглянулася статнаму партызану Адаму Барысевічу стромкая Ніна Падбярозная. І ёй жвавы баец запаў у душу. Пасябравалі, а потым у атрадзе сталі мужам і жонкаю.

— Пад грукат гармат і завыванне ваўкоў гулялі  мы вяселле, — жартуе Ніна Рыгораўна. — З вёскі  перабралася   ў   атрад   і пачала   разам   з   групай   байцоў,  у   якой   змагаўся і Адам, удзельнічаць у баявых заданнях. У той час актыўна ішла “рэйкавая вайна”. Паміж Асіповічамі і Слуцкам, Жыткавічамі і Мікашэвічамі часта пад адхон ляцелі варожыя эшалоны. 

Кіраўніцтва атрада адправіла нашу групу ва Урэчча падарваць чыгуначнае палатно. Ноччу натрапілі на варожую засаду. Завязаўся цяжкі бой, у якім нам з Адамам пашчасціла выжыць. Праз балоты прабіраліся назад у атрад, і Адам мне заявіў, што не жаночая справа скакаць па купінах з вінтоўкаю на плячах у мужчынскіх ботах. Ледзьве выжыла пасля таго няўдалага паходу. Доўга хварэла на тыф, і Адам не адыходзіў ад мяне. Вылечыў партызанскі доктар.  Пасля выздараўлення ізноў падалася ў лес. Новыя баявыя заданні, рызыкоўныя паходы праз пушчы і балоты.


Сям’я любанскіх партызанаў Ніны Рыгораўны і Адама Іванавіча БАРЫСЕВІЧАЎ, 1965 г.

ПАСЯБРАВАЛА з Марыяй, жонкаю камандзіра атрада Васіля Статкевіча. Выходжвалі параненых байцоў, гатавалі ім ежу. Цяжка хворы на тыф баец Міхась вельмі прасіў журавін. Пра яго просьбу расказала Адаму і выказала намер адправіцца ў балота па ягады. Ён запярэчыў, баяўся адпускаць мяне, вакол шныралі фашысты і паліцаі. Але ад сваёй думкі не адступіла і раніцай употайкі дабралася да балота. Назбірала журавін і прынесла хвораму. Яму стала лягчэй, і ён хутка адужаў. 

Ніколі не забыць пра выпадак, калі выходжвала цяжка параненага партызанскага разведчыка Івана, які згараў ад высокай тэмпературы. На распухлай чорнай назе пачыналася гангрэна. Партызанскі ўрач загадаў прынесці звычайную двухручную пілу. Змазаў яе самагонам, які здабылі ў суседняй вёсцы, даў выпіць шклянку параненаму. Немагчыма было глядзець, як па-жывому пілавалі нагу. Хлапец ад болю зубы сціскаў, але вытрымаў. І як толькі аперацыя скончылася, пачуўся брэх аўчарак, пачалася страляніна. Байцы ўступілі з гітлераўцамі ў няроўны бой і страцілі некалькі сваіх. Двое атрымалі цяжкія раненні. Мы іх лячылі. Не пакідала я палявы шпіталь і на апошніх тыднях цяжарнасці. Перавязвала параненых, даглядала іх. У атрадзе нарадзілася дачушка. Тамарай назвалі. Пажыла нядоўга, памерла ад прастуды.

— Ніна Рыгораўна, ваш атрад базіраваўся на адным месцы?

— Вандравалі па лясных масівах, хаваліся ад гітлераўцаў. Аднойчы ў лесе сустрэла жанчыну, якая выклікала падазрэнне, і хуценька вярнулася ў Загалле. Старшыню Загальскага сельсавета Сцяпану Карнееву паведаміла пра незнаёмку. Яе вылавілі, і гэта аказаўся пераапрануты нямецкі шпіён. 

Кіраўніцтва нашага атрада імя Труцікава падтрымлівала сувязь з іншымі партызанамі. Усе мы падпарадкоўваліся падпольнаму Мінскаму абкаму партыі, які знаходзіўся на тэрыторыі Любанскага раёна, і кіраваў ім Васіль Казлоў. 

З ВОСЕНІ 1941 года сталі рыхтавацца да агульнага партызанскага рэйду па разгроме нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў. Збіралі сані, коней. За нашай вёскай Загалле фарміраваўся атрад. Рэйдам кіраваў вядомы Васіль Корж. Пасля калядных святаў абоз рушыў праз балоты на поўдзень. З нецярпеннем чакалі звестак пра задуманую аперацыю. Байцам удалося разграміць нямецка-паліцэйскі гарнізон на станцыі Пасталы, што непадалёк ад Жыткавічаў. Там выраблялі шпалы і брусы для дзотаў. Вораг не чакаў рашучага нападу народных мсціўцаў. Аперацыя ўдалася. Папоўніліся нашы харчовыя запасы і баявы арсенал.

Партызанскі рэйд, што пачаўся першай ваеннай зімою, меў паспяховы працяг. Былі разгромлены варожыя гарнізоны ў Парычах, Шацілках, Азарычах, Капаткевічах. Гэта мела вялікае значэнне для далейшага разгортвання партызанскага руху. 

— А ці даводзілася сустракаць самалёты на Зыслаўскім аэрадроме?

— Нам, камсамольцам, даручылі рыхтаваць узлётную паласу. Пляцоўка на востраве была недастатковай даўжыні. Каб павялічыць яе, раўнялі паверхню. Карчавалі лес, засыпалі ямы. У верасні 1942 года першы самалёт з Вялікай зямлі сеў на лясным аэрадроме. Колькі радасці выклікала гэтая падзея! З усіх бакоў вострава збегся народ. За лінію фронту адпраўлялі цяжка параненых і дзяцей. 

Адным з рэйсаў у Маскву паляцеў і вядомы дзед Талаш, які ў свае амаль сто гадоў праз балоты і лясныя гушчары дабраўся на востраў са сваёй вёсачкі, што каля Прыпяці. Па рашэнні камандзіра партызанскага злучэння Васіля Казлова дзеда Талаша адпраўлялі адным рэйсам з васьмідзесяцігадовым любанскім лесніком Мікітам Шэшком, які ў глухім гушчары зладзіў тайнік, дзе хаваў знойдзеныя на месцах баёў з фашыстамі зброю і боепрыпасы. Усё гэта перадаў партызанам. Аэрадром на Зыславе дзейнічаў да вызвалення Любаншчыны летам 1944 года.

— 3 ліпеня 1944 года ў Мінску адбыўся партызанскі парад. Ці былі на ім пасланцы з легендарнага вострава?

— Многія нашы байцы адправіліся ў сталіцу, каб прыняць удзел ва ўрачыстасцях. І мой Адам таксама быў у той святочнай калоне. Яго прозвішча Барысевіч я атрымала толькі пасля вайны, як зарэгістравалі шлюб. Пражылі разам 58 гадоў. Муж працаваў трактарыстам, а я свінаркай у калгасе “Чырвоная змена”, якім кіраваў любанскі партызан Кузьма Шаплыка. За працоўныя поспехі Кузьма Іванавіч удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы. А мой муж Адам Іванавіч атрымаў ордэн Леніна. 

Звычайна на свята Перамогі разам з Кузьмой Іванавічам адпраўляліся на Зыслаў, дзе збіраліся нашы баявыя сябры. Прыязджаў на сустрэчы і Васіль Іванавіч Казлоў. 

І сёлета атрымала запрашэнне на ўрачыстасць, што адбудзецца 9 мая на востраве. Разам з дачкою Ірынай, якая ўжо на пенсіі, збіраемся на свята. Прыедуць да мяне сыны Аляксандр, Мікалай і Валянцін з сем’ямі. Маю восем унукаў, трынаццаць праўнукаў, і ўсе заўжды віншуюць з гэтым вялікім святам — Днём Перамогі.

Уладзiмiр СУБАТ

Любанскі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Ніны Рыгораўны БАРЫСЕВІЧ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter