Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Ваенны штурман, палкоўнік Мікалай Бурэнь перадае сваім выхаванцам з Ваеннай акадэміі не толькі спецыяльныя веды, але і багаты жыццёвы досвед

Зямля і неба ў спадчыну

З Мікалаем Віктаравічам пазнаёміліся мы яшчэ напрыканцы 1999-га ў Кобрыне: ён служыў там старэйшым штурманам верталётнай базы. І па выніках комплекснай праверкі, што праводзіла тады Мінабароны, быў адзначаны ў ліку лепшых афіцэраў. А напрыканцы 2017-га палкоўнік Мікалай Бурэнь пайшоў у запас, адзначыўшы сваё 50-годдзе, а таксама 15-годдзе службы на авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі. За плячыма ў вайскоўца — 32 каляндарныя гады службы, і ён шмат зрабіў дзеля падрыхтоўкі афіцэраў авіяпрофілю, умацавання Ваенна-паветраных сіл Беларусі. А ягонае служэнне на карысць Бацькаўшчыны і цяпер прадаўжаецца: на пасадзе намесніка начальніка авіяфакультэта.

Палкоўнік Мікалай Бурэнь з курсантам Ваеннай акадэміі

Сялянскія карані

Усе, хто ведае гэтага працавітага, бескарыслівага, высакароднага інтэлігента са святлом у вачах, не перастаюць здзіўляцца ягонай вытрымцы, упартасці ў дасягненні мэтаў. Адчуваецца ў ім, як кажуць, і парода, і сялянская цягавітасць. Неяк пацікавіўся ў Мікалая: адкуль яго родавыя карані? Ён з цеплынёй згадаў бацькоў — Віктара Фаміча ды Ганну Іванаўну, якія, дзецьмі перажыўшы вайну, выйшлі ў свет з дружных сялянскіх сем’яў. Бацька быў родам з вёскі Каралевічы Глыбоцкага раёна, маці — з Хмяльніцкага раёна Кіеўскай вобласці. Абодва закончылі сельскагаспадарчыя ВНУ, працавалі па размеркаванні на Глыбоччыне, дзе ў калгасе “Авангард” і згулялі вяселле. У іх вясковай сям’і падрасталі дзве дачкі ды ён, малодшы Мікалай, які нарадзіўся ў вёсцы Замхава. “Найлепшае выхаванне — гэта ўласны прыклад старэйшых, бацькоў, — разважае Мікалай Віктаравіч, сам ужо вопытны настаўнік. — Ад бацькоў мы вучыліся працавітасці, павазе да старэйшых, з імі спасціглі высокую каштоўнасць такіх душэўных якасцяў, як шчырасць, пачуццё справядлівасці, дружалюбнасць”. Дзеці вучыліся ўжо ў горадзе Глыбокае, куды сям’я пераехала жыць у 1970 годзе. І вучыліся — старанна.

З гадамі сёстры, Святлана і Наталля, вывучыліся ў Мінску на інжынераў, ён жа хацеў стаць вайскоўцам. Згадвае, як хвалявалі яго ў дзяцінстве аповеды пра дзядоў: адзін ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай, другі — удзельнічаў у вайне з Японіяй. Самому ж хлопчыку падабаліся ваенная форма, зброя. У 1985-м, калі заканчваў дзесяць класаў у 2-й Глыбоцкай сярэдняй школе, вырашыў падаць дакументы ў ваеннае авіявучылішча. Вучыўся ў Чэлябінскім вышэйшым ваенным авіявучылішчы штурманаў, а пачаў службу ў Каўнасе, у 367-м асобным верталётным палку. Там, дарэчы, аказалася: не на самалётах Су-24 яму прыйдзецца лятаць, а на транспартных верталётах Ми-6.

З самалёта — на верталёт

Няпроста было ў хуткім тэмпе асвойваць новую спецыяльнасць. Але  праз 20 дзён, здаўшы залікі, старшы лейтэнант Бурэнь быў дапушчаны да палётаў у якасці штурмана верталёта і здзейсніў першы вылет. У палку большасць лётчыкаў і штурманаў прайшлі горач афганскай вайны. У ходзе сумесных палётаў, заняткаў і трэніровак беларус шмат чаму навучыўся ў іх. Моцныя і стойкія духам, справядлівыя, гатовыя рызыкаваць сваім жыццём дзеля іншых, “афганцы” сталі для Мікалая эталонам ваеннага прафесіяналізму і прыкладам на ўсё жыццё.

Потым, калі ў выніку бурных палітычных падзей распаўся Савецкі Саюз, афіцэру ў 1992-м удалося вярнуцца ў Беларусь, і ён 5 гадоў адслужыў у 13-й асобнай верталётнай эскадрыллі: штурманам атрада, потым і эскадрыллі. Там жа яму была прысвоена кваліфікацыя “Ваенны штурман 1-га класа”. У 1998-м афіцэр быў прызначаны старшым штурманам ва ўжо згаданую верталётную базу ў Кобрын.

Курсанты ў час велапрабега па месцах воінскай славы

А ў верасні 2000-га падпалкоўнік Бурэнь паступіў у Ваенна-паветраную акадэмію імя Ю. А. Гагарына, якую паспяхова закончыў праз два гады: атрымаў дыплом з адзнакай і залаты медаль. У хуткім часе яго накіравалі служыць у Ваенную акадэмію Беларусі: з 2002 года ён займаў пасаду старшага інспектара-лётчыка лётна-метадычнага аддзела, потым узначаліў і сам аддзел, а з лістапада 2009-га быў прызначаны начальнікам авіяцыйнага факультэта.

Нацыянальная школа падрыхтоўкі авіякадраў

Такая пасада — гэта адказнасць за падначаленых 24 гадзіны ў суткі. За кожнае даручанае яму афіцэрскае і курсанцкае жыццё. І трэба мець вялікае сэрца, каб любіць іх такімі, якія яны ёсць — і ў той жа час быць і строгім, патрабавальным, сумяшчаючы ў сабе абавязкі адміністратара, кіраўніка, навукоўца, педагога, выхавацеля. Мікалай Віктаравіч, ведаю, паважае і любіць сваіх навучэнцаў. І яшчэ мае цярпенне, аптымізм, умее кіраваць іншымі: без гэтага немагчыма дасягнуць добрага выніку. А ён у лётнай справе заўсёды патрэбен. Далёка не кожная дзяржава мае сваю нацыянальная школу па падрыхтоўцы авіякадраў — а ў Беларусі яна была створана. У жніўні 1992-га ў складзе факультэта №1 Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага вучылішча з’явілася кафедра авіятэхнікі ды ўзбраення: з 1 верасня пачаліся заняткі ў курсантаў першага набору авіяінжынераў. А ў 1995-м на базе кафедры ўжо ў складзе Ваеннай акадэміі Беларусі быў створаны авіяфакультэт.

Яшчэ колькі знакавых датаў, лічбаў. Першы выпуск авіяінжынераў у Беларусі — 1997 год, лётчыкаў — у 1999-м. За 22 гады на факультэце падрыхтавана 1116 афіцэраў для дзяржаўнай авіяцыі сілавых ведамстваў краіны. Сярод выпускнікоў і 6 дзяўчат, у іх ліку 2 лётчыцы. З 1999 года факультэт удзельнічае ў падрыхтоўцы ваеннаслужачых замежных дзяржаў: навучанне прайшлі 430 вайскоўцаў з 11 краін. Прафесарска-выкладчыцкі склад салідны: 3 дактары навук, 25 кандыдатаў навук, 3 прафесары, 22 дацэнты.

З дапамогай вопытных інструктараў маладыя лётчыкі асвойваюць тэхніку пілатавання, паветраную навігацыю і баявое прымяненне. За час навучання курсант паэтапна выконвае палёты на 3-х тыпах лятальных апаратаў з агульным налётам каля 200 гадзін.

Коні, равары, лыжы, байдаркі...

Курсанты факультэта заўсёды — актыўныя ўдзельнікі культурна-масавых мерапрыемстваў Акадэміі. Аднак з часам палкоўнік Бурэнь зразумеў: патрэбны для маладых людзей і яшчэ нейкія агульныя карысныя справы, што дапамагаюць умацоўваць іх дух, пачуццё каманды, іншыя высокія душэўныя якасці. Калі Мікалай Віктаравіч узначаліў факультэт, то больш увагі там сталі надаваць навуковай працы, творчай дзейнасці, спорту, актывізавалася каманда КВЗ… У курсантаў з’явілася больш магчымасцяў праявіць сябе, паказаць здольнасці. А што, калі ў будзённы казарменны побыт прыўнесці выезды ў горад, за яго межы ў выхадныя ці святочныя дні? Пра тое думаў, раіўся з афіцэрамі, курсантамі. Шмат чаго з задуманага ўдалося здзейсніць.

