Звон цымбальны над Паставамi

Пастаўская зямля, дзе народнымi мелодыямi агучаны кожны куточак, у вiрлiвым чаканнi. 17—19 чэрвеня тут будзе праходзiць мiжнародны фестываль народнай музыкi “Звiняць цымбалы i гармонiк”.

Пастаўская зямля, дзе народнымi мелодыямi агучаны кожны куточак, у вiрлiвым чаканнi. 17—19 чэрвеня тут будзе праходзiць мiжнародны фестываль народнай музыкi “Звiняць цымбалы i гармонiк”.

Аб тым, што цiкавага будзе ў фестывальнай праграме i як горад рыхтуецца да прыезду гасцей, расказалi намеснiк старшынi Пастаўскага райвыканкама Ала Эдмундаўна Кейзiк i начальнiк аддзела культуры Наталля Мiкалаеўна Булавiнцава.
— Фестываль пройдзе на Пастаўшчыне 13-ы раз, а ў статусе мiжнароднага — восьмы. Мы з задавальненнем прымаем гэтае свята. I хочам, каб яго адрас не мяняўся, — зазначыла Ала Эдмундаўна. — На фестываль прыязджаюць цудоўныя калектывы, якiя вызначаюцца высокiм узроўнем выканаўчага майстэрства. На фоне iншых, а сярод удзельнiкаў традыцыйна прадстаўнiкi Расii, Малдовы, Украiны, Польшчы, Лiтвы, прыярытэтна выглядаюць беларусы. Так будзе i сёлета, запрашаем калектывы з усiх абласцей рэспублiкi i з-за яе межаў. Чакаецца, што сёлета будзе 340 удзельнiкаў. Акрамя таго, пастаўчане з нецярпеннем чакаюць прафесiяналаў: Нацыянальны акадэмiчны народны хор Рэспублiкi Беларусь iмя Г.Цiтовiча, фалькгрупу “Неруш”, ансамбль “Пастараль”. Рыхтуюцца i свае калектывы.
 — Фестываль, пэўна, дапамагае i пастаўскiм музыкам шлiфаваць сваё майстэрства?
— У нас 10 народных, адзiн заслужаны i адзiн узорны калектыў. Толькi за апошнiя паўгода званне ўзорнага атрымаў аркестр баянаў-акардэонаў Пастаўскай дзiцячай школы мастацтваў, званне народнага — лялечны тэатр “Вытварашкi” i жаночы клуб “Юнчанка”. Народныя песенныя калектывы традыцыйна прымаюць удзел у фестывалi. А пачынальнiкам стала “Паазер’е”. Сёлета, апрача “Паазер’я”, сваё майстэрства пакажуць “Маладзiца”, “Заранка”, “Вiтанне”. А ў мiтынгу-рэквiеме “Вялiкай Перамозе прысвячаецца” будуць удзельнiчаць два народныя калектывы: хор настаўнiкаў i хор ветэранаў раёна. У фестывальных мерапрыемствах задзейнiчаны i iншыя калектывы i салiсты, — расказвае Наталля Мiкалаеўна.
— Мяне радуе, што асобныя важныя мерапрыемствы будуць поўнасцю рэжысiраваць спецыялiсты нашага Дома культуры. Гэта вялiкi давер, — дадае Ала Эдмундаўна Кейзiк. — А ў праграме фестывалю цiкавых мерапрыемстваў шмат. Гэта i традыцыйныя “Пастаўскi баль”, якi завяршыцца святочным феерверкам, i “Свята ў Паставах” — канцэрт нашых народных калектываў, конкурс “Хто каго?” i заключны гала-канцэрт “Суквецце талентаў народных”.
— З новых жа, — уключаецца ў размову Н.М.Булавiнцава, — прыцягне ўвагу тэатралiзаванае прадстаўленне “Старонкi ажыўшай гiсторыi”. Пройдзе яно каля палаца Тызенгаўза, дзе размешчана раённая бальнiца. Прадстаўленне будзе прысвечана Антонiю Тызенгаўзу — асветнiку, заснавальнiку адной з першай балетных школ, высокаадукаванаму чалавеку, якi шмат зрабiў для Пастаў. Па iнiцыятыве галоўнага ўрача раёна Уладзiмiра Мiкалаевiча Чакавага плануецца адкрыццё памятнага знака А.Тызенгаўзу. З часам, як мяркуецца, на гэтым месцы павiнен з’явiцца помнiк.
Удзельнiкаў i гасцей фестывалю прывабiць фотавыстава “Пастаўскi калейдаскоп”, зацiкавяць конкурсы “Мiс фестываль”, на лепшую танцавальную пару, самага абаяльнага музыку.
Усё гэта i многае iншае будзе аздоблена звонам цымбал. Менавiта iм прысвечаны сёлетнi фестываль. I нездарма. Паставы — фактычна адзiны ў рэспублiцы рэгiён, дзе захавалiся дыятанiчныя цымбалы. Iх i цяпер вырабляюць майстры-самародкi. Народныя цымбалы абвяшчаюць аб урачыстым адкрыццi фестывалю, сведчаць аб непарыўнай повязi часоў i захаваннi культурных традыцый. Iнструмент будзе ў полi зроку ўдзельнiкаў творчай лабараторыi “Народная музычная культура на мяжы тысячагоддзяў”, якая пройдзе ў рамках свята.
— Ала Эдмундаўна, звычайна фестываль ахоплiвае не толькi Паставы, але i многiя населеныя пункты раёна. Не ўсе ж змогуць дабрацца да райцэнтра, каб паслухаць выступленнi, набыць штосьцi цiкавае ў горадзе майстроў, пабываць на ўрачыстай службе ў касцёле, патанчыць на дыскатэцы. Сёлета не забудзеце пра вяскоўцаў?
— Нi ў якiм разе. Колькi калектываў, столькi будзе i выездаў. Вельмi цёпла ўдзельнiкаў фестывалю заўжды прымаюць у гарадскiх пасёлках Лынтупы i Варапаева, СВК “Камайскi” i “Сцяг перамогi”, “Хацiлах”, “Курапольскiм”...
— Па ўсiм бачна, што рыхтуецца i горад. Чым на гэты раз збiраецеся ўразiць?
— Па добраўпарадкаванню за гэтыя гады зроблена многае. А сёлета шмат прапаноў унёс новы старшыня райвыканкама Эдуард Пятровiч Казура. Непазнавальна змянiўся, абнавiўся гарадскi парк, дзе мы заўжды праводзiм заключны канцэрт i фестывальны кiрмаш рамёстваў. Летась пачалi ачыстку аднаго з каналаў Тызенгаўза. У гэтым годзе водны шлях ад палаца Тызенгаўза да возера поўнасцю ачышчаны, парк, набярэжная i каналы выглядаюць вельмi прывабна. Высадзiлi таксама кветкi, абнавiлi тратуары. Уразiць i вячэрнi горад. Яшчэ помняцца гады, калi, акрамя пражэктараў, на сцэне нiчога не было. Цяпер жа па прапанове старшынi райвыканкама падсвечаны ўсе будынкi на плошчы. Штогод рамантуюцца помнiкi архiтэктуры, прыводзяцца ў парадак дарогi, вулiцы, i не толькi ў цэнтры.
— Фестываль “Звiняць цымбалы i гармонiк” ведаюць i любяць многiя. Сюды iмкнуцца прыехаць многiя. Як вы лiчыце, з чым гэта звязана?
— Роднасць душ на нашым фестывалi, думаю, праяўляецца вельмi ярка таму, што горад невялiкi. Адносна невялiкая i колькасць удзельнiкаў. Гэта не шматтысячны “Славянскi базар у Вiцебску”, дзе кожны сам па сабе. У нас жа у асноўным на адной сцэнiчнай пляцоўцы, у адной творчай лабараторыi людзi сустракаюцца, размаўляюць, завязваюць сяброўства. I ўдзельнiкаў, i гледачоў яднае любоў да народнай музыкi. А пастаўскiя гледачы, як адзначаюць госцi, кампетэнтныя, разумеючыя, ветлiвыя. Бо ў нас здаўна шмат таленавiтых музыкаў жылi i жывуць цяпер, а сучасная музычная моладзь працягвае гэтыя традыцыi.
Наш фестываль — гэта яшчэ i свята пачуццяў. Было некалькi выпадкаў, калi менавiта пад звон цымбалаў i гармонiкаў тут злучалiся лёсы. Яркi прыклад таму: удзельнiк iтальянскага калектыву закахаўся ў супрацоўнiцу Пастаўскага дома культуры. Цяпер яны шчаслiва жывуць у Iталii, маюць дзiцятка. Ведаю, што i супрацоўнiк рэдакцыi “Народнай газеты” знайшоў на фестывалi сваю суджаную.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter