Знайсцi сябе ў морацкiх узорах

Люблю ездзiць у вёску. Дзе, як не тут, можна па-сапраўднаму адчуць водар ягад, грыбоў, духмянага сена, смак сцюдзёнай, толькi што выцягнутай з калодзежа вады, прахалоду хат, якiя схавалiся пад цянiстымi шатамi яблынь i лiп?! Мястэчка Морач, што на Клеччыне, аказалася якраз тым месцам на Зямлi, якое выратавала мяне ад гарадской мiтуснi i шуму. Так сталася ў наш час, што мы ўсё больш iмкнёмся ў горад, дзе можна зарабiць больш грошай, i добра, што хаця б на выхадныя вяртаемся ў родныя мясцiны. Але калi прыгледзецца да сучаснай вёскi, дык i тут можна жыць не горш.

Ад мора да Морачы адзiн крок
Прыязджаеш у Морач i адразу разумееш, што трапiў у беларускае мястэчка. Шырокiя вулiцы, кожная з якiх адбудавана па асобным творчым метадзе архiтэктара, распiсаныя беларускiмi ўзорамi хаты, цiкавыя людзi, пра жыццёвыя дарогi амаль кожнага з якiх можна пiсаць кнiгу. I зусiм не верыцца, што некалькi стагоддзяў таму гэта было месца высылкi “неугодных” атаману казакоў Запарожскай Сечы. У пашчы балот (а iх тут называлi морам) патануў не адзiн чалавек. Ад нападу камарыных “зграй” можна было адразу памерцi. Ад слоў “мора”, “заморваць” i пайшла назва мястэчка, лiчаць гiсторыкi.
Першае, што кiдаецца ў вочы, — гэта чысцiня вулiц, падворкаў. Падарожнiчаючы па мястэчках Беларусi, часта даводзiцца чуць, што адна з самых набалелых праблем — дрэнная арганiзацыя працы камунальных службаў. А вось у Морачы гэта пытанне поўнасцю вырашана. Вывозiць смецце з кожнага падворка марачанам дапамагае чалавек на канi па загадзя састаўленым графiку. Такая паслуга, гавораць мясцовыя жыхары, каштуе iм ўсяго тысячу рублёў у месяц.
Яшчэ адна асаблiвасць — мноства прыгожых будынкаў. Мястэчка расквiтнела дзесяць—пятнацаць гадоў таму, калi калгасам кiраваў Аляксандр Дылеўскi. Ужо ў той час тут быў узведзены, па сутнасцi, аграгарадок. А як радавалiся мясцовыя жыхары, калi ў Морачы з’явiлася новая школа! Ды не простая, а ў выглядзе карабля. А потым, як грыбы пасля дажджу, “выраслi” дзiцячы садок, Дом культуры, лазня. Былi заасфальтаваны вулiцы, абсталявана цэнтральная ацяпляльная сiстэма.
Аднак многiя сяльчане пачалi выязджаць у горад. Калi раней у Морачы пражывала больш за дзве тысячы чалавек, то сёння тут жыве менш чым паўтары тысячы. Калгас быў пастаўлены ва ўмовы выжывання. Цэхi па разлiву мiнеральнай вады, крынiцамi якой Морач славiлася на ўсю рэспублiку, былi аддадзены ва ўласнасць прадпрымальнiкам. Але тыя, хто застаўся ў сельскай гаспадарцы, не сядзелi склаўшы рукi.
Будучыня — у працы
Аляксандр Фiлiпчанка прыйшоў у СПК “Морач” на пасаду старшынi не так даўно, але паспеў зарэкамендаваць сябе як здольны кiраўнiк. Гаспадарка ўвайшла ў лiк самых паспяховых у раёне. Аляксандр Уладзiмiравiч лiчыць, што вярнуць людзей у калгас можна. I дзелiцца сакрэтам: патрэбна ставiць задачу не толькi мець высокiя паказчыкi вытворчасцi малака, мяса, але i быць уважлiвым да людзей, якiя з ранiцы да позняй ночы самааддана працуюць на зямлi. “Для мяне важна, каб яны маглi больш-менш дастойна жыць i не адчуваць таго, што жывуць i працуюць у вёсцы. Я мару арганiзаваць работу так, каб, акрамя калгасных клопатаў, людзi знаходзiлi час i для сваёй сям’i, для адпачынку. А паказчыкi будуць заўсёды высокiмi, калi чалавек iдзе на працу з ахвотай”, — запэўнiвае кiраўнiк.
Аляксандр Уладзiмiравiч лiчыць, што прываблiвае моладзь у гаспадарку i добрае жыллё. Нядаўна ў мястэчку было пабудавана яшчэ пяць новых катэджаў. Жаданне працаваць залежыць i ад спраўнай тэхнiкi. Так, новыя трактары, аўтамабiлi “МАЗ”, сеялкi, культыватары, якiя набылi напачатку гэтага года, былi аддадзены маладым спецыялiстам. “А ў СПК “Морач” сёлета iх прыбыло яшчэ дзесяць, — з радасцю паведамляе Аляксандр Уладзiмiравiч. — I ў будучым, мяркую, нам у час уборкi ўраджаю не прыйдзецца больш звяртацца за дапамогай да iншых службаў”.
Каб весялей жылося
Морач жыве i развiваецца не толькi дзякуючы нястомнай працы яе жыхароў. Iм надае сiлы i любоў да роднага краю, да сваёй культуры, гiсторыi. Гэта становiцца зразумелым, калi завiтаеш у школьны краязнаўчы музей. Кожны экспанат тут — частачка вялiкай карцiны-мазаiкi цудоўнага мястэчка на Клеччыне.
Настаўнiца гiсторыi Таццяна Абабурка праводзiць мяне да чырвонага кута, дзе замест абразоў — фотаздымкi бабуль у нацыянальным адзеннi. Напачатку мне iх партрэты не падаюцца дзiўнымi. Таццяна Iванаўна тлумачыць, што дзесьцi ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя марачанскiя жанчыны насiлi ўборы, якiя былi характэрны толькi для гэтай мясцовасцi. Марачанку можна было пазнаць па стракатай iльняной спаднiцы ў дробныя складкi з рознакаляровымi палоскамi — “шлягамi” па-марачанску. I кожная мацi клапацiлася аб тым, каб у яе дачкi абавязкова быў такi ўбор. Дзяўчаты з бяднейшых сем’яў не маглi сабе дазволiць набыць такую прыгажосць на кiрмашы, таму самi ткалi, а пасля фарбавалi палатно ў балотнай рудзе. Ад таго яно набывала карычнева-зялёны колер. А потым наразалi вузкiя атласныя стужкi i нашывалi iх на гатовую спаднiцу. Пра багаты пасаг дзяўчыны можна было здагадацца па сямi нашытых шлягах.
Адрознiваў марачанку ад жанчын з iншай мясцовасцi i галаўны ўбор — круглая шапачка, паверх якой замужнiя жанчыны накiдвалi “рэдчык”, белую льняную хустку.
Таццяна Iванаўна акцэнтуе маю ўвагу на морацкiх паясах, без якiх немагчыма было раней уявiць нi жаночага, нi мужчынскага касцюма. Сплецены з каляровых нiтак пояс быў своеасаблiвым абярэгам ад розных хвароб, нячыстай сiлы. Марачане насiлi розныя паясы. Калi хлопец быў халасты, насiў адзiн, калi жанiўся — павязваў другi, калi ў сям’i нараджалася дзiця — пояс “гаварыў” аб тым, што мужчына стаў бацькам.
Клеччына — галасiсты край. Песнi Морацкага народнага хору за амаль пяцьдзесят гадоў сталi вядомымi далёка за межамi нашай краiны. Хацелi спяваць у хоры многiя жыхары мястэчка, але не ўсiх бралi. Калiсьцi хор запрашалi выступаць на партыйныя канферэнцыi, дзе прысутнiчаў сам Хрушчоў. Морацкi народны хор працягвае сваю дзейнасць i зараз. Аднак салiстаў з кожным годам становiцца ўсё менш. I ўсё ж надзея на тое, што слава ансамбля не згасне, застаецца, бо ва ўзорным ансамблi беларускай народнай песнi “Марачаначка” падрастае маладое пакаленне талентаў.
Дзе дах яднае мудрасць i майстэрства
Завiтаўшы ў Морацкi цэнтр рамёстваў, працягваю захапляцца бязмежным жаданнем местачкоўцаў захаваць сваю спадчыну. Марачанцы не маглi раўнадушна глядзець на тое, як на iх вачах разбураецца пустая сялянская хата i разам з ёй знiкае магчымасць ператвараць сваю фантазiю, творчасць у жыццё, i вырашылi стварыць тут цэнтр рамёстваў. Сёння тут працуюць шэсць майстроў-метадыстаў па керамiцы, разьбе па дрэве, лозапляценню, саломапляценню, вышыванню, ткацтву.
Заходзiш у будынак i такое адчуванне, што трапiў у бабулiну хатку. У першым пакоi стаiць ткацкi станок. На сценах у драўляных рамках красуюцца вышыўкi, на падлозе — саматканыя дываны.
 Другi пакой цэнтра рамёстваў мясцовыя майстры ператварылi ў музей старадаўняй беларускай культуры. Ложак, калыска засланы льнянымi вышыванымi прасцiнамi. Незвычайная энергiя iдзе ад печы. Тут на жэрдках сушацца кашулi, кажухi. У чырвоным куце над сталом з грамнiчнай свечкай — сем абразоў, на кожным з якiх вышытыя ручнiкi. “Нашы продкi выбiралi галоўны ручнiк i iм пакрывалi ўсе сем абразоў, — расказвае малодшы навуковы супрацоўнiк Морацкага цэнтра рамёстваў Iрыны Крыцкая. — А пад галоўны абраз вешалiся маленькiя ручнiчкi”.
Морацкiя ўмельцы, акрамя таго, што самi ткуць ручнiкi, вышываюць, вучаць народнаму рамяству i школьнiкаў. Сучасных дзяцей асаблiва цiкавiць сiмвалiчнае значэнне вышытых узораў. Майстрыха Анастасiя Васiльеўна Цыган расказвае: “У маiм юнацтве не было нi радыё, нi тэлевiзара, i чытаць я не ўмела. А вось у гэтых узорах — мая радасць, маё жыццё. Сонейка, зялёная трава сiмвалiзуюць жыццё, двое галубкоў — закаханых, зязюлька — удаву. Раней у нашым мястэчку весела было. Усе дзяўчаты i хлопцы ў вышываных уборах на вячоркi збiралiся. Пару сабе дабiралi не з iншага мястэчка, за сваiх трымалiся”.
Майстар па лозапляценню Канстанцiн Лойка працаваў настаўнiкам матэматыкi i iнфарматыкi ў Морацкай школе, а калi выйшаў на пенсiю, стаў майстрам цэнтра рамёстваў. Плесцi з лазы яго навучыла жонка. Калiсьцi ў Морачы быў вялiкi цэх па вытворчасцi плеценых вырабаў з лазы. Удасканальваць сваё майстэрства народных умельцаў з Морачы пасылалi аж ў Чарнiгаў.
Няма смачней вадзiцы, чым з роднай крынiцы
Гэту прымаўку я прачытала на адным са стэндаў у морацкiм дзiцячым садку. Любiць i шанаваць сваю гiсторыю, мову вучаць тут з самага маленства. З парога сустракае прыветнымi вокнамi зробленая рукамi выхавацеляў беларуская хатка з саламяным дахам. Красуюцца румянымi бакамi глiняныя збанкi. На паркане льняным срэбрам свецяцца вышываныя рушнiкi.
Загадчыца Сафія Лаган расказвае, што ўжо каля дванаццацi гадоў у садку працуюць над адраджэннем нацыянальнай культуры. “Нашым дзецям пашчасцiла, што яны нарадзiлiся i растуць у такiм цудоўным мястэчку, як Морач, — прызнаецца Сафія Рыгораўна. — Ведаю, што такiм садком можа пахвалiцца далёка не кожная вёска i нават пасёлак. Акрамя таго, што нашым дзецям прадстаўлены найлепшыя ўмовы (прасторныя музычная i фiзкультурная залы, групавы пакой i нават басейн), ужо з трох гадоў выхаванцы вучацца iграць у батлеечным тэатры, займаюцца ў гуртку “Народная песня”, знаёмяцца з беларускiмi абрадамi, звычаямi.
...Доўга яшчэ гучалi ў вушах беларускiя песнi, што спявалi морацкiя дзецi. I верылася мне, што расквiтнее ўсё ж такi, адродзiцца яшчэ мястэчка. I ўсё дзякуючы iм, гэтым маленькiм, крышку сцiплым, у чымсьцi пакуль што нясмелым чалавечкам з блакiтнымi вачыма, якiя ўжо цяпер разумеюць, што значыць слова Радзiма.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter