В Ракутевщине под Молодечно по традиции славили Максима Богдановича

Зорка Венера ўзышла над зямлёю

19-гадовы Максім Багдановіч два месяцы правёў у шляхціцаў Лычкоўскіх на Маладзечаншчыне і напісаў тут свае лепшыя творы

Напрыканцы ліпеня па старой добрай амаль 40-гадовай традыцыі паэтычны фестываль «Ракуцёўскае лета — 2021» пад Маладзечна сабраў прыхільнікаў роднай культуры і літаратуры, тут ушаноўвалі Максіма Багдановіча. Сёлета свята было найбольш урачыстым: з дня нараджэння класіка споўнілася 130 гадоў. У Ракуцёўшчыну завітала Вольга Дашкоўская — унучатая пляменніца паэта, яна рада і ўдзячна, што завядзёнка пашаны яе таленавітага родзіча, не толькі яе — усяго беларускага народа, працягваецца і будзе жыць вечна. Як штогод, у адзін з апошніх ліпеньскіх дзён у Ракуцёўшчыне паліла сонца, і яно сваімі казытлівымі промнямі вітала ўлюбёную зямлю Максіма.


Ракуцёўшчына стала лепшай старонкай у штодзённіку жыцця Багдановіча. Так пра гэта пісаў ён сам. Смерць маці і расстанне з Беларуссю для паэта былі самымі трывожнымі ранамі, менавіта таму вяртанне — найпрыемнейшы час. Прыехаўшы ў 1911 годзе з Яраслаўля на радзіму, 19-гадовы Максім Багдановіч два месяцы правёў у шляхціцаў Лычкоўскіх каля Краснага Сяла, гэта першае дарослае знаёмства з Беларуссю. Акружаны з усіх бакоў глухімі барамі, забыты, здавалася б, самім Богам, гэты маёнтак стаў для маладога паэта сімвалам роднага краю. Краналі беларуская мова, вясковы лад. А ўсмешка маладой пляменніцы гаспадыні дарыла хвораму і адзінокаму Максіму надзею на доўгае жыццё. Ён адчуваў тут сябе не штучна, а па-сапраўднаму шчаслівым. Хвораму на сухоты паэту ў Ракуцёўшчыне лёгка дыхалася і гэтак жа лёгка пісалася: за кароткі час з-пад пяра выйшлі лепшыя творы — цыклы вершаў «Старая Беларусь» і «Места», паэмы «Вераніка» і «У вёсцы». Пасля ракуцёўскага лета крытыкі назавуць Багдановіча песняром чыстай прыгажосці, а яго паэзію — царствам зачараваных люстэрак.

Рэгулярна на ўшанаванне класіка з Санкт-Пецярбурга прыязджала Маргарыта Пярова — нашчадак роду Лычкоўскіх, сёлета з-за эпідэміі не змагла. Тым не менш сабраліся дзясяткі пісьменнікаў, музыкаў, дзеячаў культуры і проста аматараў творчасці... Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Іна Фралова, Юрась Нераток, Таццяна Дземідовіч, фальклорныя калектывы і эстрадныя выканаўцы Мала­дзечаншчыны... Разынкай стала выступленне заслужанага калектыву — Белдзяржансамбля народнай музыкі «Свята». Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, Літаратурны музей Максіма Багдановіча паклапаціліся, каб прысутным было весела, па традыцыі арганізавалі квэсты, фотазоны, прыдумалі яркі сцэнарый, прыгатавалі зёлкавую гарбату…

У памятных мясцінах створаны свой музей, які працуе 25 гадоў і называецца «Фальварак Ракуцёўшчына». Можна зайсці ў сядзібу былога гаспадара Вацлава Лычкоўскага, зазірнуць у гумно і спаталіць смагу з крыніцы «жывой вады», пра якую некалі напісаў Максім:

У родным краі ёсць крынiца жывой вады.

Там толькi я змагу пазбыцца сваёй нуды…

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter