
Вёскі павінны стаць такімі, каб у іх хацелася жыць і працаваць
Прыкладам для пераймання стаў гарадскі пасёлак Копысь Віцебскай вобласці. Неўзабаве істотна палепшыцца якасць жыцця і ў жыхароў аграгарадкоў Астрамечава Брэсцкай вобласці, Замкі, што на Міншчыне, вёсак Ляскавічы Петрыкаўскага раёна і Александрыя Шклоўскага раёна, а таксама пасёлка Абухава пад Гроднам.
Выбар на гэтыя населеныя пункты паў невыпадкова. Напрыклад, у Абухава ёсць шмат-кватэрныя дамы, для жыхароў якіх прадугледжаны шматлікія сацыяльныя аб’екты: Дом культуры, лазня, амбулаторыя, спартыўная школа. Да таго ж ён вельмі ўдала размешчаны: стаіць амаль на аўтамагістралі Мінск – Гродна, побач – ГЭС і аэрапорт. Астрамечава славіцца мясной и малочнай прадукцыяй, а таксама яблыкамі і норкавымі футрамі.
Падрабязнасцямі пераўтварэння падзялілася Яўгенія Філімонава, прэс-сакратар Міністэрства архітэктуры i будаўнiцтва:
— Мяркуецца сфарміраваць у кожным з гэтых населеных пунктаў цэласны агульнапасялковы цэнтр; рэканструяваць, пераўзброіць і мадэрнізаваць вытворчыя, сельскагаспадарчыя прадпрыемсты, а таксама аб’екты культуры і камунальна-бытавога прызначэння. Плануецца правесці комплекснае добраўпарадкаванне і азеляненне, развіць інжынерна-транспартную інфраструктуру, стварыць безбар’ернае асяроддзе. Для развіцця прыватнага бізнесу і індывідуальнага прадпрымальніцтва можна будзе выкарыстоўваць пустуючы жыллёвы фонд. Самабытнасці і цікавасці вёскам павінна надаць стварэнне і развіццё аб’ектаў аграэкатурызму.
Пры мадэрнізацыі вёсак неабходна ўлічваць і значэнне ў сучасным жыцці IT-тэхналогій. З удзелам Белаграпрамбанка распрацоўваецца праграма па стварэннi цэнтраў, дзе людзі могуць навучыцца, напрыклад, аплачваць праз інтэрнэт камунальныя паслугі.
nevmer@mail.ru