Загадчыца фермы Святлана Гаўрыленка і яе лёс

Жывi як можаш, калi нельга як хочацца

Не заўсёды толькі кветкамі высланы лёс асіповіцкага жывёлавода Святланы Гаўрыленкі
СЯРОД працаўнікоў ферм Асіповіцкага раёна, якія пераўзышлі пяцітысячны рубеж па надоях малака, і калектыў малочна-таварнага комплексу “Вяззе” ААТ “Авангард”, дзе летась сярэдні надой ад каровы склаў 5026 кілаграмаў. З дня адкрыцця комплексу, дзесяць гадоў таму, узначальвае яго выпускніца Жыліцкага саўгаса-тэхнікума Святлана ГАЎРЫЛЕНКА.


За высокія вытворчыя дасягненні Святлана Мікалаеўна ўзнагароджвалася Падзякай Прэзідэнта, ганаровымі граматамі Магілёўскага аблвыканкама і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

ВЕЛIКАНАМI сярод неспакойнага трыснягу і купак вербалозу ўзвышаюцца на ўзбярэжжы паўнаводнай Прыпяці каржакаватыя дубы. На пачатку мінулага стагоддзя пасадзілі іх браты Антон і Мікалай па вясковай мянушцы Купцы, якую атрымалі ад землякоў лунінецкай вёскі Сітніца за ўменне гандляваць. Аб’ядналі браты капітал і набылі надзел зямлі паміж палескімі рэкамі Лань і Прыпяць. Высадзілі там два дзясяткі маладзенькіх дубкоў, якія палешукі назвалі Купцовымі дубамі. 

Восенню 1939 года пасля вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй заможныя браты, каб уратавацца як кулацкі клас ад сібірскіх лагераў, раздалі сваю ўласнасць беднякам. Дубрава перайшла калектыўнай гаспадарцы. Антонаў сын Мікалай Каўбовіч стаў калгасным трактарыстам. Прывёў у бацькоўскую хату з жыткавіцкай вёскі Ленін нявесту Кацярыну, якая стала даіць калгасных кароў, а Мікалай на трактары палі апрацоўваў, травы касіў. Маладажоны купілі невялічкую хатку, а як пайшлі дзеці, калгас ім выдзеліў прасторны новы катэдж. Трох дачок і столькі ж сыноў выхавалі Каўбовічы. Старэйшая дачка Святлана ў пятнаццаць гадоў пакінула бацькоўскі парог. Вучылася ў Лунінецкім прафтэхвучылішчы на агародніка, а потым разам з сяброўкамі паступіла на агранамічнае аддзяленне Жыліцкага саўгаса-тэхнікума. Планавала спецыялістам вярнуцца ў родны калгас, на землях якога цяпер здабываюць граніт. Багатае радовішча ўшчыльную падступае да Купцовых дубоў. 

— І за былой дзедавай лугавінай каля Прыпяці засталася назва Купцовая, — адзначае Святлана Гаўрыленка. — Чвэрць стагоддзя жыву на Магілёўшчыне. Нячаста даводзіцца бываць у родных мясцінах, але, калі наведваюся да аўдавелай маці ў вёску Сітніца, як магнітам цягне пахадзіць каля дзедавых дубоў, паслухаць ціхі шэпт лістоты. Яшчэ маленькім дочкам, Хрысціне і Кацярыне, расказвала пра палескія карані, пра сваю вялікую сялянскую сям’ю, дзе выхоўвалі шанаваць сваю гісторыю. Памятаю, як з мамай наведвалі яе сваякоў у жыткавіцкай вёсцы Ленін. 

Запомніўся расповед бабулі, як у Вялікую Айчынную вайну за сувязь мясцовых жыхароў з партызанамі лютавалі нямецка-фашысцкія акупанты. На вачах у анямелых вяскоўцаў расстралялі камсамольскіх актывістаў і прымусілі іх бацькоў  праз усю вёску цягнуць летам па пяску на санках целы забітых да могілак. А яўрэйскае насельніцтва Леніна гітлераўцы гналі па мастку праз раку Случ для расстрэлу. Пасля вызвалення мясцовасці ад ворагаў сяляне помнікам увекавечылі памяць загінуўшых аднавяскоўцаў. 

Мы з Сяргеем і дзецьмі не аднойчы заязджалі на радзіму маці ў вёску Ленін, адкуль мае карані. 

Пасля службы ў арміі Сяргей Гаўрыленка працаваў токарам на Асіповіцкім аўтаагрэгатным заводзе і кожныя выхадныя прыязджаў дамоў у кіраўскую вёску Леўкавічы, што ў двух кіламетрах ад Жыліч. З сябрамі прыходзіў у саўгас-тэхнікум на танцы, дзе мы і пазнаёміліся. На кожнае спатканне Сяргей прыносіў кветкі. Гулялі па цяністых алеях прыгожага парку, багатага на экзатычныя расліны і дрэвы. Вучэбныя аўдыторыі размяшчаліся ў былым палацы шляхціца Ігнація Булгака, які атрымаў назву “Жыліцкі Версаль”. Тэарэтычныя веды па садаводстве і гародніцтве, якое мудра выкладала Надзея Герасімовіч, замацоўвалі ў вядомым калгасе “Рассвет” імя Кірыла Арлоўскага. Палолі пасевы, убіралі ўраджай. Па 12 рублёў налічвалі штодзённа, што было добрай падтрымкай да 39 рублёў маёй павышанай стыпендыі. Магла сабе дазволіць і абноўку прыдбаць. Амаль год мы сустракаліся з Сяргеем. Ён пазнаёміў мяне з бацькамі, якія працавалі ў кіраўскім калгасе. На апошнім курсе восенню зладзілі вяселле. Амаль дзвесце гасцей сабралася ў прасторнай сталоўцы Жыліцкай сярэдняй школы. Сяргей працаваў, а я заканчвала вучобу ў саўгасе-тэхнікуме. Ад Асіповіцкага завода аўтаагрэгатаў нам выдзелілі пакой у рабочым інтэрнаце. Дачушка нарадзілася, а потым і другая. Сяргею прапанавалі працу токара ў рамонтных майстэрнях калгаса “Авангард”. Старшыня Віктар  Міхадзюк высока цаніў прафесійныя здольнасці Сяргея. Атрымалі трохпакаёвую кватэру ў двухпавярховым доме. Як падраслі дачушкі, мяне папрасілі замяніць на час адпачынку загадчыка жывёлагадоўчай фермы “Вяззе” Уладзіміра Цяслёнка. Так склалася, што засталася кіраваць калектывам.

— Вы ж вучыліся на агранома!

— У тэхнікуме таксама выкладалі асновы жывёлагадоўлі і экзамен здавалі. Абнавіла тэарэтычныя веды, а практычную частку асвойвала сама. На пачатку бывала, што плакала і па начах сядзела, разбіралася што да чаго. Характар кожнага ў калектыве вывучыла, і людзі да мяне прыцёрліся. У кожнага ён свой, і важна знайсці падыход да чалавека. Раней было з каго выбіраць на працу, а цяпер, хто прыйдзе, з тым і вымушаны працаваць. У нас няма чаргі ў жывёлаводы. Гаспадарка побач з Асіповічамі, і многія вяскоўцы працуюць у горадзе. З аматарамі зазірнуць у бутэльку сурова размаўляем. Па-рознаму выхоўваем такіх. Не аднойчы даводзілася і самой даіць кароў. Зараз калектыў стабілізаваўся. Летась атрымалі ад каровы па 5026 кілаграмаў малака. 

— Вялікі дойны статак у вас?

— Дзесяць гадоў таму ўступіў у эксплуатацыю новы жывёлагадоўчы комплекс амаль на тысячу галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 386 — дойныя каровы. Загадваю не толькі гэтым комплексам, а і старой малочна-таварнай фермай на 400 галоў жывёлы, палова з якіх — дойныя каровы. Нагрузка вялікая. Бываюць моманты, калі зніжаюцца надоі. З галоўным заатэхнікам Ірынай Карлоўскай аналізуем сітуацыю і шукаем выйсце. Раімся з дырэктарам Сяргеем Сідорэнкам, як аператыўна выправіць становішча. 

На нашых фермах больш як тры з паловай тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Паўгода таму далучылі суседнюю слабую гаспадарку “Карытнае”. Нялёгка наладзіць там справы. Цікаўлюся вытворчымі паказчыкамі на малочна-таварным комплексе “Лучыца”, якім кіруе Юрый Хамянок, на малочна-таварнай ферме “Зборск”, дзе загадчыцай Алена Таляцёнак. 

—  Ведаю, што ранішняя дойка на малочна-таварным комплексе “Вяззе” пачынаецца ў пяць гадзін. Усе працэсы даення аўтаматызаваныя. Абавязкова ваша прысутнасць у такі ранні час на працы?

— Звычайна прыходжу на комплекс раней за ўсіх. Спаць доўга не атрымліваецца. А перад гэтым яшчэ паспяваю падаіць свае дзве каровы, накарміць, дагледзець свіней, курэй, качак. Раней разам з мужам хуценька ўпраўляліся. Так здарылася, што ён захварэў. Па дактарах ездзілі амаль два гады. Сама ўпраўлялася па хатняй гаспадарцы. Па неасцярожнасці параніла палец, на якім быў шлюбны пярсцёнак. Палец так распух, што нельга было яго зняць. Муж шчыпцамі раскусіў яго. Зірнуў на мяне і сказаў, каб не перажывала, калі што з ім здарыцца. Прадчуваў свой стан. Праз дзень яго не стала. Засталася адна з дзвюма дочкамі. Узгадалася мудрае выказванне: жыві як можаш, калі нельга як хочацца. 

Пасля смерці Сяргея не здала кароў Мілку і Малышку. Ночы недасыпала, а ўпраўлялася. Добра, што дровы не трэба нарыхтоўваць. У нас цэнтралізаванае газавае ацяпленне. Малако здаю ў гаспадарку, што дапаўняе сямейны бюджэт. Ёсць магчымасць дочкам дапамагаць. За малако гаспадарка выдае сена. 

Праз час да мяне пасватаўся Васіль Гаўрыленя, які слесарам на жывёлагадоўчым комплексе працуе. Не склалася ў яго сямейнае жыццё. Удваіх нам лягчэй стала. Разам і агарод апрацоўваем. Спраўляецца ён і на малочна-таварным комплексе. Неаднаразова наш калектыў выходзіў пераможцам раённага спаборніцтва жывёлаводаў. У гэтым ёсць і заслуга Васіля Мікалаевіча. У яго таксама двое дзяцей. Расказвае пра іх. Маці яго добра да мяне аднеслася. 

— А як свякроў і свёкар успрынялі такі ваш крок?

— Па-хрысціянску блаславілі. Па-ранейшаму мы ў цудоўных адносінах. Яны пенсіянеры і жывуць з двума дзецьмі-інвалідамі ў аграгарадку Мышкавічы Кіраўскага раёна. Мае дочкі любяць бабулю і дзядулю. Часта наведваемся да іх, дапамагаем. Васіль штосьці адрамантуе, наладзіць. Канешне, свякрові Кацярыне Іванаўне і свёкру Мікалаю Дзмітрыевічу баліць, што няма сына. Васілю Мікалаевічу яны ўдзячныя за цяпло душы і ўвагу да іх. І дочкі сябруюць з ім. 

— Святлана Мікалаеўна, вы працуеце амаль без выхадных. Як выкройваеце час на адпачынак?

— Пастаянна прывязана да сваёй гаспадаркі. Паехаць адпачыць не маем магчымасці, бо сваю жывёлу трэба даглядаць. Нават у час чарговага водпуску не вытрымліваю і выходжу на працу. 

Дочкі па-рознаму адносяцца да сялянскай працы. Старэйшая Хрысціна не надта звычная да вясковага побыту, а Кацярына як прыязджае дамоў, то кароў падоіць, свіней, птушак накорміць. Аднолькава дзяцей выхоўвалі, а характары розныя. Хрысціна любіць чытаць, захапляецца культурай, па натуры вясёлая і жыццялюбівая. Ёй лёгка давалася вучоба ў школе і ўніверсітэце. А Каця рахманая, і яна больш клапоціцца пра побыт, працалюбівая, акуратная. У яе парадак пануе ва ўсім. 

Цікава праходзяць сямейныя святы. Па-ранейшаму на дні нараджэння дачок пячэм торт, рыхтуем пачастункі. Кветкамі ўпрыгожваем святочны стол. Як і першы муж, Васіль Мікалаевіч абдорвае букетамі руж. Традыцыя захавалася. 

Дочкі выраслі. Хрысціна закончыла Беларускі дзяржаўны педуніверсітэт імя Максіма Танка, а Кацярына завяршае вучобу ў Мінскім каледжы лёгкай прамысловасці. Практыкуецца на вытворчым аб’яднанні “Палессе” ў Пінску. Спадзяюся, што іх жыццё складзецца паспяхова. 

У снах Сяргей мне і дзецям дабра жадае. Амаль чвэрць стагоддзя пражыла ў сямейнай пары. Мы з ім з першага дня адзін аднаго моцна пакахалі, і нашы пачуцці з гадамі мацаваліся. Столькі гадоў купаліся ў шчасці! І зараз у сэрцы трымаю Сяргея… Васіль гэта ведае і разумее мяне. Разам ездзім на магілку, прыбіраем яе. Удзячна Богу, што ў цяжкі момант падарыў мне яго. З Васілём мне цікава крочыць далей па жыцці. 

Асіповіцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter