Звязаныя адным лёсам

Кіраўнікі культурных аб’яднанняў Беларусі наведалі Львоўшчыну

Нас аб’ядноўвае i мова, i гiсторыя,i культура

Iснаванне розных культур узбагачае народы. Гэтая думка стала лейтматывам нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі з калегамі са Львоўшчыны. Паездка ва Украіну, арганізаваная апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, стала працягам новага пастаянна дзеючага праекта ведамства па абмене вопытам статутнай дзейнасці нацыянальна-культурных суполак краіны і нашых суайчыннікаў за мяжой. Нагадаем, што адпаведныя сустрэчы па сувязях з беларускімі дыяспарамі адбыліся раней у Вільнюсе і Беластоку, выклікаўшы вялікі грамадскі рэзананс.

Львоў і Заходняя Украіна былі выбраны невыпадкова для чарговага візіту беларускай дэлегацыі. Па-першае, у Беларусі зараз жыве даволі вялікая ўкраінская дыяспара, а ва Львове дзейнічае моцная беларуская абшчына. Менавіта ў мультыкультурным Галіцкім краі, што мяжуе з пяццю еўрапейскімі дзяржавамі, нягледзячы на вірлівыя і часам супрацьлеглыя гістарычныя падзеі, на працягу стагоддзяў разам дружна жывуць прадстаўнікі шматлікіх нацыянальнасцей і веравызнанняў. Калі трапляеш ў гістарычны цэнтр гэтага адмысловага сучаснага Вавілона, акрамя ўкраінскай, тут можна пачуць многія мовы свету, адчуць подых гісторыі, убачыць сапраўднае хараство архітэктурных шэдэўраў розных эпох і стыляў, прайшоўшы па вузенькіх старадаўніх львоўскіх вуліцах — Рускай, Сербскай, Армянскай, Кракаўскай і Яўрэйскай…

З першых крокаў на львоўскай зямлі госці з Беларусі — кіраўнікі шэрага нацыянальна-культурных аб’яднанняў, артысты і творчыя калектывы армянскай, украінскай, татара-башкірскай, польскай і грэчаскай дыяспар адчулі сапраўдную духоўную сувязь са сваімі львоўскімі сябрамі — ура¬джэнцамі нашай рэспублікі. Шчырыя нацыянальныя песні ў выкананні хору беларускай абшчыны Львоўшчыны «Белая Русь» стварылі землякам сапраўды душэўны настрой.

У пяцёрцы лепшых — Львоўшчына

Адным з галоўных мерапрыемстваў візіту стала сустрэча прадстаўнікоў Беларусі з кіраўніком Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алегам Сала. На думку губернатара заходнеўкраінскага рэгіёна, нашы народы на працягу стагоддзяў звязвае агульная гісторыя, блізкасць моў і культурных традыцый.

…Хлеб-соль, падарункі, прывітальныя словы і добры сяброўскі прыём. Паводле слоў Алега Сала, Львоўшчына з’яўляецца традыцыйным эканамічным партнёрам Беларусі. Па выніках мінулага года рэгіён па аб’ёмах тавараабароту ўвайшоў у пяцёрку лепшых (другое месца пасля горада Кіева, 7,7 %. — Заўвага «Р»). Сярод лідараў рэгіянальнага супрацоўніцтва з Беларуссю таксама Кіеўская, Данецкая і Днепрапятроўская вобласці. На гэтыя пяць буйных рэгіёнаў прыпадае 61,2 % тавара¬абароту з Украінай, ці амаль $ 4,8 млрд. Трэба зазначыць, што паміж Беларуссю і Украінай падпісана Дарожная карта развіцця прамысловай кааперацыі на 2014—2015 гады.

Па інфармацыі ганаровага консула Беларусі ва Львове Ігара Драцяка, сёння двухбаковыя адносіны развіваюцца дынамічна: толькі ў 2012 го¬дзе агульны тавараабарот Беларусі і Украіны склаў $ 7,9 млрд., аб’ём айчыннага экспарту — $ 5,6 млрд., а станоўчае сальда — на ўзроўні $ 3,2 млрд. Думаецца, нягледзячы на складанасці, 2013 год не будзе выключэннем.

У час зацікаўленага дыялога адбыўся абмен думкамі аб развіцці супрацоўніцтва ў гуманітарнай і культурнай галінах Беларусі і Львоўскай вобласці. Старшыня Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, кіраўнік Мінскага гарадскога армянскага культурна-асвет¬ніцкага таварыства «Айастан» Георгій Егіазаран, прадставіўшы беларускую дэлегацыю, расказаў аб дзейнасці гэтага грамадскага фарміравання, міжэтнічнай і канфесійнай сітуацыі ў Беларусі.

— У савет уваходзяць кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў 25 нацыянальнасцей, якія жывуць у Беларусі. Кожная дыяспара можа дэлегі¬раваць у яго склад толькі аднаго прадстаўніка, — удакладніў Георгій Анушаванавіч. — Асноўная мэта гэтага грамадскага органа — абмен вопытам працы нацыянальна-культурных арганізацый рэспублікі, сумеснае рашэнне пытанняў іх развіцця і ўзаемадзеяння з органамі дзяржкіравання. На пасяджэннях Кансультатыўнага міжэтнічнага савета пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей абмяркоўваюцца найбольш актуальныя пытанні міжнацыянальных адносін. За кошт фінансавых рэсурсаў, што выдаткоўваюцца апаратам Упаўнаважанага, аб’яднанні розных дыяспар з Беларусі і за мяжой маюць магчымасць набываць як нацыянальныя касцюмы, канцэртны абутак, музычныя інструменты, так і неабходную літаратуру, нацыянальную сувенірную сімволіку, прымаць удзел у агульнабеларускіх і міжнародных выставах, Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, фінал якога традыцыйна праводзіцца ў Гродне (раз у два гады).

На арбіце «Спадарожніка»

Сярод цікавых і найбольш значных мерапрыемстваў праекта па ўзаема¬дзеянні нацыянальна-культурных суполак Беларусі і Львоўшчыны можна выдзе¬ліць круглы стол і прэс-канферэнцыю, якія адбыліся ў гасцініцы «Спадарожнік». У сустрэчы апроч гасцей з Беларусі прынялі ўдзел большасць з кіраўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў Львоўскай вобласці. Фармат адкрытай дыскусіі дазволіў кожнаму жадаючаму з беларускага і ўкраінскага бакоў прадставіць сваю дыяспару, расказаць аб яе жыцці, поспехах і дасягненнях, а таксама вызначыць найбольш актуальныя пытанні ўзаема¬дзеяння з органамі ўлады.

Паводле слоў кіраўніка беларускай абшчыны Львоўшчыны Сяргея Кулікова, пры Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі створаны грамадскі савет, які займаецца пытаннямі статутнай дзейнасці нацыянальна-культурных суполак рэгіёна.

Актыўны ўдзел у міжкультурным і міжэтнічным дыялогу калег прынялі Алег Люцікаў, старшыня Львоўскага абласнога расійскага таварыства імя А.С. Пушкіна, Вітаўтас Нарушэвічус, кіраўнік Львоўскага філіяла Таварыства літоўцаў Украіны, Людміла Кулікоўская, старшыня Заходне-Украінскага Балгарскага нацыянальна-культурнага аб’яднання імя Савы Шарэтава, Адэль Дыянава, кіраўнік Львоўскага абласнога дабрачыннага фонду «Хесэд-Ар’е», Эльвіра Ляўшэвіч, старшыня Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Татара-башкірская культурная спадчына «Чышма», Кімі Ры, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Асацыяцыя беларускіх карэйцаў», Іван Корда, лідар Беларускага грамадскага аб’яднання «Русь», Віктар Гутоўскі, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў «Ватра», Рафаэль Дэльянаў, кіраўнік Беларускага грамадскага аб’яднання грэкаў «Пелапанэс» і многія іншыя прадстаўнікі дыяспар з Беларусі і Украіны.

Ад імя Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі ганаровымі граматамі і падарункамі адзначана грамадская праца шэрага нашых суайчыннікаў. Сярод іх — стараста беларускай абшчыны Львоўшчыны Сяргей Кулікоў, галоўны рэдактар газеты «Весткі з Беларусі» Вячаслаў Баровіч і кіраўнік хору «Белая Русь» Марына Міроненка. Узнагароды лепшым уручыў Аляксандр Сасновіч, прадстаўнік апарата Упаўнаважанага, каардынатар праекта па ўзаемадзеянні нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі з суайчыннікамі за мяжой.

Не менш разнастайнай была і культурная праграма: канцэрты, арганізаваныя сіламі творчых калектываў і выканаўцаў нацыянальна-культурных аб’яднанняў нашай краіны і беларускай дыяспары Львоўскай вобласці, выклікалі вялікую цікавасць гледачоў. Публі¬ка цёпла вітала артыстаў-вакалістаў Лілію Грышчанка, Марка Войтка, Ваграма Карапецяна, Рынада Хакiмава, танцавальныя ансамблi «Эрэбунi» i «Арыранг», хор «Белая Русь».

----------------------------------

Каментарый у тэму

Кіраўнік беларускай абшчыны Львоўскай вобласці Украіны Сяргей КУЛІКОЎ:

— Сустрэча ўдалася, гэта канкрэтны практычны вопыт для кіраўнікоў дыяспар. Мы многае ўзялі ад вас і вельмі задаволены тым, як у рэспубліцы ставяцца да нацыянальных абшчын. Дарэчы, і на Львоўшчыне да беларусаў самыя лепшыя адносіны. Прыемна, што на Беларусі асобным радком ідзе дзяржаўная падтрымка нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Сёння мы бачым, наколькі высока на гістарычнай радзіме прадстаўлена мастацтва нацыянальных культур, большасць артыстаў выдатна прафесійна падрыхтаваныя — маюць музычную адукацыю. Беларуская абшчына Львоўшчыны заўсёды падтрымлівае і, калі трэба, абараняе Беларусь, у тым ліку і ў нашай газеце «Весткі з Беларусі».

----------------------------------

На здымку: круглы стол кіраўнікоў нацыянальна-культурных суполак краін-суседзяў у атэлі «Спадарожнік».

Фота: Ігар САВОСЦЕНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter