Найлепшым помнікам паэту Дзмітрыю Пятровічу стануць яго кнігі і музыка

«Жывуць так светла толькі дзеці»

24 лістапада 2020 года пайшоў з жыцця ўслед за маці, якую перажыў літаральна на некалькі гадзін, паэт, стылістычны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Дзмітрый ПЯТРОВІЧ. Быў чалавекам шчырым і адкрытым, зычлівым і таленавітым, аддана любіў беларускую мову. Магістр філалагічных навук. Прычынай смерці стаў ашалелы каронавірус, які цэлы свет стараецца, ды не можа цалкам утаймаваць. 29 красавіка яму б споўнілася пяцьдзясят, не дажыў некалькі месяцаў. З гэтай нагоды і з прычыны вялікага смутку ў Купалаўскай бібліятэцы сабраліся калегі па пяры, радня, сябры і прыхільнікі творчасці Дзмітрыя Пятровіча, гаварылі многа добрых слоў, прысвячалі вершы.


Яго сябар і настаўнік Мікола Шабовіч у той самы дзень, калі не стала Пятровіча, слушна прыкмеціў: «Дзіму любілі, ён быў светлым чалавекам, нездарма стужка ў «Фэйсбуку» поўніцца яго фотаздымкамі, іх выстаўляюць сябры разам з чулымі і праніклівымі словамі ад болю страты». Прыгадаем трошку цёплых слоў. Кандыдат філалагічных навук выкладчыца БДПУ Таццяна Астапчык: «За 10 гадоў знаёмства з Дзмітрыем Пятровічам мне пашчасціла пагаварыць з ім усяго некалькі разоў, але дастаткова і адной сустрэчы, каб ужо ніколі не забыць невымоўную абаяльнасць гэтага чалавека, шчыры давер, трапяткую любоў да ўсіх людзей і да сваёй справы. Гэта любоў перамагла маю журбу, стомленасць, абыякавасць. І пранізвала думка: «А такія людзі ўсё ж ёсць. Ціхія, верныя, спакойныя і ўзрушаныя адначасова; сэрцам не на зямлі, а на небе…» Мастак і паэт Сяргей Давідовіч выказаўся вершам, дзе выразіў смутак, што больш не загучыць гітара, а таксама аўтарскі верш Пятровіча. Але, бадай, канцоўка самая шчымлівая:

Да крыўднага пражыў ты мала,
Твае гады ўсе адгулі.
І без цябе, мой дружа, стала
Зусім няўтульна на зямлі.

Правільна адзначыў Сяргей Давідовіч: «Жывуць так светла толькі дзеці». Дзмітрыя Пятровіча нельга было сустрэць у кепскім настроі альбо абвінаваціць у двурушніцтве, неверагоднай шчырасцю быў прасякнуты кожны ягоны ўчынак. Напэўна, не схлушу, калі выкажу меркаванне, што Пятровіч нікога ў жыцці не падмануў. А ягоная гітара — гэта тэма для асобнай песні. Калі сустракаліся на нейкіх імпрэзах, заўсёды прасіла Дзмітрыя праспяваць «Чароўную жанчыну». Гэта быў мой любімы твор. Чаму быў? І ёсць. Музыка, якую напісаў, кнігі, якія выдаў, застануцца ў вечнасці. Тут і пацвярджаецца прыказка: у кожным жарце ёсць частка праўды. Дзмітрый крышку іранічна называў свае творы «сюжэтам для вечнасці», так і сталася.

На гонях азёрных
Конь зорыцца зорны…
Удалеч на ім паскакаў…
За сіняе мора,
За снежныя горы —
Нікому аб тым не казаў…
За хмарныя высі…
Ты песняй вярніся,
Якую дапець не паспеў…
Слязінкай скаціся,
Расінкай свяціся
На травах між сонечных дрэў.

Так напісаў пра свайго сябра паэт Міхась Башлакоў. Сапраўды, у Дзімы па пісьменніцкім цэху не было сапернікаў ці нядобразычліўцаў. Як сам да ўсіх ставіўся з павагай і прызнаннем, так і яму адказвали. Можа, менавіта таму ў Купалаўскай бібліятэцы ў юбілейны дзень Пятровіча было людна, сюды завіталі i два ягоныя сыны, якімі бацька заўсёды ганарыўся.

— Я не ўсіх вас ведаю асабіста, — звярнуўся да прысутных старэйшы Рыгор, — але абсалютна кожнага завочна. Мне бацька многа расказваў пра вас, і я ўпэўнены, каб ён знаходзіўся цяпер побач, то прасіў бы не сумаваць, бо заўсёды быў вясёлым і ўсмешлівым, жартаўлівым.

Дзмітрый Пятровіч па першай прафесіі музыка, склаў мелодыі да вершаў многіх паэтаў. Прыйшлі ўшанаваць памяць пра яго калегі-кампазітары. Даволі доўга Дзмітрый, маючы бліскучыя філалагічныя здольнасці і вучоную ступень, працаваў стылістычным рэдактарам газеты «Звязда», а апошнія гады рэдагаваў мастацкія кнігі ў адным з буйнейшых дзяржаўных выдавецтваў «Мастацкая літаратура». Калегі-рэдактары яго паважалі і шанавалі, а цяпер далікатна захоўваюць памяць. Вось што піша ў дзённікавых запісах галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп: «З Дзмітрыем Пятровічам мы землякі. Ад яго Заслаўя да маіх Пугачоў кіламетраў 30—35. У маладзечанскім накірунку ў Дзімы і яго маці Вольгі Міхайлаўны было лецішча. Пасля выхадных, прыходзячы на працу, Дзіма нярэдка казаў: «З тваіх Пугачоў зноў не прапусцілі хмары, і нам давялося самім паліваць агарод. Будзеш у вёсцы, папрасі там, каб хоць зрэдку прапускалі да нас дождж». Дзіма быў кампанейскім, разумеў жарты і сам жартаваў. На працягу гадоў пяці ў час працоўных перапынкаў мы з ім іншы раз прыдумлялі працяг бясконцай жартаўлівай гісторыі пра падводную лодку, якая каля Траецкага прадмесця стаіць на дне Свіслачы. Я на той лодцы быў адміралам падводнага флоту і там часта начаваў, ходзячы на працу ў выдавецтва. Пятровіч служыў боцманам. Прыдумлялі і смяяліся, часам да слёз. Нас слухала Наталля Філіповіч, якая сядзела ў адным кабінеце з Пятровічам. І яна аж заходзілася ад смеху. Шкада, што не запісвалі. Атрымаўся б немалы прыгодніцка-фантастычны твор».

— І хоць дактары казалі, што выжыць у Дзімы вельмі нізкі шанс, усё ж думалася, што ён пераможа каронавірус. Не перамог. Цяпер я, відаць, апошні, з кім Дзіма размаўляў па тэлефоне. А дзявятай вечара ён пазваніў з рэанімацыі, дыханне было цяжкім, нібыта толькі што прабег некалькі кіламетраў. Я спытаўся, колькі ў яго кіслароду ў крыві. «66 працэнтаў», — пачуў у адказ і сказаў яму, каб ён трымаўся, бо трэба яшчэ шмат чаго добрага зрабіць. Дзіма абяцаў паправіцца… Едучы на працу, пачуў радкі: «Ты чакаў свайго першага снегу, без якога не будзе вясны». І адразу зразумеў, што гэта пра Дзіму. Ён не дачакаўся сёлета першага снегу. І не споўнілася яму вясной 50 гадоў, — смуткуе Віктар Шніп.

На вечарыне памяці старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Пазнякоў ушанаваў Дзмітрыя Пятровіча пасмяротна адной з найвышэйшых пісьменніцкіх узнагарод — медалём Максіма Багдановіча. Сыны захаваюць яе на доўгую і добрую памяць. Была нагода, а таксама прапанова ўручыць медаль раней, але Дзмітрый прасіў дачакацца юбілею, тады будзе акурат дарэчы. Не дачакаліся. З цеплынёй успамінаем і любім паэта, а кнігі ягоныя, якіх паспеў выдаць восем, стануць найлепшым помнікам на зямлі і расчыняць вароты да светлага раю.

Не магу заручыцца пра дакладнасць, але некалі прачытала: калі Бог забірае да сябе такіх маладых, значыць, яны ўжо заслужылі права на жыццё вечнае. Чым даўжэй жыве чалавек, тым больш яму даецца магчымасцей трапіць у рай. Сапраўды, Пятровіч чулым сэрцам і вялікай працавітасцю, нястомным аптымізмам даказаў свой светлы пачатак, а таму дарога да неба мусіць быць адпаведная.

basikirskaya@sb.by

Фота Міколы ШАБОВІЧА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter