«В последнее время есть огромный спрос на документальное наследие, историю семей и страны»: чем живет наш Национальный архив

Знаёмцеся, сведкі эпохі

Напэўна, у архівістаў самыя далікатныя рукі і самыя лёгкія імі рухі. Мне страшна дакрануцца да дакументаў, што паказваюць спецыялісты ДУ «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь». Адным паперам 50 гадоў, іншым — пад сотню, а некаторым і болей! Прытым яны ўсе ўнікальныя і цікавыя, патрабуюць увагі. І іх «загаду» падпарадкоўваюцца навукоўцы, даследчыкі, студэнты і іншыя грамадзяне, якія жадаюць акунуцца з галавой у падзеі даўно мінулых дзён. Напярэдадні свята — Дня архівіста — карэспандэнты «Р» зазірнулі ў сховішчы Нацыянальнага архіва (НАРБ) і ўбачылі на свае вочы, наколькі важная праца гэтых прафесіяналаў.

Дырэктар НАРБ Андрэй Дземянюк: «Пакуль не прыйшоў у гэтую сферу, не ведаў, наколькі архіўная справа цікавая, няпростая і запатрабаваная».

Знайсці найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі Беларусі XX стагоддзя нескладана — знаходзіцца акурат з адваротнага боку Нацыянальнай бібліятэкі. Цікава, што сваю гісторыю Нацыянальны архіў пачаў не ў Мінску, а ў Магілёве ў маі 1927 года. І называўся інакш — Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР. Цяжка ўявіць, але працавалі там спачатку ўсяго 4 чалавекі. Зараз усе самыя важныя дакументы нашай краіны захоўвае штат, які складаецца з 141 чалавека. Кожны год на працу сюды прымаюць маладых спецыялістаў, якіх рыхтуюць у БДУ на двух аддзяленнях.

Мабільныя стэлажы — зручная рэч для архівістаў.

Уваходзячы ў будынак архіва, узгадваю, што яшчэ пяць гадоў таму тут чакалі тысячнага наведвальніка, а цяпер усяго за год дадаецца новых 900 чалавек! Кожны год паступае каля 3000 запытаў на атрыманне інфармацыі. Гэты рост і цікавасць да архіўных дакументаў, безумоўна, радуюць супрацоўнікаў НАРБ. Кажуць, іх праца не проста збіраць, захоўваць дакументы. Важна, каб гэта было запатрабавана.

Чаму архіў быў спачатку ў Магілёве? У сувязі з прыгранічным становішчам Мінска ЦВК БССР у жніўні 1929 года прыняў пастанову аб пераводзе ЦАКР БССР у Магілёў. Пераезд праходзіў у цяжкіх і складаных умовах і быў ажыццёўлены ў 1930—1932 гг.

Дырэктар НАРБ Андрэй Дземянюк і загадчыца аддзела выкарыстання дакументаў i інфармацыі Маргарыта Старосценка накіроўваюць нас у чытальную залу, разлічаную на 40 чалавек. Сорамна: мы ніколі тут не былі. Сталы, лямпы, дзіўныя апараты для праглядаў мікрафільмаў. Кожны дзень тут карпеюць над дакументамі ад 20 да 40 чалавек.

— Гісторыкі, архівісты, магістранты, аспіранты, настаўнікі і прадстаўнікі іншых прафесій звяртаюцца да таго, што калісьці захавалі нашы калегі, а зараз захоўваем і мы. Людзі і сапраўды сталі больш цікавіцца сваёй радаслоўнай, яны хочуць даведацца пра сваіх продкаў, — Андрэй Канстанцінавіч запрашае прысесці за стол. Для нас падрыхтавалі дакументы, на якіх заўважаю тое, што вельмі хацела ўбачыць у рэальнасці, — «Рассакрэчана». «Жыццё і барацьба партызанскага атрада імя Кірава» — дзённік часоў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта не проста сухія звесткі: забіта, паранена, у палоне. Гэта цэлыя кнігі! Як вам такі запіс найпрыгажэйшым почыркам з 1944 года: «Пахмурны зімовы дзень 13 лютага быў падобны на дзень вясны. Снег растаў, і колам чарнела зямля на палях...» Паэты! Так-так, там ёсць і вершы! Пры гэтым некаторыя запісы пра побыт, баявыя дзеянні праілюстраваны. І так па-майстэрску, фатаграфічна!

Калі-небудзь трымалі ў руках даныя, інфармацыю ў такім выглядзе? 

Цікава? Трапіць сюды можа кожны. Дастаткова ўзяць пашпарт, запоўніць на месцы анкету і напiсаць заяву на допуск.

— Галоўнае ў рабоце з дакументамі — мець час. Праца з архівамі — гэта не прагортванне, а пастаронкавае вывучэнне вялікай колькасці інфармацыі, — Маргарыта Анатольеўна разам з намі разглядае дзённік. — Самае важнае можа наогул быць не ў тых дакументах, якія падобныя па загалоўку з патрэбнай тэматыкай. Патрэбнае можа апынуцца ў зусім іншых дакументах, а тыя — на кальцы, кардоне, у маленькім фармаце. 

Так выглядае апарат для прагляду мікрафільмаў.

Ідучы па сховішчах Нацыянальнага архіва, здзіўляешся, колькі тут усяго. Ёсць нават сховішча асабістых фондаў — гэта дакументы ўсіх кіраўнікоў нашай дзяржавы, навукоўцаў, спартсменаў і іншых выдатных асоб. НАРБ прапануе нашым знакамітым людзям ужо зараз фарміраваць свой фонд: аддаваць на захоўванне дакументы, граматы для будучых пакаленняў. Цікава, што прыносяць людзі ў НАРБ унікальныя дакументы, якія знаходзяць выпадкова на гарышчах. Дарэчы, яны часам служаць навукоўцам добрую службу.

У архіве ёсць унікальныя дакументы ў адным экзэмпляры. 

Галоўная місія НАРБ — прымаць на захоўванне дакументы вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, Парламента, буйных прамысловых прадпрыемстваў, банкаў, устаноў культуры, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і іншых. Апрача таго, спецыялісты архіва таксама дапамагаюць у сацыяльна-прававых запытах, якія датычацца даведак аб месцы працы, заработнай плаце.

Рассакрэчаны дзённік партызанскага атрада.

— Зараз асабліва каштоўныя дакументы, а таксама запатрабаваныя — накшталт перапісу насельніцтва ў 1920-я гады, перыяду Вялікай Айчыннай вайны — алічбоўваем, — падводзіць да сучаснасці Андрэй Дземянюк. — Мы таксама прапануем такую паслугу, як пошук, выяўленне патрэбных дакументаў і адпраўка іх копій. 

Не толькі дакументы і газеты тут ёсць: грошы, маркі, карты і шмат што іншае.

У НАРБ дапытлівыя могуць знайсці газеты і дакументы, якія ёсць у адным экзэмпляры. Напрыклад, Маніфест часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада 1919 года. Дарэчы, захоўваюцца самыя розныя дакументы станаўлення нашай дзяржавы. Каб папулярызаваць архівы, супрацоўнікамі НАРБ выдаюцца зборнікі, за якімі стаіць чарга з даследчыкаў, удзельнічаюць у арганізацыях выстаў. 

Гэта дакументы аб пагнаных у Германію падчас вайны – немцы скрупулёзна збіралі даныя. 

Тым часам пераходзім у сховішча, абсталяванае па апошнім слове тэхнікі: сістэмы пылавыдалення, падтрымання неабходнага тэмпературнага рэжыму. Калі ўяўлялі сабе супрацоўнікаў архіва з цялежкамі дакументаў, то тут усё не так: стэлажы мабільныя. Пракруціў «руль» — рассунуліся брамы патрэбных стэлажоў. Тут нам паказваюць картатэку на пагнаных у Германію на прымусовыя работы, баявыя лісткі, насценгазеты партызанскіх атрадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны і многае іншае. Шчыра кажучы, можна затрымацца надоўга!

Маргарыта СТАРОСЦЕНКА, загадчыца аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, паказвае афішу нашага тэатра, якая вісела ў Маскве ў 1940-я.

Маргарыта Старосценка адводзіць нас у іншае сховішча і яшчэ больш здзіўляе: вось дакумент 1924 года, у якім пазначаны ў алфавітным парадку ўсе вуліцы, завулкі, плошчы Мінска: Жандарскі, Венгерскі, Могілкавы і Глухі завулкі, Замкавая, Затурмовая, Гомельская, Вясёлая і Іосіфаўская вуліцы... А вось архіў усіх пячатак і штампаў арганізацый Мінска 1920-х гадоў: ад ляснога камітэта да школьна-гаспадарчых аддзелаў. Перад намі маркі 1923 года, афіша Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра 1944 года i спіс творчага складу Другога Беларускага дзяржаўнага тэатра, генеральны каштарыс і каляндарны план кінафільма «Горад майстроў» 1965 года «Беларусьфільма» з эскізамі касцюмаў, дэкарацый, звесткамі пра тое, колькі яблыкаў і цукру за час здымак з’елі, колькі плёнкі патрацілі… Вам яшчэ здаецца, што ўсё ёсць у інтэрнэце? Ну-ну… 








kasel@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter