Зямля — жаночага роду

Амаль што дванаццаць гадоў таму Марыя Шалупанава ўзваліла на сябе, здавалася б, мужчынскую задачу — стала кіраўніком цяперашняга СВК “Казакоўшчына”. Гаспадарка для Воранаўскага раёна адносна невялікая. Але моладзь застаецца, прыязджаюць і новыя людзі. А гэта значыць, што гэтаму куточку Гродзеншчыны забяспечана будучыня.

Ад ураджаю да ўраджаю
“Канешне, працаваць няпроста, трэба клапаціцца пра тэхніку, забеспячэнне палівам, угнаеннямі. У гарачую пару і паспаць як след не ўдаецца”, — зусім не скардзіцца, а проста канстатуе факты Марыя Пятроўна.
“Гэта маладыя выпускнікі ВНУ, напэўна, могуць на ўсе складанасці махнуць рукой ды заняцца іншай справай ці з’ехаць, — гаворыць яна. — А наша пакаленне, якое вырасла ў вёсцы, прызвычаілася да працы, разважае па-іншаму: калі пасадзіў, дык трэба і ўраджай сабраць”.
Асноўны напрамак вытворчасці СВК — раслінаводства. Займаюцца найперш цукровымі буракамі ды рапсам. Ёсць і іншыя пасевы, якія забяспечваюць работу трох малочнатаварных ферм, дзе ўтрымліваецца звыш 1,8 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы.
Было б добра, разважае старшыня, каб дзяржаўная падтрымка накіроўвалася ў Казакоўшчыну “жывымі” грашамі, а не, напрыклад, угнаеннямі. Да таго ж гаспадаркі, якія маюць свінакомплексы, напэўна, заслугоўваюць асаблівай увагі. Але наўрад ці меншага заслугоўваюць і іншыя: і там жывуць тыя ж пенсіянеры, якім трэба забяспечыць годныя ўмовы жыцця.
“Галоўнае, каб ўвесну не ўдарылі марозы, не загубілі ўраджай”, — ад абстрактнай эканомікі да рэальных клопатаў земляробаў вяртаецца Марыя Пятроўна.
“Марыянна” на мяжы
Размешчанаму паміж Лідай і Вільнюсам Воранаўскаму раёну яшчэ ў савецкую эпоху быў прызначаны сельскагаспадарчы профіль. Тым не менш, калі Саюз знік з палітычнай карты, а Літва стала, нягледзячы на сваё тэрытарыяльнае суседства, ужо далёкім замежжам, Еўрасаюзам, і на Воранаўшчыне пачалі з’яўляцца парасткі прамысловасці. І цэх па вытворчасці сыроў у “Казакоўшчыне” стаў адным з такіх аб’ектаў.
Працуюць толькі на малацэ, атрыманым у самой гаспадарцы. Бяруць толькі палову, астатняе адпраўляюць на перапрацоўку ў Ліду. Тым не менш і гэтага хапае, каб вырабіць за год да 65 тон паўцвёрдага сыру “Мары-
янна”.
Далёка прадукцыю не возяць, яе раскупляюць у Радуні, Воранаве ды Лідзе. “Абсталяванне акупілася ўжо за два гады”, — гаворыць Марыя Шалупанава. Цэх прыносіць даход, але ён усё ж не галоўны. “У гарачы сезон, калі рук не хапае, яго закрываем, бо людзі патрэбны ў полі”, — сведчыць старшыня.
Новы фундамент
“Раней у школе было 36 вучняў, а цяпер — 78”, — прыводзіць красамоўны факт старшыня СВК. Усё гэта — дзякуючы жыллёваму будаўніцтву, лічыць яна. У свой час пабудавалі дамы на 15 кватэр. Увосень плануюць заліць фундамент яшчэ пад два 4-кватэрныя дамы.
“А выйшаў з дому — і дваццаць тваіх сотак перад табою”, — распавядае Марыя Пятроўна.
Але варта клапаціцца і пра іншае. “Усе імкнуцца жыць там, дзе прыгажэй, дзе ёсць дзіцячы садок, вялікая школа”, — пераканана старшыня. Таму ўжо цяпер думае пра тое, што трэба зрабіць, каб, як плануецца, стварыць у 2010 годзе ў Казакоўшчыне аграгарадок. Падвядзём газ, абновім магазін, адкрыем у школе спартзалу, з задавальненнем дзеліцца яна часткай сваіх вялікіх планаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter