Званы зноўку паклікалі ў Шунеўку

ТАК самадзейныя артысты Докшыцкага аддзела культуры аднавілі сцэнарый жудаснага для жыхароў Шунеўкі ранку 22 мая 1943 года. Да цэнтральнага манумента комплексу, бронзавай фігуры жанчыны з узнятымі ў праклёне рукамі, пад жалобны перакліч званоў ляглі вянкі, жывыя кветкі…

У мінулую пятніцу, як і 70 год таму назад, на месцы былой вёскі Шунеўка Докшыцкага раёна кляпалі дзяды косы, жанчыны мылі бялізну, бестурботна гулялі дзеці. А потым з’явіліся «карнікі»…

ТАК самадзейныя артысты Докшыцкага аддзела культуры аднавілі сцэнарый жудаснага для жыхароў Шунеўкі ранку 22 мая 1943 года. Да цэнтральнага манумента комплексу, бронзавай фігуры жанчыны з узнятымі ў праклёне рукамі, пад жалобны перакліч званоў ляглі вянкі, жывыя кветкі…

— Мы сабраліся тут, каб схіліць нізка галовы перад мужнасцю тых мірных жыхароў, якія 70 год таму назад былі спаленыя жывымі, — звярнуўся да прысутных старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Пінчук. — Вялікае гора спасцігла гэту вёску і яшчэ 99 вёсак раёна. 20 тысяч жыхароў Докшыцкага раёна загінула ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Некаторыя палітыкі сёння імкнуцца перапісаць гісторыю, адносячы ў разрад герояў тых, хто спальваў вёскі, знішчаў мірных жыхароў. І там, дзе забыліся пра гэтыя трагедыі, зноў узнікаюць канфлікты, войны. Наш абавязак, цяперашняга і будучых пакаленняў, свята захоўваць памяць аб загінуўшых, даражыць мірам і незалежнасцю. І да той пары, пакуль сюды прыходзяць дзеці з кветкамі, у нас не будзе вайны.

Усе, здаецца, затаілі дыханне, калі да мікрафона падышла Соф’я Шаблоўская, у дзявоцтве Ананіч, якая сямігадовай дзяўчынкай цудам выратавалася з бацькам у той дзень з фашысцкага пекла. Жанчына змагла вымавіць усяго некалькі слоў:

— Дзякуй усім, што вы не забылі, што прыязджаеце!... Мне — 77 год. Я засталася жывая… Прабачце, не магу гаварыць …

Лёс Шунеўкі раздзялілі большасць вёсак Асвейскага і Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) і Расонскага раёнаў пры правядзенні нацыстамі ў лютым—сакавіку 1943 года карнай аперацыі. За паўтара месяца было спалена 439 населеных пунктаў, загінула 10 тысяч мірных жыхароў і 6 тысяч вывезена на прымусовыя работы. Аб тых трагічных падзеях расказвае беларуска-расійскі зборнік «Зимнее волшебство», выдадзены нядаўна ў рамках міжнароднага праекта «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак». У кнізе 226 архіўных дакументаў, успаміны людзей з вогненных вёсак, якія выжылі. Прэзентацыю кнігі ў Бягомльскім музеі «Народнай славы», дзе прайшла пасля мітынгу ў Шунеўцы канферэнцыя «Дыялог пакаленняў», зрабіла каардынатар праекта Наталля Кірылава.

— Міжнародны праект «Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых беларускіх вёсак» дзейнічае з кастрычніка 2010 года ў рамках праграмы «Месца сустрэчы — дыялог». Арганізатарам праграмы ў Беларусі з’яўляецца міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Узаемапаразуменне». Праект рэалізуюць Беларускі фонд міру, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Актыўны ўдзел у яго мерапрыемствах прымае Расійскі фонд садзейнічання актуальным гістарычным даследаванням «Гістарычная памяць». Толькі ў першы год рэалізацыі праекта выяўлена 2000 чалавек, якія выратаваліся са спаленых беларускіх вёсак. Усяго ж іх у Беларусі каля 9,5 тысячы. Людзі гэтыя вынеслі на сваіх плячах усе цяжкасці вайны, не зламаліся, не скарыліся. Але, нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, яны ніколі не разглядаліся як асобная катэгорыя пацярпеўшых ад нацыянал-сацыялізму, не ўлічваліся пры кампенсацыйных выплатах. Таму вырашана было прыцягнуць увагу да іх трагічнага лёсу не толькі беларускай, але і сусветнай грамадскасці. Практыка паказала каштоўнасць сустрэч жыхароў спаленых вёсак з моладдзю, студэнтамі, школьнікамі, а таксама на “круглых сталах” і канферэнцыях.

Створана электронная база, якая ўтрымлівае звесткі аб 6 тысячах беларускіх вёсак, знішчаных поўнасцю ці часткова з насельніцтвам і — без жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На канферэнцыі выступілі загадчык філіяла «Шунеўка» Бягомльскага музея «Народнай славы» Таццяна Мальчык, жыхары спаленых вёсак Чашніцкага і Шаркоўшчынскага раёнаў Эдуард Фецько і Уладзімір Мілянцей, галоўны архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Селяменеў, намеснік старшыні абласнога Савета ветэранаў Уладзімір Цацоха.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter