
Абхітрыць прыроду
— З раніцы на нас абрынуўся такі лівень, што на вуліцу выйсці было страшна: вада хвалямі пералівалася праз асфальт, — расказвае намеснік дырэктара па вытворчасці Андрэй Бянько, з якім мы сустракаемся на тэрыторыі сушыльнага комплексу. — Думалі, што наогул у полі ўсе працы застопарацца, але ветрык дапамог: цяпер нашы камбайнеры ўжо стартуюць на больш высокіх участках ніў. Яшчэ толькі пяць гадзін вечара. Учора хлебаробы заглушылі рухавікі дзесьці на пачатку адзінаццатай…
Ад сушылак (іх сумарная магутнасць — 400 тон у суткі) раз-пораз ад’язджаюць гружаныя аўтамабілі. «Рудакова» завяршае здачу дзяржзаказу па рапсе: на алееэкстракцыйны завод будзе адпраўлена 2,2 тысячы тон насення. Дарэчы, сельгаспрадпрыемства першым у раёне ў сціслыя тэрміны ўбрала ўсе рапсавыя плантацыі. Зараз вось змаглі адразу ўсе сілы кінуць на ўборку збожжавых.
— Зжаць у цэлым трэба будзе каля 5000 гектараў, — дзеліцца планамі брыгадзір Іван Яшчанка. — Першая ўраджайнасць радуе: асобныя палі даюць пад 50 цэнтнераў з гектара.
Едзем на ўчастак, дзе цяпер працуе ўдарны атрад механізатараў. Па дарозе мае экскурсаводы заварочваюць на жывёлагадоўчы комплекс і дзеляцца сакрэтам: пакуль вільготнасць збожжа была высокай, яго падвяргалі плюшчэнню ў спецыяльныя рукавы. Тым самым крыху падманулі прыроду: і жніво вялі, і траціць лішнія грошы на дасушванне хлеба не давялося.
А вось і яны — доўгія белыя змейкі выстраіліся ў радок паміж фермамі. Тут, у гэтых рукавах, запакавана ўжо больш за 600 тон выдатнага пажыўнага корму. Кажуць, калі прыадкрыць рукаў (чаго па тэхналогіі цяпер рабіць ніяк нельга, бо неабходна пазбегнуць траплення паветра ў герметычную пасудзіну), то здзівішся моцнаму хлебнаму водару — як быццам каравай у печы выспявае.
— Кармы для нас аснова асноў, — тлумачыць Андрэй Аляксандравіч. — Буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы амаль 8000 галоў. Уяўляеце, колькі трэба зернефуражу, сена, сіласу? «Рудакова» па плошчах уваходзіць у тройку найбуйнейшых у Віцебскім раёне. Сёлета мы павялічылі пасяўныя плошчы ячменю. Ён, дарэчы, радуе ўраджайнасцю. Нядрэнныя перспектывы таксама па азімай пшаніцы і іншых культурах.

Вопыт і майстэрства
Працягласць гаспадаркі — 50—55 кіламетраў. Лічы, ад Бешанковічаў да Лёзна. Так што для таго каб дабрацца да месца сённяшняга дыслацыравання камбайнаў, даводзіцца прайсці немалы шлях. Па дарозе мы раз-пораз атрымліваем сігналы са «штаба»: дождж ідзе ў розных кропках сельгаспрадпрыемства. Але, на шчасце, там, дзе пасля ранішняга ліўня распачаў працу механізаваны атрад, пакуль ціха.— Камбайнеры ў нас усе свае — людзі вопытныя, надзейныя, не раз правераныя. У многіх за плячыма па некалькі дзясяткаў гадоў за штурвалам, — завочна мяне ўжо знаёмяць з героямі будучага матэрыялу. — Ды і прозвішчы іх добра вядомыя: нашы хлебаробы пастаянна займаюць прызавыя месцы ў працоўных спаборніцтвах, з’яўляюцца нязменнымі ўдзельнікамі раённых і абласных «Дажынак».
Читайте также
— У мінулую ўборачную пару мы занялі другое месца ў раёне па рапсе, трэцяе — па збожжавых. У нас было 5 тысячнікаў, — уводзіць у курс справы Андрэй Бянько. — Дваім трошкі часу не хапіла. Думаю, у гэтым сезоне нагоняць. У гаспадарцы 11 камбайнаў. За апошнія чатыры гады мы набылі тры новыя «Палессі». Але практыка паказвае: далёка не заўсёды ўсё залежыць ад навізны тэхнікі. Вунь, бачыце, Мікалай Шушкевіч працуе на «Лідзе»? Машыне амаль 20 гадоў, а яна як гадзіннік. Такога ж узросту і «Мега» Міхаіла Фрычкова. Гэтыя два механізатары ўжо прыбралі да жніва амаль 150 гектараў траў!
З дзяцінства, лічы, удзельнічаюць ва ўборачнай гарачай пары спачатку памочнікамі, а апошнія гадоў 15—20 перадавымі камбайнерамі Аляксандр Садоўскі і Уладзімір Еўдакімаў. Пакуль рабілі фота, Аляксандр навучыў мяне разлічваць ураджайнасць вельмі арыгінальным спосабам: колькі зярнятак у коласе, такая і ўраджайнасць поля. Сцвярджае: яго сістэма пакуль ні разу не падвяла. Гэтак жа, як і яркі надпіс пад лабавым шклом «Беларусь» — гэтую наклейку шматразовы лідар жніва лічыць сваім галоўным талісманам.
На добры ўраджай сёння разлічвае і камбайнер з 20-гадовым стажам Віктар Аўчыннікаў. Толькі, кажа, пагодлівыя хвілінкі шанаваць трэба…

Як я разумею, гэта тонкі намёк на канец гутаркі. Тым больш што ўдалечыні бачны «мікрык»: механізатарам вязуць «падвячорак». Час на сухі паёк тут ніхто не марнуе — спатоліць голад з яго дапамогай можна і ў кабіне, без адрыву ад працы. Кормяць сваіх земляробаў у «Рудакове» добра. Паўнавартасныя абеды і вячэры сёлета цалкам бясплатныя для ўсіх членаў прафсаюза. Абяцаюць і добры заробак — у людзей павінен быць стымул. А камбайнеры, абапіраючыся на вопыт мінулых гадоў, упэўнены: яны, як заўсёды, не застануцца расчараванымі. У перадавой гаспадарцы ўмеюць шанаваць якасную працу.
begunova@sb.by