Помняцца такія велапаходы курсантам-авіятарам 

Па гэты час курсантам і афіцэрам помніцца, як па ініцыятыве палкоўніка Бурэня (а сам ён, дарэчы, кандыдат гістарычных навук, дацэнт) праходзіў у 2014 годзе ў Вілейскім раёне конна-спартыўны паход па месцах баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны. Спачатку ў цэнтры верхавой язды “Двор Старынкі” курсанты асвойвалі азы выездкі. Потым наведвалі аграсядзібу мастака і краязнаўцы Барыса Цітовіча: у вёсцы Заброддзе, на беразе рэчкі Нарачанкі. Непадалёк ад вёскі ў 1915-17 гадах размяшчаўся адзін з прыфрантавых шпіталяў, а памерлых ад ран воінаў хавалі побач з намётамі. Стараннямі Барыса Цітовіча і яго аднадумцаў магілы воінаў часткова адноўлены, мемарыяльныя мясціны добраўпарадкаваны. Цяпер пад высокімі соснамі на вайсковых могілках, нібы салдаты, застылыя ў вечным страі, узвышаюцца невялікія ўзгорачкі. А ў храме-музеі, што на ўскраіне вёскі, для курсантаў і сем’яў афіцэраў факультэта экскурсію правёў сам Барыс Цітовіч, апрануты ў форму штабс-капітана расійскай арміі. Дапамагала яму і жонка, Валянціна Пятроўна, апранутая ў сукенку сястры міласэрнасці.

Шмат цікавага даведаліся госці з Мінска ў Заброддзі, прычым не толькі пра бітвы 100-гадовай даўніны і Вялікай Айчыннай вайны, але і пра ваенную тэхніку, амуніцыю, побыт салдат. Лекцыі найлепшых выкладчыкаў у цёплых аўдыторыях не заменяць такога судакранання з гісторыяй Бацькаўшчыны, лічыць Мікалай Віктаравіч. Пасля падобных паездак, як правіла, у маладых людзей — і ваенных, і цывільных — з’яўляецца шмат уражанняў. Нехта хоча яшчэ больш даведацца пра мінулае Айчыны. Так, некалькі курсантаў вырашылі пад час свайго адпачынку пабыць валанцёрамі, дапамагчы ў аднаўленні помнікаў і пахаванняў удзельнікаў баёў, прычым — без падзелу іх на “сваіх” і “чужых”. “Не трэба баяцца гістарычнай праўды, — упэўнены палкоўнік Бурэнь. — Чым больш пра мінулыя войны даведаюцца будучыя абаронцы Бацькаўшчыны — тым лепш. Таму трэба нам часцей звяртацца да архіўных матэрыялаў, ладзіць паходы, паездкі па месцах баёў. Чым больш аб’ектыўнай інфармацыі — тым лягчэй рабіць правільныя высновы, падрыхтаваць сябе ў прафесійным плане, стаць патрыётам Айчыны. Пошукі таго, што нашы продкі, дзяды страцілі на шляхах гісторыі, абавязкова вернуцца каштоўнымі набыткамі ў будучыні”.

Размаўляючы з курсантамі авіяфакультэта, я даведаўся: палкоўнік Бурэнь арганізаваў, правёў і шэраг іншых цікавых мерапрыемстваў. Згадвалі першынство факультэта па рыбнай лоўлі, сплаў па рэчцы на байдарках, велапрабег па месцах баявой славы. Цікавы, дарэчы, алгарытм іх падрыхтоўкі. Як правіла, ідэю падаюць самі курсанты ці афіцэры. Пытанне вывучаецца, прымаецца рашэнне: быць ці не быць? Кожная паездка старанна плануецца. Прадуманае дакументальнае абгрунтаванне ўсёй задумы дакладваецца камандаванню акадэміі. А кожная такая паездка мае спартыўны, прыкладны, выхаваўчы, прафарыентацыйны складнікі, спрыяе згуртаванню калектыва. Таму, як правіла, заўсёды прымаецца станоўчае рашэнне. І далей усё распрацавана да дробязяў. Карацей, такой арганізацыі вандровак — толькі павучыцца! Дарэчы, пры жаданні, магчымасці можна браць у іх жонак і дзяцей.

Моладзь не лянуецца, калі ўладкоўваецца месца начлега ці гатуецца ежа, ладзяццца канцэрты ля вогнішча. Шмат станоўчых эмоцый даюць спаборніцтвы на лепшае прыгатаванне розных страў, конкурсы на самае ўтульнае размяшчэнне лагера, выкананне патрыятычных песень. Двойчы, дарэчы, паездкі ладзіліся сумесна з факультэтам ваеннай разведкі, што спрыяла дружбе, паразуменню паміж будучымі афіцэрамі.

Шмат цікавага на авіяфакультэце ў снежны сезон. Традыцыйным стаў удзел курсантаў, афіцэраў у ваенна-спартыўным біятлонным свяце на спартбазе “Зайчая паляна”, што пад Лагойскам. І хоць такія спаборніцтвы — аматарскія, ды іх “алімпійская атмасфера” выхоўвае сілу духа, вучыць пераадольваць цяжкасці, сябраваць, дабівацца пастаўленых мэтаў. І з кожным сезонам — усё больш ахвочых паўдзельнічаць у лыжных гонках. І прыклад начальніка факультэта, безумоўна, вельмі важны.

Старэйшы сябар, добры дарадца

Мерапрыемствы па-за сценамі акадэміі даўно апраўдалі сябе, яны станоўча ўплываюць на адукацыйны працэс. Адметна і тое, што курсанты могуць запрашаць на выезды сваіх дзяўчат, якія зносяцца з жонкамі камандзіраў, трапляюць у непаўторную атмасферу афіцэрскага асяроддзя. Увогуле, сумесныя выезды афіцэраў і курсантаў — адзін з найлепшых спосабаў згуртаваць воінскі калектыў, падняць яго маральны дух. “Навучаць будучых афіцэраў маральнасці ў наш час — вельмі няпростая справа, гэтым трэба займацца пастаянна, — лічыць Мікалай Віктаравіч. — На мой погляд, у любой сітуацыі, у любы час чалавек павінен імкнуцца захоўваць годнасць, гонар і заставацца чалавекам. Асабліва афіцэр, незалежна ад яго пасады і звання, бо ён — заўсёды на віду”.

Да палкоўніка Мікалая Бурэня, як да старэйшага сябра, звяртаюцца яго былыя курсанты, якія сталі лётчыкамі, штурманамі, іншымі спецыялістамі. Прычым з пытаннямі рознымі: як прафесійнымі, так і жыццёвымі. “Бо ўсё ж бывае ў іх афіцэрскім жыцці, — удакладняе Мікалай Віктаравіч. — І той, каго мы навучылі правяраць справу думкай, а думку справай, — той рэдка памыляецца. Калі ж і спатыкаецца, то хутка знаходзіць правільны шлях”. Асабісты прыклад бацькі ў службе і ў сям’і стаў вызначальным пры выбары прафесіі яго сынам: Максім Бурэнь вучыцца на 2 курсе ваеннага факультэта Беларускага дзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі . Прычым нядаўна і ён, курсант Бурэнь, разам са сваімі таварышамі, рыхтуючыся да алімпіяды па гісторыі, быў у гасцях у Барыса Цітовіча ў вёсцы Заброддзе. А ўпершыню ён пабываў там з бацькам яшчэ школьнікам.

Леанід Прышчэпа, палкоўнік у адстаўцы, член Саюза журналістаў Беларусі



Ад рэдакцыі

23 лютага адзначаецца 100-годдзе Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Віншуем са святам усіх суайчыннікаў, якія самі ці праз сваякоў, бацькоў, родзічаў далучаны да высакароднай справы абароны Айчыны. Мы ведаем, што многія афіцэры, якія маюць каштоўны досвед працы з людзьмі, а таксама іх жонкі, дзеці, унукі актыўна ўдзельнічаюць у працы беларускіх суполак замежжа. Здароўя вам усім, поспехаў на карысць нашай любімай Беларусі! А яшчэ памятайце, дзе б ні жылі: галоўны рубеж абароны Бацькаўшчыны заўсёды праходзіць у нашых сэрцах.

Голас Радзімы № 8 (3560), чацвер, 22 лютага, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter